Прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс у чацвер сказаў, што Літву здзіўляюць нядаўнія заявы Беларусі наконт затрыманых выведнікаў, якія нібыта шпіёнілі для Літвы. Такія крокі Мінска прэм’ер назваў прапагандысцкімі атакамі.

«Гэтыя прапагандысцкія атакі нас крыху здзіўляюць, але мы не збіраемся рэагаваць на іх такімі ж метадамі», — сказаў у інтэрв’ю радыёстанцыі Žinių radijаs Кубілюс.

Нагадаем, КДБ Беларусі заявіў, што затрыманы беларускімі спецслужбамі «літоўскі шпіён» з’яўляецца былым ваеннаслужачым Беларусі, які пражываў з сям’ёй у прыгарадзе Вільні.

МЗС Літвы назваў гэта інсінуацыяй спецслужбаў суседняй краіны, якая не садзейнічае паляпшэнню двухбаковых адносін паміж Літвой і Беларуссю.
У Мінабароны Літвы адзначылі, што не каментуюць выведвальнай і контрвыведніцкай аперацыі.

Гаворачы аб адносінах паміж ЕС і Беларуссю, прэм’ер сцвярджаў, што ЕС неабходная эфектыўная палітыка ў адносінах да ўсіх усходніх суседзяў.

«Мы ажыццяўляем агульную палітыку ЕС, узгодненую палітыку ў дачыненні да Беларусі.
Еўропа імкнецца дапамагчы Беларусі стаць дэмакратычнай краінай, якая паважае правы чалавека, а як гэтага дасягнуць — гэта пытанні тактыкі, па якіх мы вядзем актыўныя дыскусіі», — сказаў прэм’ер.

«Мы хацелі б бачыць адзіную палітыку ЕС, і не толькі ў дачыненні да Беларусі, але і ў дачыненні да ўсяго рэгіёну ўсходняга суседства.

Я лічу, што ключ да вырашэння праблемаў Беларусі, да таго, як дапамагчы ёй стаць больш дэмакратычнай краінай, варта шукаць у адносінах не толькі з самой Беларуссю, але і з больш шырокім рэгіёнам», — сказаў Кубілюс.

«Калі ЕС атрымаецца ажыццявіць эфектыўную, энергічную, дынамічную палітыку, што мае ясную стратэгічную цікавасць, у дачыненні да ўсяго рэгіёну Усходняга суседства, дапамагаючы такім краінам, як Малдова, Украіна, Закаўказзе інтэгравацца з ЕС нашмат хутчэй і эфектыўней, на гэтым шляху з’явіцца нашмат больш магчымасцяў дапамагчы Беларусі», — сказаў прэм’ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?