5 лістапада ўстаноўлены новы тэмпературны рэкорд дня

06.11.2014 / 10:31

Як сведчыць аналіз карты рэсурсу meteoinfo.by, на метэастанцыі «Палеская» ў Брэсцкай вобласці паветра прагрэлася да 19 градусаў цяпла.

Ранейшы рэкорд складаў 16,7 градуса (5 лістапада 1996 года ў Лельчыцах, Гомельская вобласць). На самой «Палескай» ранейшы максімум быў роўны 16,1 градуса (зафіксаваны таксама 18 гадоў таму).

Другое месца заняў Пінск (Брэсцкая вобласць) — 18,5 (было 16,5 у 1996 годзе). Абнавіліся рэкорды ў двух абласных цэнтрах: Брэсце — 17,5 (16,5 у 1996 годзе) і Гродне — 15,4 (14,6 у 1960 годзе).

6 лістапада цёплае надвор'е захаваецца, таму будуць фіксавацца новыя рэкорды цяпла. Варта адзначыць, што яшчэ паўтара тыдня таму ў краіне рэгістраваліся новыя рэкорды холаду.