Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі ў Беларусі да новага навучальнага года павінна быць завершана да 20 жніўня. Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Згодна з дакументам, для своечасовай і якаснай падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года Міністэрству адукацыі, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана да 20 жніўня завяршыць правядзенне ўсіх работ па падрыхтоўцы дашкольных устаноў, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі да новага навучальнага года з атрыманнем імі ўстаноўленых пашпартоў гатоўнасці.

Да пачатку навучальнага года павінны быць прыведзены ў парадак у адпаведнасці з прадпісаннямі органаў дзяржсаннагляду гандлёвыя аб’екты грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі. Іх неабходна ўкамплектаваць сталовай мэбляй і посудам, правесці нарыхтоўку і закладку на захоўванне плодаагародніннай прадукцыі.

Ва ўстановах адукацыі павінны быць гарантаваныя бяспечныя ўмовы навучання і выхавання згодна з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі.

Усім органам дзяржаўнага кіравання і падпарадкаваным ім арганізацыям даручана аказаць дапамогу падшэфным установам адукацыі ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

Персанальная адказнасць за падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ўскладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі, органаў кіравання адукацыяй усіх узроўняў.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў будзе арганізаваны тыдзень бяспекі руху, праведзена актыўная растлумачальная работа па выкананню Правіл дарожнага руху, прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

Міністэрству гандлю і Беларускаму рэспубліканскаму саюзу спажывецкіх таварыстваў даручана арганізаваць продаж школьнага адзення і канцылярска-пісьмовых прылад, забяспечыўшы наяўнасць шырокага асартыменту такіх вырабаў у час правядзення школьных базараў і гандлёвых кірмашоў па іх продажы і ўстанавіўшы на гэтыя групы тавараў мінімальна магчымыя гандлёвыя надбаўкі.

Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам павінны звярнуць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку да школы дзяцей-сірот, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах (дзіцячых дамах, дзіцячых гарадках (вёсках), аказаць дапамогу ў набыцці для гэтай катэгорыі дзяцей адзення, абутку, а таксама ўдзяліць пільную ўвагу набыццю школьнага адзення, канцылярска-пісьмовых прылад шматдзетнымі і малазабяспечанымі сем’ямі, прыняць неабходныя рашэнні па гэтым пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?