Спрытнасць рук і … касіры двух банкаў у Мінску сталі ахвярамі валютнага злодзея ВІДЭА

25.07.2014 / 13:38

Адразу два беларускія банкі пацярпелі ад дзеянняў хітрага злодзея, які «разводзіў» касіраў падчас абмену валюты.

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, у Савецкае РУУС сталіцы звярнуліся прадстаўнікі двух банкаў, філіялы якіх размешчаныя на тэрыторыі раёна. Сутнасць заяў зводзілася да таго, што ў ходзе валютна-абменных аперацый пакуль невядомы мужчына (яго шукае міліцыя) шляхам падману касіраў завалодаў грашовымі сродкамі ў памеры 6.400.000 і 5.800.000 рублёў, адпаведна.

Схему злачынства аператыўнікі Савецкага РУУС Мінска змаглі зразумець пасля вывучэння запісаў з камер відэаназірання.

Мужчына звяртаўся да касіра з просьбай абмяняць нейкую суму. Перадаўшы грошы, «кліент» клаў на стойку сваю сумачку, робячы выгляд, што размаўляе па тэлефоне. Пасля афармлення абменнай аперацыі, работнік банка перадавала мужчыну суму грошай у беларускіх рублях. Далей мужчына нібыта прыпыніўшы тэлефонную размову, браў у рукі грошы і казаў, што прасіў абмяняць валюту на расійскія рублі.

У гэты момант ён адной рукой заломваў частку купюр і хаваў іх пад стойку, а астатнія вяртаў.

Касір, ня пералічваючы грошы зноўку (бо з поля зроку яны не знікалі), выдавала мужчыну грошы ўжо ў расійскіх рублях.