Вечарам 2 красавіка у Палацы культуры Мінскага аўтазавода пры падтрымцы Польскага інстытута прайшоў канцэрт-прэзентацыя першай кнігі прозы беларускага барда і актора Віктара Шалкевіча.

Дэбютная кніга Шалкевіча атрымала назву «Requiem па непатрэбных рэчах». Гэта кніга ўспамінаў, ілюстраваная здымкамі з прыватнага архіва аўтара. Кніга складаецца з 22 невялікіх эсэ, прысвечаных непатрэбным рэчам, якія знаходзяцца побач, але развітвацца з імі шкада, таму што яны занадта шмат значаць. Гэта эсэ пра рэчы — радыёлу «Урал-57», матацыкл «Усход-2 М», гітару, падараную бацькамі, хлеў на роднай сядзібе і бацькоўскую папругу, якія сфарміравалі аўтара як асобу.

Сваё выступленне бард назваў «Урал-57». Канцэрт складаўся з кампазіцый, якія аўтар чуў у дзяцінстве і якія перадаюць атмасферу 1960-х — 1970-х гадоў. У праграму ўвайшлі як польскія, расійскія кампазіцыі таго часу, так і аўтарскія песні Шалкевіча.

Пасля канцэрта Шалкевіч адказаў на пытанні карэспандэнта БелаПАН.

З чым звязана, што у праграме прагучала шмат польскіх песень?

«Калі ў нас у сям’і з’явілася радыё „Урал-57“, — тлумачыць бард, — мы шмат слухалі першую праграму „Радыё Варшавы“. Я аднаго не разумею: калі чалавек есць адну бульбу, з яго вырасце нармальная асоба? Таму, на мой погляд, трэба слухаць рознае, але заставацца самім сабой — гэта самае галоўнае».

Шалкевіч мае намер і надалей цвёрда трымацца правіла: адзін канцэрт за год у Мінску?

«Калі ў нас і надалей будзе так весела — народ стаіць у чэргах у абменнікі і мацюкаецца, — я не ведаю, колькі атрымаецца канцэртаў, — адказвае Віктар. — З іншага боку, арганізаваць канцэрт — гэта складаная рэч: трэба ж усё рабіць самому, што аднімае вельмі многа высілкаў.

Кніжку добрую напісаць прасцей».

Чаму, на яго погляд, яго абышлі цэнзары пры складанні так званага «чорнага спісу»?

«У нас усіх — свае дарогі, і кожны выбірае, — кажа Шалкевіч. — Я — чалавек не медыйны, лічу, што нармальныя рэчы павінны даспяваць у цішыні. Не ведаю, што там робіцца з забаронамі. Забаранілі значыць забаранілі, такая іх воля. Такая ў нас краіна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?