Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы рэкамендуе літоўцам, якія адмовіліся служыць у савецкай арміі, не ездзіць у Беларусь і Расію

08.09.2014 / 17:01

Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы настойліва рэкамендуе грамадзянам Літвы, якія ў 1990—1991 гадах па закліку літоўскіх улад адмовіліся служыць у савецкай арміі, не наведваць Расію, Беларусь і іншыя дзяржавы, якія не з'яўляюцца членамі Еўрасаюза (ЕС) ці НАТА. 

Як паведамляе партал ru.delfi.lt, гэты заклік ДДБ звязаны са спробай праваахоўных органаў Расіі аднавіць крымінальны пераслед тых, хто па закліку ўлад Літвы пасля 11 сакавіка 1990 года пакінуў савецкую армію ці адмовіўся ў ёй служыць. 

«У цяперашняй міжнароднай сітуацыі падчас паездак у згаданыя дзяржавы можа з'явіцца пагроза для асабістай бяспекі гэтых грамадзян», — заявілі ў ДДБ. 

Крымінальны пераслед з боку Расіі пагражае прынамсі тром грамадзянам Літвы, якія па закліку ўлад Літвы пасля 11 сакавіка 1990 года пакінулі савецкую армію ці адмовіліся ў ёй служыць. Генпракуратура Літвы ўжо атрымала просьбу аб прававой дапамозе ў справе аднаго з такіх грамадзян. 

Паводле даных Мінабароны Літвы, пасля 11 сакавіка 1990 года ад прымусовай службы ў савецкай арміі адмовіліся 1.562 маладыя чалавекі. З іх 67 былі сілай дастаўлены ў воінскія часці Узброеных сіл: 21 маладога чалавека ў ноч на 27 сакавіка 1990 года вывезлі ў Магаданскую вобласць, яшчэ 46 чалавек былі «вылаўлены» паасобку і вывезены ў іншыя падраздзяленні савецкай арміі. 20 маладых людзей атрымалі турэмныя тэрміны, у дачыненні да трох былі распачаты крымінальныя справы, а трое маладых людзей загінулі. 

1.465 маладых людзей былі вымушаны хавацца, змяняць месца жыхарства, пакінуць сем'і, каб пазбегнуць гвалтоўнай службы і рэпрэсій з боку савецкай арміі ці савецкіх улад. 

11 сакавіка 1990 года рашэннем Вярхоўнага савета Літвы была адноўлена незалежнасць краіны, а Вільнюс абвешчаны сталіцай рэспублікі. Да гэтага Літва ўваходзіла ў склад СССР.