Беларусы змогуць ездзіць у Ізраіль без віз ужо ў канцы снежня

15.09.2014 / 19:12

Беларусы змогуць ездзіць у Ізраіль без віз ужо ў канцы снежня 2014 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.

Дыпламат падкрэсліў, што 19 верасня чакаецца падпісанне ў Мінску дакумента аб беларуска-ізраільскім бязвізавым рэжыме. З беларускага боку яго падпіша міністр замежных спраў Уладзімір Макей, з ізраільскага — міністр абсорбцыі і сустаршыня беларуска-ізраільскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Софа Ландвер. Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем уступіць у сілу праз 90 дзён з дня падпісання дакумента. 

«Мяркую, што адмена візавага рэжыму прыпадзе недзе на 19 снежня, плюс-мінус адзін-два дні. Гэта значыць на Каляды беларусы змогуць паехаць на Зямлю запаветную без віз», — сказаў Іосіф Шагал. 

Пагадненне прадугледжвае, што беларусы змогуць свабодна ўязджаць у Ізраіль, а ізраільцяне — у Беларусь і знаходзіцца ў іншай краіне 180 дзён у год.

Пры гэтым пасол удакладніў, што новаўвядзенні датычацца толькі ўладальнікаў грамадзянскіх пашпартоў, але не дыпламатычных і службовых.