«Глядзім, дзе хочам»: у Мінску прайшла акцыя салідарнасці з арыштаванымі за кінапрагляд у пераходзе ФОТА

24.09.2014 / 13:37

У падземным пераходзе на скрыжаванні вуліц Танка і Кальварыйскай, дзе былі затрыманыя ўдзельнікі кінапрагляда, з'явіліся графіці. Пра гэта паведамляе сайт posidelki.in. «Гэта наша акцыя салідарнасці і падтрымкі арыштаваных актывістаў, якія прапанавалі альтэрнатыву моладзі. А таксама гэта акцыя пратэсту супраць самаўпраўства ўладаў і здушэння любой пазітыўнай ініцыятывы ў Беларусі», - гаворыцца ў лісце, які рэдакцыя сайта атрымала ад стваральнікаў графіці.

Нагадаем, 19 верасня былі затрыманыя каля 30 чалавек, якія прыйшлі ў пераход каля журфаку БДУ паглядзець фільм. У міліцыі ва ўсіх перапісалі пашпартныя звесткі, а арганізатараў, Настассю Доль і Змітра Латушкіна, асудзілі на 6 і 5 сутак арышту адпаведна.