«Нанёс супрацоўніку міліцыі не менш за восем удараў кулакамі па галаве»

У Баранавіцкім раёне малады мужчына збіў участковага, калі той заступіўся за ягоную жонку.

06.08.2013 / 15:36

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 3 жніўня, піша Intex-press. Участковага інспектара выклікалі на сямейны скандал у вёску Моўчадзь. Пад'язджаючы да згаданага дома, ён заўважыў маладога мужчыну, які бегаў па двары і мацюкаўся.

Міліцыянт спыніўся, выйшаў з машыны і пачаў размаўляць з дэбашырам, спрабуючы яго супакоіць. Здавалася, яму гэта ўдалося. Аднак тут ад суседкі выйшла жонка вяскоўца, і ён тут жа кінуўся да яе з кулакамі.

Участковы ўстаў на абарону жанчыны, і тады раз'юшаны муж стаў збіваць міліцыянта.

«Ён нанёс супрацоўніку міліцыі не менш за восем удараў кулакамі па галаве, а потым уцёк. Яго месцазнаходжанне пакуль не ўстаноўлена, але гэта ўсяго толькі справа часу», — паведамілі ў Баранавіцкім міжраённым аддзеле Следчага камітэта.

На жыхара Моўчадзі 5 жніўня завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку міліцыі. Яму можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.