Кіраўнік рэкламнай фірмы Studio Total і арганізатар «плюшавага дэсанту» Пэр Кромвэл напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку.

Перадусім Пэр Кромвэл рэагуе на арышт КДБ Антона Сурапіна за публікацыю здымкаў плюшавых мядзведзікаў, якіх Studio Total скінула на Беларусь. У сувязі з гэтым кіраўнік Studio Total падкрэслівае наступнае: «Мы ніколі загадзя не паведамлялі ні Антону Сурапіну, ні якому іншаму грамадзяніну Беларусі пра тое, што мы плануем зрабіць. Мы занадта іх любім, паважаем і захапляемся імі, каб выставіць іх такой рызыцы.

Мы лёгка знайшлі ўсё, што нам трэба было ведаць пра беларускую паветраную абарону, у інтэрнэце (у Вікіпедыі), і апісанне паўсюль было аднолькавае: нефункцыянальны механізм, які найлепш прыдаецца для парадаў і запалохвання цывільнага насельніцтва».

Швед цытуе былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага: «Рэжым прыкладае ўсю сваю энергію на тое, каб зрабіць выгляд, што пацыент здаровы, не робячы нічога, каб яго лячыць».

Кромвэл называе Аляксандра Лукашэнку «ўзброеным клоўнам». Аўтар ліста заклікае: «Вазьміце сябе ў рукі, пакуль ня позна. Выкарыстайце частку фінансавых рэсурсаў, якія вы траціце на КДБ і вайсковыя парады, на тое, каб дапамагчы краіне выбрацца з фінансавага крызісу».

Кромвэл палымяна выступае ў абарону затрыманых па падазрэнні ў дапамозе шведам у перасячэнні мяжы, ён заклікае «не мучыць невінаватых людзей, што апынуліся паблізу». Ён таксама заяўляе пра гатоўнасць яшчэ раз праляцець над Беларуссю, магчыма, у часе чэмпіянату свету па хакеі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?