Як паведамілі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Брэсцкага гарвыканкама, у лістападзе тры харчовыя крамы ў абласным цэнтры пачалі працаваць у адмысловым сацыяльным фармаце.

Гэта «Санта-25» СП «Санта Імпэкс Брэст» ТАА (вул. Герояў Абароны, 68), крама № 6 «Перчык» ТПУКП «Плодоовощ» (вул. Гродзенская, 6) і «Арбіта» ААТ «Брэсцкая абласная база „Бакалея“» (вул. Гогаля, 82). Сарафаннае радыё спрацавала хутка. Пра дысконтную сістэму «Пенсіянер» даведаліся тыя, для каго яна распрацоўвалася, і цяпер з 8 раніцы і да поўдня ў краме № 10 «Арбіта» вельмі шматлюдна. Менавіта ў гэты час дзейнічае вышэйназваная сістэма зніжак, якая дазваляе пенсіянерам і інвалідам I, II груп пры прад’яўленні адпаведных дакументаў набываць асобныя катэгорыі сацыяльна значных тавараў з гандлёвай надбаўкай, зменшанай на 50 працэнтаў.

Мяркуючы па першай рэакцыі пакупнікоў, ад заяўленай доўгатэрміновай акцыі чакалі сапраўднага цуду, нечага накшталт практычна бясплатнай раздачы прадуктаў. Зніжэнне цэн на 600 рублёў або на пару тысяч хтосьці палічыў мізэрным і ўспрыняў ледзь не як падстава для крыўды.

Але чакаць, што на цэнніках з’явяцца лічбы ўдвая ніжэйшыя за папярэднія, недарэчна. Не ў кампетэнцыі гандлю мяняць адпускныя цэны, а зніжкі на асобныя групы тавараў з катэгорыі сацыяльна значных з’яўляюцца за кошт памяншэння гандлёвай надбаўкі.

«Паніжэнне да 5,5% гандлёвай надбаўкі на малочную прадукцыю не пакрые выдаткі крамы на электраэнергію, скарыстаную для працы халадзільніка, у якім захоўваецца тое самае малако», — тлумачыць начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Надзея Шамава.

Тым не менш, пенсіянеры радыя.

— Гэта спачатку здалося — капейкі, не варта і ўвагі, — усміхаючыся, кажа Клара Міхайлаўна, якая жыве па суседстве з «Арбітай». — А потым мы для цікавасці з мужам пачалі запісваць — колькі і на чым зэканомілі дзякуючы новаўвядзенням, якія для пенсіянераў прапанавала крама. Хоць у нас у Беларусі капейкі не ходзяць, але менавіта на дробязі выйшла адчувальная для дваіх старых штодзённая эканомія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?