Рыгор Кастусёў у студзені 2020 года

Рыгор Кастусёў у студзені 2020 года

У лісце сваякам старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў павіншаваў жонку з 44-й гадавінай шлюбу, а таксама паразважаў пра шанцы дажыць да залатога вяселля, піша Радыё Свабода.

«Праз шэсць гадоў будзе 50 гадоў нашага супольнага жыцця. Я раней усё думаў шмат аб гэтай даце. Хацеў бы сабраць кучу гасцей і адзначыць з размахам. Але зараз, на жаль, погляды сталі больш песімістычнымі. Аптымізму паменшала, бо пражыць яшчэ шэсць гадоў выглядае складанай задачай», — піша Кастусёў у лісце сваякам.

З 44 гадоў сямейнага стажу ўжо больш за два гады Рыгор Кастусёў разлучаны з жонкай: у 2022-м яго асудзілі на 10 гадоў зняволення. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Рыгора Кастусёва дыягнаставалі рак. З кастрычніка мінулага году палітыка ўтрымліваюць у гарадзенскай турме № 1, сёлета ў студзені суд прызначыў яму турэмны рэжым на тры гады.

Рыгор і Ларыса Кастусёвы выгадавалі траіх дзяцей. Дачка Галіна, якая цяпер жыве ў Польшчы, успамінае, што святкаванне гадавінаў шлюбу было ў бацькоўскай сям’і трывалай традыцыяй і адзначалася шчыра ды прыгожа.

«Адзначалі дома, сваёй сям’ёй. Так было і калі мы былі малымі, і калі ў‌жо выраслі, але яшчэ жылі з бацькамі. Тата дарыў маме кветкі, мама гатавала смачныя стравы. Мы з сястрой дапамагалі. За вячэрай успаміналі мінулае, разглядалі альбомы.

Памятаю, на 20-годдзе мы даслалі ліст з віншаваннямі на радыё і папрасілі, каб для бацькоў прагучала песня Джо Дасэна. У той дзень за вячэрай высветлілася, што пад гэтую песню адбыўся іх першы танец. А пазнаёміліся бацькі на вяселлі ў сваіх сваякоў, і гэтую падзею таксама заўсёды з радасцю згадвалі. Гэта было ў 1979 годзе», — распавяла Галіна.

Яна кажа, што вельмі перажывае за здароўе бацькі, а таксама за самаадчуванне маці, якая засталася без падтрымкі мужа. Галіна працягвае верыць, што залатое вяселле сваіх бацькоў сустрэне разам з імі за святочным сталом.

«Маме сёлета споўніцца 65 гадоў. Яна на пенсіі. Так было б добра — спакойна падрыхтавацца, адзначыць 50-годдзе як мае быць: сярод дзяцей, унукаў‌, родных і блізкіх. Усё ж маем надзею, што так і будзе. Так павінна быць», — падзялілася думкамі аб бацьках дачка Рыгора Кастусёва.

У красавіку Кастусёву споўніцца 67. З гарадзенскай турмы ад палітыка даходзяць лісты, часам ён можа тэлефанаваць. Умовы ў турме Рыгор Кастусёў называе цяжкімі. Вядома, што, акрамя анкалогіі, Рыгора Кастусёва турбуе варыкоз ног.

Старшыня закрытай уладамі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў асуджаны на 10 гадоў паводле 357-га артыкула Крымінальнага кодэкса за нібыта «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Беларускія праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.

Чытайце таксама:

Адсутнасць ныркі, пухліна ў галаве, рак. Хто з беларускіх палітвязняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем

«Яны ваююць за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах». Ціханоўская — пра смерць Ігара Ледніка

Рыгор Кастусёў скардзіцца на здароўе ў турме: «Апошнія два месяцы былі цяжкія»

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
8
Абуральна
1