Улады Пакістана ў чацвер знялі накладзеную за тры дні да гэтага забарону на ўжыванне словаў «Ісус» і «Хрыстос» у sms-паведамленнях
.

Гэтыя словы выключаныя са спісу забароненых па патрабаванні міністра нацыянальнай згоды, каталіка Акрама Машыха Гіля. Міністр заявіў, што забарона на ключавыя для хрысціянаў словы перашкаджала б стварэнню «міжрэлігійнай гармоніі ў краіне».

У спіс забароненых раней трапілі словы, якія, на думку пакістанскіх уладаў, абражаюць мусульман або маюць сэксуальны сэнс.

«Мы з разуменнем ставімся да імкнення ўладаў ахоўваць свядомасць маладых людзей праз стварэнне спісу абразлівых словаў. Але чаму туды трапіла імя Ісуса?» — заявіў сакратар камісіі па сацыяльных камунікацыях канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Пакістана святар Джон Шакір Надзім і выказаў радасць з нагоды знікнення імя Хрыста з гэтага спісу.

Тыдзень таму пакістанская The Nation прывяла невялікі спіс забароненых да ўжывання словаў.

Забароненымі сталі словы і выразы «д’ябал», «ідзі да д’ябла», «ідыёт», «забіць», «забойца», «гомасэксуаліст», «згвалтаванне», «сатана», «раб», «снайпер», «сутэнёр».

Забарону вырашылі ўвесці пасля скаргаў спажыўцоў на атрыманне абразлівых паведамленняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?