Еўрасаюз разглядае пытанне аб дабаўленні новых імён у спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. Пра гэта БелаПАН паведаміла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, каментуючы ініцыятыву «Офіса за дэмакратычную Беларусь» (Брусель) перагледзець гэты спіс.

«Мяч на баку беларускіх улад. Яны павінны вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, і тады ЕС зможа рэагаваць адпаведна», — падкрэсліла Качыянчыч.

Нагадаем, у сённяшняй заяве «Офіса за дэмакратычную Беларусь» сказана: «Паколькі відавочна, што Еўрапейскі саюз не стане звяртацца да рэальных эканамічных санкцый для аказання націску на беларускія ўлады, шэраг беларускіх арганізацый і палітыкаў прытрымліваюцца меркавання, што перагляд гэтак званага чорнага спіса на ўезд у ЕС дазволіць паскорыць працэс вызвалення палітзняволеных у Беларусі».

Як вынікае з каментарыяў кіраўніка офіса Вольгі Стужынскай, са спіса прапануецца выключыць рэктараў дзяржаўных ВНУ, што павінна спрыяць рэфармаванню сістэмы беларускай вышэйшай адукацыі. Прапануецца таксама выключыць з пераліку прозвішча бізнесмена Уладзіміра Пефціева, бо, паводле слоў Стужынскай, пад крытэрыі, на падставе якіх ён уключаны ў спіс, трапляюць практычна ўсе дзяржпрадпрыемствы і любы буйны бізнес у Беларусі, якіх таксама можна назваць спонсарамі рэжыму. Акрамя таго, адзначыў кіраўнік офіса, у спісе неўязных «ёсць людзі, якія знаходзяцца там пяць гадоў, якія памерлі ці ўжо даўно не займаюць сваіх пасад» — напрыклад былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, што апошні год працуе ў Расіі.

«Прозвішчы тых, каго можна вынесці з візавага спіса, узгоднены падчас кансультацый прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай грамадзянскай супольнасці, чые імёны не могуць быць названы без іх папярэдняй згоды», — гаворыцца ў заяве «Офіса за дэмакратычную Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?