«Якія, бл…дзь, шэрыя схемы?! Ці вы хочаце на возе ездзіць?! Хочаце каня запрагаць?! Вы на каго працуеце?! Вы на Еўрасаюз працуеце?! Дык, можа, мне ГУБАЗу пазваніць, каб з вамі паразмаўлялі?! Можа, вы — вораг народа?!» — пагрозамі і крыкамі пракаментаваў нам адзін з беларускіх бізнэсоўцаў пастаўкі люксавых аўтамабіляў у Расію ў абыход санкцый.

Два месяцы таму звязаная з ім кампанія паставіла з Мінска на склад у Падмаскоўі новенькі нямецкі Mercedes-Benz S680 Maybach за 300 тысяч долараў. Гэта толькі адна з тысячы забароненых машын, якія сёлета трапілі з Еўропы ў гаражы заможных расіян праз Беларусь.

Сцеражыся аўтамабіля

З пачаткам вайны ва Украіне аўтамабільныя брэнды з сусветным імем абвясцілі Расіі байкот. Адзін за другім яны сышлі з расійскага рынку, пакінуўшы яго кітайцам. Урады ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі таксама вырашылі пакараць пуцінскі рэжым і ўвялі санкцыі на прадметы раскошы. Аўтамабілі даражэйшыя за 50 тысяч еўра апынуліся пад забаронай.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен растлумачыла, што забарона скіраваная на расійскія эліты. На дарагіх машынах любяць ездзіць расійскія алігархі, прапагандысты і дэпутаты.

«Тыя, хто падтрымлівае ваенную машыну Пуціна, болей не павінны мець магчымасці цешыцца раскошным жыццём, у той час як бомбы падаюць на невінаватых людзей ва Украіне», — зазначыла фон дэр Ляен.

І тады на падмогу прыйшлі беларусы і ўвайшлі ў гульню пад назвай «паралельны імпарт», арганізаваную расійскім урадам. Беларусі не датычаць заходнія санкцыі на аўтамабілі. І ў нашу краіну хлынула плынь машын з ЕС.

Некаторыя расійскія кампаніі зусім не хаваюць, што займаюцца паралельным імпартам. Аднымі з першых вазіць машыны з Еўропы стаў холдынг «Аўтадом». Большую частку аўтамабіляў група кампаній імпартавала менавіта праз Беларусь. «Перавага Беларусі ў тым, што яна знаходзіцца ў адной эканамічнай зоне з Расіяй. Дзейнічае агульнае мытнае заканадаўства. Па-другое, гэта памежная краіна, якая не так абкладзеная санкцыямі, як Расія», — расказаў «Бюро» дырэктар па паралельным імпарце ГК «Аўтадом» і ГК «АўтаСпецЦэнтр» Уладзімір Жолабаў

Расія і Беларусь уваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, пры руху тавараў паміж краінамі іх не трэба спецыяльна афармляць на мытні і плаціць пошліны. Але ў адрозненне ад Расіі пастаўкі машын з ЕС у Беларусь не забароненыя, а некаторыя аўтамабільныя брэнды працягваюць супрацоўніцтва з Беларуссю. 

«Еўрапейскія брэнды ў Беларусі прысутнічаюць. Дылеры ў даволі бяспечным рэжыме могуць перапрадаваць аўтамабілі ў Расію. Але пры разумным падыходзе», — зазначыў Жолабаў.

На фоне вайны пастаўкі машын з ЕС у Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 мільярда еўра, а ў гэтым годзе ўжо перавысілі 1,7 мільярда еўра. Асноўныя крыніцы — Германія, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў гэтага года з трох краін у Беларусь вывезлі амаль 60 тысяч машын.

«Вялікі аб’ём, у тым ліку новых аўтамабіляў, ідзе па шляху паралельнага ўвозу. Дарагія брэнды, якія прыязджаюць у Беларусь, знаходзяць сваіх пакупнікоў у Расіі, таму што ў такім аб’ёме для нашага рынку гэтыя аўто яўна не запатрабаваныя», — расказала «Бюро» дасведчаная крыніца на аўтамабільным рынку Беларусі.

І гэта пры тым, што, паводле слоў нашай крыніцы, еўрапейскія кампаніі стараюцца адсочваць, каб іх машыны не перапрадавалі ў Расію. Некаторыя прапісваюць забарону на рээкспарт у дагаворах з беларускімі дылерамі. Такія патрабаванні дзейнічалі і раней, але цяпер яны абумоўленыя санкцыямі.

«Беларускія афіцыйныя дылеры, калі і прадаюць машыны ў Расію, то ў абмежаваным аб’ёме, таму што самі маюць рызыку спынення паставак у свой адрас», — зазначыў топ-менеджар беларускай кампаніі.

Але тыя, хто прагне зарабіць, забарону на рээкспарт аўтамабіляў лёгка абыходзяць. Для гэтага скарыстоўваюць фірмы-пракладкі. У цэлым, схема абыходу санкцый простая — у ланцугу паміж ЕС і Расіяй выкарыстоўваюцца пасярэднікі з Беларусі.

Мы вырашылі разабрацца ў гэтай сітуацыі і высветліць, хто ў Беларусі дапамагае Расіі абыходзіць еўрапейскія санкцыі. 

Бізнэс з сувязямі

У нашым распараджэнні з’явіліся мытныя даныя пра пастаўкі каля тысячы легкавых аўтамабіляў з Беларусі ў Расію больш як на 100 мільёнаў долараў. Разам з калегамі з «Вёрстки» мы прааналізавалі гэтыя даныя. У спісе — пераважна новыя і дарагія аўтамабілі. У мытных дэкларацыях краінай паходжання гэтых машын пазначаныя Германія, ЗША, Вялікабрытанія, Італія, Швецыя, Аўстрыя, Ірландыя, Бельгія, а вытворцамі — заводы Mercedes-Benz, BMW, Audi, Lamborghini, Jaguar Land Rover, Volvo і іншыя. Сярод аўтамабіляў ёсць цікавыя і даволі дарагія экзэмпляры.

Пастаўкамі прэміяльных аўто заходніх брэндаў з Беларусі ў Расію зарабляюць сабе на хлеб больш за 30 беларускіх кампаній. З іх мы склалі свой топ-5 экспарцёраў, якія вылучаюцца з агульнай масы аб’ёмамі продажу, а таксама сувязямі іх уладальнікаў з беларускімі ўладамі. Сярод іх апынуліся як мастадонты айчыннага рынку, так і нядаўна створаныя кампаніі. 

Пятае месца ў нашым рэйтынгу заняла кампанія «Зіп-Лайн».

Яе кіраўнік і ўладальнік — Андрэй Піскароў. Вучыўся ён у БДУ, а пачынаў кар’еру ў Міністэрстве замежных спраў. Затым стаў працаваць на буйнога бізнэсоўца Юрыя Чыжа, якога называлі «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. 

У пачатку 2010-х Піскароў стаў саўладальнікам шэрагу кампаній, якія гандлююць легкавымі аўтамабілямі ў Беларусі. Адна з іх — «Эйс-Мотарс». 

Раней яна называлася «Трайпл-Аўта». Партнёрамі Піскарова па гэтай фірме былі Сяргей Чыж і Дзмітрый Алексін. Першы — сын Юрыя Чыжа, другі — іншага ўплывовага бізнэсмена Аляксея Алексіна, які падпаў пад заходнія санкцыі як «кашалёк» Лукашэнкі.

Мяркуючы па пастах у сацыяльных сетках, Піскароў захапляецца не толькі машынамі, але і матацыкламі. У яго інстаграме ёсць фота ва ўніформе байкерскага клуба HOG Minsk Chapter Belarus, які аб’ядноўвае ўладальнікаў Harley-Davidson.

Андрэй Піскароў (у цэнтры)

Андрэй Піскароў (у цэнтры)

Злёты гэтага байкерскага клуба наведвае Віктар Лукашэнка — вядомы аматар язды на цяжкіх матацыклах. У сацыяльных сетках Піскарова мы таксама знайшлі сумеснае фота з людзьмі з атачэння Аляксандра Лукашэнкі — яго прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант, а таксама хакейным трэнерам і бізнэсоўцам Дзмітрыем Баскавым.

«Зіп-Лайн» пастаўляла ў Расію дарагія аўтамабілі Rolls-Royce, Lamborghini, Bentley брытанскай, італьянскай і нямецкай вытворчасці. Агульны кошт машын — вышэй за 4,8 мільёна долараў. Андрэй Піскароў адмовіўся каментаваць гэтыя пастаўкі па тэлефоне, а на нашыя пытанні ў месенджары не адказаў. 

Пад нумарам чатыры ў нашым шорт-лісце — «Атлант-М Брытанія».

Гэта афіцыйны прадстаўнік брытанскага вытворцы люксавых аўтамабіляў Jaguar Land Rover у Беларусі. Са студзеня па кастрычнік гэтага года кампанія паставіла ў Расію люксавых аўто Mercedes-Benz, BMW, Audi і іншых мадэляў амаль на 5 мільёнаў долараў. 

Асноўны ўладальнік «Атлант-М Брытанія» — кіпрская кампанія Max Atlant-M Limited. Палова акцый гэтай кампаніі запісаная наўпрост на бізнэсоўца Сяргея Савіцкага, а другі ўладальнік схаваны за кіпрскім пастаўшчыком карпаратыўных паслуг Cyproman Services Limited.

Але ў апошняй даступнай справаздачы Max Atlant-M Limited раскрыла сваіх канчатковых бенефіцыяраў. Па стане на пачатак 2021 года імі аказаліся Сяргей Савіцкі і Алег Хусаенаў.

У 2021 годзе выданне «Ежедневник» уключыла абодвух у рэйтынг самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў — Хусаенаў размясціўся на 35-м радку, а Савіцкі на 49-м, замыкаючы топ-50.

Злева направа: Сяргей Савіцкі, Алег Хусаенаў

Злева направа: Сяргей Савіцкі, Алег Хусаенаў

Яшчэ ў пачатку 90-х прадпрымальнікі заснавалі брокерскі дом «Атлант-М», які пачынаў з паставак аўтамабіляў Volkswagen.

З часам бізнэс разросся да дзясяткаў дылерскіх цэнтраў, гандлюючы брэндамі Mazda, Toyota, Ford, Land Rover, Lexus, Kia, Jaguar не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне і Расіі. 

У Расіі Сяргей Савіцкі значыўся саўладальнікам як мінімум у двух дзясятках кампаній. Сярод іх — «Аўтацэнтр Атлант-М», які на сваім сайце прапаноўвае расіянам купіць аўтамабілі з Еўропы.

Некаторыя кампаніі холдынга актыўна супрацоўнічаюць з расійскімі дзяржструктурамі. Да прыкладу, кампанія «МБ-Ізмайлава», дзе Савіцкаму належыць 25%, тры апошнія гады працавала па кантрактах з вайсковай часткай 3179 — цэнтрам спецыяльнага прызначэння «Витязь».

Ён вядомы таксама як элітны спецназ Расгвардыі, байцы якога пабывалі ў гушчары ваенных канфліктаў у Нагорным Карабаху, Абхазіі, Інгушэціі, Паўночнай і Паўднёвай Асеціі. У 2022 годзе элітных байцоў накіравалі ваяваць супраць Украіны. Журналісты выдання Reuters паведамлялі, што «Витязь» быў сярод акупацыйных войск у Бучы.

Апошні кантракт на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабільнай тэхнікі з гэтай вайсковай часткай «МБ-Ізмайлава» склала ў снежні 2021 года.

Ён быў актуальны да снежня 2022 года, але завершаны на чатыры месяцы раней. 

Сяргей Савіцкі мае два грамадзянствы — беларускае і расійскае, але гэта не перашкаджае весці бізнэс ва Украіне. Пад брэндам «Атлант-М» працуе некалькі дылерскіх цэнтраў у ХаркавеДняпры і Кіеве. Сяргей Савіцкі быў бенефіцыярам многіх кампаній, але цяпер ягонае імя не згадваецца ва ўкраінскіх рэестрах. Ці прадаў бізнэсовец свае актывы або перапісаў на давераных асоб, высветліць не атрымалася.

Яшчэ ў Сяргея Савіцкага ёсць свой астравок стабільнасці, надзейны прыстанак, дзе можна адгарадзіцца ад жахаў вайны ва Украіне і рэпрэсій у Беларусі — асабняк у прыгарадзе Лондана. Ён набыў яго ў 2017 годзе за 1,195 мільёна фунтаў стэрлінгаў (1,6 мільёна долараў).

У суседнім доме пасяліўся яго старэйшы сын Арцём. Нерухомасць была набытая ў адзін дзень з бацькам, і кошт катэджа склаў 1,185 мільёна фунтаў стэрлінгаў (1,59 мільёна долараў).

«Я цяпер адышоў ад кіравання бізнэсам, таму гэта не да мяне», — напісаў нам Сяргей Савіцкі ў адказ на пытанне пра пастаўкі машын у Расію.

Мы накіравалі яму дадатковыя пытанні, але не атрымалі адказу. Алег Хусаенаў не адказаў на нашы тэлефанаванні і запыты. 

Бронза ў нашым топе — у буйнога беларускага мытнага брокера «Кастам-Сэрвіс».

За дзесяць месяцаў 2023 года яны экспартавалі люксавых аўто з Беларусі ў Расію больш чым на 8,5 мільёна долараў.

«Кастам-Сэрвіс» была заснаваная ў 2011 годзе, і з тых часоў яе нязменна ўзначальвае Віталь Сабалеўскі. У яго 54% акцый кампаніі.

Акрамя развіцця ўласнага бізнэсу Сабалеўскі выконвае абавязкі намесніка старшыні Асацыяцыі мытных прадстаўнікоў Беларусі. Эксперты асацыяцыі бралі ўдзел у распрацоўцы Мытнага кодэкса ЕАЭС і іншых дакументаў у знешнегандлёвай сферы. Офіс асацыяцыі размясціўся ў сталічным бізнэс-цэнтры «Няміга-Сіці». І што паказальна, у тым самым памяшканні, дзе некалі знаходзіўся офіс іншай вядомай лагістычнай фірмы — «Глобалкастам», звязанай з правай рукой Лукашэнкі — Віктарам Шэйманам.

Партнёр Сабалеўскага па «Кастам-Сэрвіс» — Аляксандр Бортнік, у яго ва ўласнасці 30% акцый кампаніі. У лагістычнай і мытнай сферах ён не пачатковец. Да таго як Бортнік падаўся ў прыватны бізнэс, ён паспеў папрацаваць старшым інспектарам на Мінскай рэгіянальнай мытні. Акрамя «Кастам-сэрвіс» у бізнэс-біяграфіі Бортніка быў яшчэ адзін актыў — «Солартэх».

У 2019 годзе ў фірмы змяніліся ўласнікі. Новай уладальніцай стала Ганна Пушкарова — фаварытка Віктара Шэймана. Яшчэ 40% акцый адышлі да Ганны Хмялеўскай — сваячкі першай жонкі Шэймана Алены. Праз тыдзень «Солартэх» была перайменаваная ў «Глобалкастам-комерс».

Віталь Сабалеўскі і Аляксандр Бортнік адмовіліся ад каментароў. 

Другое месца ў нашым рэйтынгу заняла кампанія «Тэхна-Джэт Груп».

На сайце пазначана, што яна пастаўляе абсталяванне і дэталі для прамысловых прадпрыемстваў. Але нядаўна адкрыла новы накірунак — імпарт аўтамабіляў прэміум-класа з ЗША, Еўропы і Азіі. «Тэхна-Джэт Груп» валодае Фелікс Дзеранаў — сын былога высокапастаўленага вайскоўца ўнутраных войск Ігара Дзеранава, які выйшаў на пенсію ў званні палкоўніка і заняўся ўласным бізнэсам. 

Фелікс Дзеранаў выбраў таптаць іншыя сцежкі. У сацыяльных сетках ён пазіцыянуе сябе як дызайнер інтэр’ераў і заснавальнік студыі Soffit Interiors.

Яго былы партнёр па дызайнерскім бізнэсе Ігар Чабатаронак вядомы тым, што за пяць гадоў з нуля стварыў буйнога дыстрыб’ютара сельгастэхнікі «Тэхнадвор».

Гэты бізнэс ён заснаваў разам з бацькам — былым работнікам ваеннай пракуратуры. Праўда, цяпер «Тэхнадвор» — у працэсе банкруцтва. Дарэчы, «Тэхна-Джэт Груп» яшчэ ў пачатку гэтага года называлася «Тэхнадвор-Груп». 

Згодна з мытнымі звесткамі, кампанія пастаўляла ў Расію дарагія аўтамабілі Mercedes-Benz, BMW, Audi, Porsche ў асноўным нямецкай вытворчасці. Агульны кошт аўтамабіляў — больш як 15 мільёнаў долараў. Фелікс Дзеранаў сказаў нам па тэлефоне, што не ў курсе такіх паставак і параіў звярнуцца да яго партнёра. У размове з намі Ігар Чабатаронак адмаўляў, што вядзе незаконны бізнэс. Менавіта ён пагражаў нацкаваць на нас ГУБАЗ. Бізнэсовец знаёмы з беларускімі сілавікамі не па чутках. Ён быў фігурантам крымінальных спраў за хабар чыноўнікам як мінімум у 20 тысяч рублёў.

Ганаровая пальмавая галінка ў нашым топ-5 дастаецца «Прэміяльнай транспартнай кампаніі».

Яна пабіла ўсе рэкорды і за дзесяць месяцаў гэтага года паставіла ў Расію аўтамабіляў люкс-сегмента больш чым на 15,6 мільёна долараў. 

Кампанія заснаваная пасля пачатку вайны — у верасні 2022 года. Ейны бяззменны дырэктар — расіянін Ахмад Абуеў. У сваім профілі ў інстаграме ён літаральна разгарнуў піяр-кампанію па продажы віп-аўтамабіляў. Пакуль мы працавалі над расследаваннем, бізнэсмен закрыў свой профіль, але мы паспелі выкачаць адтуль некаторыя фота і відэа. У сябе на старонцы Абуеў пазначыў, што звязаны з расійскай «Гарадской транспартнай кампаніяй» («GTK Аўта»), якая займаецца паралельным імпартам легкавых і грузавых аўтамабіляў з Еўропы, ААЭ і Кітая. 

У інстаграме мы таксама знайшлі пост, у якім Абуеў хваліцца, што з моманту ўвядзення санкцый супраць Расіі «GTK Аўта» даставіла і зрабіла мытнае афармленне ў Расіі больш за 300 аўто. А іх сярэдні кошт — 340 тысяч долараў.

Далей не словам, а відэа Абуеў дэманструе некалькі шыкоўных і эксклюзіўных машын. У мытнай базе мы не змаглі знайсці аўтамабілі дакладна з такімі ж параметрамі. «Прэміяльная транспартная кампанія» паставіла іх «Гарадской транспартнай кампаніі» гэтым летам.

«Кампанія закупляе аўтамабілі ў партнёра, што не супярэчыць нормам заканадаўства саюзных дзяржаў, а нават больш — развівае эканоміку абедзвюх краін і павялічвае тавараабарот», — адказалі ў прэс-службе ГТК-Холдынг, пад чыім крылом працуе «Гарадская транспартная кампанія».

«Прэміяльная транспартная кампанія» — партнёр Беларускай федэрацыі барацьбы разам з Нацыянальным алімпійскім камітэтам на чале з Віктарам Лукашэнкам і Прэзідэнцкім спартыўным клубам пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі. Цяпер БФБ узначальвае двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе, заслужаны майстар спорту Беларусі Алім Сялімаў, які вядомы падтрымкай Лукашэнкі і ўдзелам у праўладных акцыях. Ахмад Абуеў публікаваў фота з ім у сваім інстаграме.

Злева направа: Ахмад Абуеў, Алім Сялімаў

Злева направа: Ахмад Абуеў, Алім Сялімаў

Там жа мы знайшлі відэа са спартовага мерапрыемства, у якім браў удзел Віктар Лукашэнка. 

Мы патэлефанавалі ў «Прэміяльную транспартную кампанію» па нумары, пазначаным як кантактны пры рэгістрацыі фірмы, але мужчына, які падняў слухаўку, паведаміў нам, што ягоны нумар быў пазначаны ў рэестры памылкова, і ён асабіста не мае ніякага дачынення да аўтамабільнага бізнэсу. Іншых кантактаў у кампаніі няма. Таму мы накіравалі запыт Ахмаду Абуеву ў асабістыя паведамленні ў інстаграме, але не атрымалі адказу.

«Схемы па перапродажы аўто ў сур’ёзных маштабах немагчымыя ў Беларусі без ведама кантралюючых органаў, якія, натуральна, узгадняюць гэта вышэй. Не іначай як з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта стала проста бізнэсам. Беларускі рэжым выкарыстоўвае па максімуме пралаз у санкцыйным заканадаўстве, каб дадаткова зарабляць грошы», — сказаў у каментары «Бюро» былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў, які сышоў з дзяржаўных органаў у 2020 годзе на фоне масавых пратэстаў і далучыўся да апазіцыі.

Нягледзячы на санкцыі, прэміяльныя еўрапейскія машыны працягваюць паступаць у Расію праз беларускіх пасярэднікаў, паказала нашае расследаванне. Літоўская мытня выявіла некалькі выпадкаў, калі ўвезеныя да іх з іншых краін ЕС машыны пасля праходжання мытні ў трэціх краінах, у тым ліку і Беларусі, перавезлі ў Расію і там зарэгістравалі. Агульны кошт перапрададзеных аўтамабіляў — каля 43 мільёнаў еўра. У Літоўскай мытні не раскрылі ўдзельнікаў шэрай схемы, але запэўнілі «Бюро», што перададуць звесткі пра такія машыны калегам з іншых краін «для далейшага расследавання і ўзмацнення экспартнага кантролю з мэтай зніжэння рызыкі абыходу санкцый».

Але пакуль расійскія бомбы ляцяць ва Украіну, расійскія эліты могуць не адмаўляць сабе ў раскошных аўтамабілях. Па большай частцы дзякуючы беларусам, для якіх гэта ўдалы момант, каб зрабіць касу на шэрых схемах.

Мы напісалі пра гэтую сітуацыю Еўрапейскай асацыяцыі аўтамабільных вытворцаў, якая аб’ядноўвае ключавыя брэнды, і папрасілі даць каментар. Як толькі мы атрымаем адказ, мы апублікуем яго.

Чытайце таксама: 

Стала вядома імя адміністратара таксічных гомельскіх паблікаў — расследаванне «Флагштока»

Ксяндза Лашука абвінавацілі ў тым, што ён мае дзяцей. Касцёл пачаў разбіральніцтва

Новае расследаванне «Белпола» раскрывае таямніцы «ГардСэрвіса», заробкі яго работнікаў і атрыманне 5,5 мільёна даляраў з паветра мінскай Сцяпянкі 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?