Рэканструкцыя бою Вайны 1812 года з удзелам беларускіх і расійскіх гістарычных клубаў пройдзе ў Гродне 21 ліпеня да 200-годдзя вайны, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Гродзенскага гарвыканкама.

У гэты дзень Гродна перанясецца ў далёкі 1812 год. У абласным цэнтры пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне вайны. Так, на старых могілках па вул. Антонава адбудзецца цырымонія ўскладання кветак да помніка герою вайны 1812 года, камандзіру Польскага коннага палка Сяргею Ланскому. На цэнтральных вуліцах горада (Савецкай і Замкавай) можна будзе сустрэць уланаў, драгунаў, гусараў і конных егераў. Ва ўнутраным дворыку Новага замка ў другой палавіне дня разгорнецца 4-гадзінны тэатралізаваны паказ — ілюстрацыя старонак гісторыі ваеннага перыяду. Яго прадоўжыць канцэртная праграма з удзелам ансамблей народнай і класічнай музыкі, выканаўцаў рамансаў.

Гродзенцы і госці горада змогуць сфатаграфавацца з удзельнікамі рэканструкцыі баёў, наведаць мастацкія і фотавыстаўкі, прысвечаныя напалеонаўскаму перыяду.

Вечарам на пляцоўцы каля Кургана Славы адбудзецца галоўнае мерапрыемства — гістарычная рэканструкцыя адной з вядомых бітваў Вайны 1812 года.
Як паведаміў каардынатар праекта «Жывая гісторыя» па Гродзенскай вобласці Сяргей Іваноў, у ёй прымуць удзел больш як 100 прадстаўнікоў буйнейшых беларускіх і расійскіх гістарычных клубаў.

Арганізатарам мерапрыемстваў выступаюць Гродзенскія аблвыканкам і гарвыканкам, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я.Купалы і ўдзельнікі праекта «Жывая гісторыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?