Міністэрства замежных спраў Літвы мае намер абскардзіць рашэнне Віленскага акруговага адміністрацыйнага суда, які 27 жніўня задаволіў скаргу беларускага бізнесмена Уладзіміра Пефціева на рашэнні МЗС і Службы расследаванняў фінансавых злачынстваў Літвы аб замарожванні яго асабістых рахункаў. Пра гэта паведаміла кіраўнік дэпартамента па сувязях з грамадскасцю Гіна Казлаўскене.

«27 жніўня Віленскі акруговы адміністрацыйны суд задаволіў скаргу істцоў — грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Пефціева і звязаных з ім беларускіх прадпрыемстваў „Белтэхэкспарт“, „Спорт-пары“ і АУП „БТ Тэлекамунікацыі“ супраць Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Суду было абскарджана рашэнне МЗС не рабіць выключэнняў у пытанні прымянення санкцый Еўрапейскага саюза, паколькі яны былі ўнесены ў спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, а іх маёмасць замарожана», — зазначыла яна.

Паводле слоў Казлаўскене, пасля азнаямлення з рашэннем суда МЗС Літвы прыняў рашэнне падаць апеляцыю, таму што «лічыць выкладзеныя судом аргументы неабгрунтаванымі і несправядлівымі».
Як зазначыла прадстаўнік МЗС, суд не ацаніў шэраг важных акалічнасцей, у тым ліку не былі ўзятыя пад увагу аргументы, што «выключэнні адносна санкцый не могуць прымяняцца аўтаматычна».

«З улікам таго, што судовы працэс працягваецца, мы ўстрымліваемся ад далейшых каментарыяў па гэтым пытанні», — заявіла Казлаўскене.

Як паведамляе партал delfi.lt, у паведамленні для прэсы Віленскага акруговага адміністрацыйнага суда зазначаецца: «Прынятыя МЗС рашэнні не падмацаваныя фактычнымі акалічнасцямі, не матываваныя, не ўказаны парадак іх абскарджання, таму яны не могуць быць прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі».

Як растлумачыў літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, гаворка ідзе аб разблакіроўцы сродкаў, выдзеленых літоўскай адвакацкай канторы Lawin у якасці аплаты адвакатаў Пефціева.
Гэта юрыдычная кампанія ўяўляе інтарэсы Пефціева ў чатырох ісках, пададзеных ім супраць Савета ЕС летась. У іх Пефціеў патрабуе адмяніць санкцыі, уведзеныя супраць яго і яго кампаній.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?