Хацелі праверыць, ці даляціць куля: жыхары Баранавічаў стралялі па аўтобусе

15.02.2013 / 17:24

У дачыненні да двух жыхароў Баранавіч 14 лютага распачата справа паводле ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса.
Як паведаміў намеснік начальніка першага следчага аддзялення Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Карніенка, 20-гадовы і 30-гадовы непрацуючыя мужчыны 4 лютага прыкладна ў 22.30 на вуліцы Фабрычнай у Баранавічах зрабілі не менш як тры выстралы з пнеўматычнага пісталета ў напрамку аўтобуснага прыпынку.
У выніку было пашкоджана бакавое шкло двух гарадскіх рэйсавых аўтобусаў «МАЗ-105» і «МАЗ-107», у якіх знаходзіліся пасажыры. Людзі транспартных сродкаў не пацярпелі.

Правапарушальнікі былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі, пнеўматычны пісталет выняты. Устаноўлена, што маладыя людзі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Паводле слоў мужчын, яны хацелі праверыць, як далёка даляціць куля.
Адзін з іх паведаміў, што купіў пісталет у 2012 годзе ў Маскве.

Нанесены ўрон аўтобуснаму парку склаў прыкладна 840 тыс. рублёў.

Паводле матэрыялаў праверкі Баранавіцкім міжраённым аддзелам СК распачата крымінальная справа. З падазроных узята падпіска аб нявыездзе.