Сярэдні заробак беларусаў у кастрычніку склаў 2 млн 318 тыс. рублёў. У параўнанні з пачаткам года даходы беларусаў у даляравым эквіваленце рэзка ўпалі. Калі ў студзені, атрымліваючы зарплату за снежань 2010-га, можна было купіць 531 даляр, то кастрычніцкай зарплаты хопіць толькі на 266 даляраў. Гэта значыць, у даляравым эквіваленце мы бачым падзенне даходаў насельніцтва роўна ў два разы.

У сувязі з рэзкім падзеннем даходаў беларусы пачалі масава выязджаць для працаўладкавання за мяжу. Аднак мясцовыя ўлады ставяць разнастайныя бар’еры, каб перашкодзіць ад’езду беларускіх спецыялістаў у іншыя краіны.

Інтэрнэт-газета Naviny.by размяшчае тэкст ліста з Гродзенскага аблвыканкама, які на гэтым тыдні быў накіраваны кіраўнікам установаў аховы здароўя. У лісце аблвыканкам прапануе кіраўнікам бюджэтных арганізацый прыняць меры «ў мэтах стабілізацыі сітуацыі з адтокам кадраў».

Аблвыканкам прадпісвае «арганізаваць дзейсны кантроль і маніторынг за сітуацыяй у сферы працоўнай міграцыі з прыняццем аператыўных мер па недапушчэнні пагаршэння кадравага забяспечання падпарадкаванай арганізацыі».

Аблвыканкам прапаноўвае «забяспечыць прапрацоўку мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне кадраў» на месцах. А менавіта: «шляхам пашырэння сацыяльнага пакета, забяспечання службовым жыллём, павелічэння кампенсацыйных выплат расходаў па найме жылля». Уражвае апошняя ініцыятыва аблвыканкама —

«абмежаваць звальненне работнiкаў па дамове бакоў».

Свой ліст Гродзенскі аблвыканкам накіраваў кіраўнікам дзяржарганізацый 21 лістапада. «Звесткі аб прынятых мерах» па рэалізацыі прапановаў аблвыканкама бюджэтныя арганізацыі павінныя будуць падаць да 12 снежня.

Пасля азнаямлення з вышэйпералічанымі метадамі «стымулявання» наёмных спецыялістаў успамінаюцца часы прыгоннага права.

Ініцыятыва «абмежаваць звальненне работнiкаў па дамове бакоў» фактычна прадугледжвае адмову ў звальненні з боку наймальніка альбо нават пакаранне падначаленага за жаданне памяняць працадаўцу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?