Праз велізарны ажыятаж сярод масквічоў, якія жадаюць пабачыць пояс Святой Багародзіцы, які часова знаходзіцца ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве, абмяркоўваецца магчымасць таго, каб абляцець расійскую сталіцу на верталёце з поясам.

«Улічваючы каласальны ажыятаж, які выклікаў у Маскве пояс Божай Маці, і той факт, што не ўсе ахвотнікі паспеюць да яго прыкласціся, не выключана, што арганізатары прымуць рашэнне абляцець горад на верталёце са святыняй», — расказаў адзін з прадстаўнікоў штаба па арганізацыі знаходжання каўчэга з поясам у Маскве, дадаўшы, што практыка хросных хадоў па паветры шырока распаўсюджаная, калі той ці іншы населены пункт аблятаюць на верталёце з абразамі.

Раней у чацвер улады Масквы ўпершыню прызналі, што шматкіламетровая чарга паломнікаў складае вялікую праблему. Галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка парэкамендаваў вернікам думках дакрануцца да пояса Багародзіцы.

Людзі стаяць у чарзе ў храм Хрыста Збаўцы па 24–26 гадзін. Перакрыцці дарог, звязаныя з паломніцтвам, ускладнілі транспартную абстаноўку ў цэнтры горада. Машынамі запоўненыя ўсе пад’езды да храма — набярэжная, вуліцы і завулкі. Сітуацыя з паркоўкай на вуліцах нават у радыусе пяці кіламетраў склалася яшчэ больш катастрафічная. Машыны — у тым ліку з нумарамі іншых рэгіёнаў Расіі і краін блізкага замежжа — запаркаваныя ў два шэрагі. Кіроўцы вялікіх пазадарожнікаў заязджаюць на вузкія тратуары па абодвух баках моста. Аўтамабілі з меншай праходнасцю паркуюць на мосце ўздоўж пешаходнай дарожкі.

Таксама з’явіліся паведамленні аб тым, што месца ў чарзе да храма можна купіць: паводле інфармацыі РЕН ТВ, за тысячу рублёў можна дабрацца да святыні ўсяго за 20–30 хвілін. Відавочцы паведамлялі, што дзяржслужбоўцы, якія пад’язджалі да храма на машынах з спецнумарамі, праходзяць да пояса без чаргі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?