Нядзельная «Панарама» на БТ змяніла фармат і назву ФОТЫ

Замест «У цэнтры ўвагі» цяпер ідзе «Галоўны эфір».

02.02.2014 / 22:55

Гледачы вечаровага эфіру тэлеканала «Беларусь-1» (БТ) заўважылі змены ў праграме перадач. Замест традыцыйнага «У цэнтры ўвагі» цяпер ідзе «Галоўны эфір».

Асноўнае адрозненне — падваенне колькасці вядучых. Калі раней гледачы атрымлівалі асалоду ад багатай мімікі Дзмітрыя Бачкова, то цяпер яму склала кампанію Ксенія Кудраўцава.

Змянілася і студыя. У ёй з'явіўся вялізны экран, ля якога стаіць госць студыі.

Гэта мусіла ажывіць праграму. Напрыклад, Ксенія Кудраўцава сёння імкнулася трапіць з біятлоннай вінтоўкі ў намаляваную на экране мішэнь. Спартыўную зброю прынёс адзін з трэнераў.

А Дзмітрый Бачкоў прыцягнуў у студыю сабаку.

Фармат асвятлення навінаў застаўся ранейшы. Спачатку апісваецца тыдзень Аляксандра Лукашэнкі і ўсё, што з ім звязана, пасля чарга даходзіць і да іншых паведамленняў.

Ягор Марціновіч