Віцебскі актывіст КХП БНФ адбыў тыднёвы арышт паводле абвінавачання ў хуліганстве і арганізацыі несанкцыянаванага пікету, а цяпер адбывае 15-суткавы арышт за парушэнне рэжыму адбывання «умоўнага» пакарання. «На волі» паміж двума арыштамі Сяргею Каваленку ўдалося пабыць усяго 5 хвілін.

На знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачання ён адгаладаваў першыя 7 дзён і мяркуе галадаваць яшчэ 15.

Сяргей Каваленка лічыць, што яго трымаюць пад вартай незаконна, таму абвясціў галадоўку яшчэ 25 сакавіка. Напярэдадні яго затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтр Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі і скандаваў лозунгі. У Чыгуначным райсудзе сведкі-міліцыянты паказалі, што ён нецэнзурна лаяўся падчас затрымання.

1 красавіка актывіст выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання, але тут жа быў затрыманы зноў.

«Мы чакалі яго дадому. Ён усе не прыходзіў, і ўвечары мы пачалі шукаць Сяргея. Як высветлілася, каля брамы ІЧУ яго затрымалі супрацоўнікі Першамайскага РАУС паводле пастановы крымінальна-выканаўчай інспекцыі. На яго склалі новы пратаклол — за парушэнне рэжыму адбывання умаўнага пакарання, прысуджанага ў траўні мінулага году. Парушэннем было прызнана чарговае адміністратыўнае абвінавачанне», — патлумачыла жонка актывіста Алена Каваленка.

Нагадаем, што актывіст адбывае так званую «хатнюю хімію» — тры гады абмежавання волі «ўмоўна» пасля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясенні шкоды дзяржаўнай маёмасці.

Для Сяргея Каваленкі гэта ўжо не першая галадоўка пратэсту: ён абвяшчаў галадоўкі і раней, падчас арыштаў на «суткі». Але такой працяглай галадоўкі ў яго яшчэ не было: актывіст ужо адгаладаваў 8 дзен і збіраецца працягваць галадоўку да 16 красавіка — дня яго вызвалення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?