Варламаву дадуць зрабіць медабследаванне

21.02.2013 / 14:15

У судзе над мадэльерам Аляксандрам Варламавым плануецца 22 лютага аб’явіць перапынак, бо падсуднаму неабходна прайсці магнітна-рэзанансную тамаграфію (МРТ).
Перапынак з такой жа мэтай аб’яўляўся 15 лютага, аднак прайсці гэта даследаванне Варламаву не ўдалося.

Абвінавачаны ў карупцыйных злачынствах мадэльер яшчэ на першым судовым пасяджэнні 4 лютага звярнуўся да суда з просьбай прайсці па наяўных паказаннях МРТ, аднак на той момант неабходныя дакументы з СІЗА яшчэ не паступілі.

Працэс па справе Варламава, якую суд Ленінскага раёна Мінска разглядае ў Доме правасуддзя, знаходзіцца на стадыі допыту пацярпелых — мадэляў і іх бацькоў, дызайнераў і г.д.: тых, хто вучыўся ў вядомага мадэльера, выязджаў разам з ім на паказы за мяжу.
Большасць з іх не лічаць сябе пацярпелымі і адмаўляюцца ад фінансавых прэтэнзій да Варламава, некаторыя гавораць, што паказанні следству давалі пад націскам.

У якасці пацярпелых па справе праходзяць больш як 350 чалавек, сведак — больш як 800.