ЕС і «Вялікая сямёрка» назвалі ўмовы адмены санкцый супраць Расіі

25.09.2014 / 22:41

Краіны «Вялікай сямёркі» і Еўрасаюз могуць адмяніць санкцыі, калі Расія будзе выконваць дамоўленасці, заключаныя ў Мінску 5 верасня.

Пра гэта паведамляецца ў сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС «Вялікай сямёркі» і кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі.

«Санкцыі самі па сабе не самамэта, яны могуць быць знятыя толькі ў тым выпадку, калі Расія выканае свае абавязацельствы па спыненні агню, дасягнутыя дамоўленасці ў Мінску, а таксама будзе паважаць суверэнітэт Украіны», — адзначаецца ў заяве.

Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца, што Еўрасаюз і «Вялікая сямёрка» могуць увесці новыя санкцыі, калі Расія не будзе ў поўнай меры выконваць палажэнні пагаднення аб спыненні агню на ўсходзе Украіны.

Напярэдадні, 24 верасня, пра гатоўнасць зняць санкцыі з Расіі таксама заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён адзначыў, што гэта адбудзецца, калі Масква зменіць свой курс у адносінах да Украіны.