Дзяніс Урбановіч. Фота: асабісты альбом Дзяніса Урбановіча

Дзяніс Урбановіч. Фота: асабісты альбом Дзяніса Урбановіча

«У мяне на целе шэсць дзірак»

Апошні раз Дзяніса Урбановіча параніла падчас штурму расійскіх пазіцый каля сяла Кляшчэеўка, што на поўдзень ад Бахмута.

Аскепак снарада трапіў яму ў руку. Байцу ўдалося спыніць кроў і застацца ў баі. У шпіталі Дзянісу дыягнаставалі моцную кантузію. У яго была парваная барабанная перапонка правага вуха, а левае было аглушанае.

Урбановіч кажа, што рана рукі загаілася, хоць часам даймаюць болі.

Ад кантузіі ж цалкам аднавіцца не магчыма. Бываюць перыяды, калі баліць галава. Болі застануцца на ўсё жыццё. Паводле медыкаў, лепей атрымаць кулявое ці аскепкавае раненне, чым кантузію.

Левае вуха не чуе на 20 працэнтаў, а правае ў парадку.

«Кожны, хто пабываў на фронце і быў паранены, мае праблемы са здароўем, — гаворыць ён. — Калі будзе магчымасць, то з'езджу на абследаванне ці больш грунтоўна падлячуся, але цяпер шмат вельмі адказных спраў на фронце».

Дзяніс Урбановіч пасля пятага ранення. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Дзяніс Урбановіч пасля пятага ранення. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Дзяніс адзначае, што ў цэлым адчувае сябе добра і можа выконваць баявыя задачы.

Вайсковая камісія дазволіла вярнуцца на службу. Тыдзень таму ён справіўся з марш-кідком на 25 кіламетраў і можа прайсці любы кіламетраж з аўтаматамі і гранатамётамі.

Дзяніс Урбановіч за час вайны перажыў пяць раненняў: адно кулявое, два аскепачныя, кантузія, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма ды іншыя пашкоджанні.

«У мяне на целе шэсць дзірак», — кажа лідар «Маладога фронту». 

У маі, калі беларускія добраахвотнікі баранілі Бахмут, на Дзяніса і яго групу абрынуліся сцены чатырохпавярховага дома. Эвакуацыю параненых прыкрываў Міраслаў Лазоўскі і выратаваў іх жыцці, але сам загінуў.

Бой у Бахмуце Урбановіч лічыць адным з найцяжэйшых для беларускіх добраахвотнікаў. У яго на руках загінуў 24-гадовы парамедык-беларус.

«У маёй групе загінула 4 чалавекі, — кажа ён. — З Бахмуту выйшлі толькі трое».

Такія аскепкі забіваюць на фронце. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Такія аскепкі забіваюць на фронце. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Па яго словах, Бахмут стаў месцам выпрабавання беларускіх добраахвотнікаў. Ён умацаваў іх і цяпер яны ведаюць цану жыцця.

«Патрэба ў адрэналіне»

Па вяртанні на службу Дзяніс Урбановіч займаецца вывучкай маладога папаўнення, якое, па яго словах, пакуль не гатовае выконваць баявыя задачы.

Ён кажа, што камандзіраў і байцоў з франтавым досведам не хапае.

«Нястача баявога досведу можа прывесці да гібелі салдат, таму мне трэба быць з хлопцамі. Калі будуць дасведчаныя камандзіры, здольныя вадзіць людзей у бой, то, магчыма, я займуся іншымі пытаннямі. Калі ж наканавана загінуць, то няхай так і будзе», — гаворыць Урбановіч.

Так выглядаў Бахмут у ліпені 2023 года. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Так выглядаў Бахмут у ліпені 2023 года. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Дзяніс Урбановіч заўважае, што прывык да жыцця на перадавой. Яму падабаецца рыхтаваць штурмавыя аперацыі і выконваць іх.

На фронт яго цягне і патрэба ў адрэналіне. Яму не хапае рызыкі.

Дзяніс прызнаецца, што тое праявілася на вайне. Раней у яго жыцці не было сітуацый, калі ён мог у любы момант памерці.

«Вайна выяўляе добрае і кепскае. На ёй зʼяўляецца адрэналінавая залежнасць», — заўважае добраахвотнік.

Дзяніс чытаў, што салдаты Другой сусветнай вайны, якія моцна рызыкавалі, траплялі ў такую залежнасць і не маглі вярнуцца да нармальнага мірнага жыцця. Ім быў патрэбны адрэналін. Гэта прыводзіла да таго, што яны ўчынялі розныя злачынствы.

«Цяпер 2023 год, і медыцына навучылася, спадзяюся, ратаваць ад такой залежнасці», — адзначае Урбановіч.

Ён перакананы, што адрэналін выратаваў яму жыццё, калі яго параніла ў грудзі. Тады ён першы раз моцна спалохаўся. Яму было цяжка падняцца, з роту ішла кроў, а непадалёк ляжаў паранены расійскі салдат, які крычаў, каб яму дапамаглі.

Беларус непакоіўся, што яго дабʼюць расійскія салдаты, якія прыйдуць па свайго саслужыўца. Страх і адрэналін змусілі яго дзейнічаць, і яму ўдалося неяк дапаўзці да сваіх. Апрытомнеў ён у шпіталі, не разумеючы, як уратаваўся.

Дзяніс Урбановіч — камандзір штурмавой групы. У яе задачы ўваходзіць разведка, адваяванне варожых пазіцый і ўтрыманне іх. Цяпер ён на Данбасе.

Урбановіч кажа, што супраць іх у першым эшалоне выступаюць ацалелыя рэшткі вагнераўцаў: зэкі.

Недаацэньваць іх нельга. Яны ўмела мініруюць пазіцыі. Вайсковыя веды былыя зняволеныя вынеслі з турмаў, а пасля падрыхтоўкі з іх выходзяць някепскія салдаты.

Разам з імі ваююць мабілізаваныя з «ДНР» і «ЛНР». Часам яны ідуць на штурм, маючы ўкраінскія пашпарты.

«Іх выкарыстоўваць, як мяса, — гаворыць Дзяніс. — Іх кідаюць у разведку боем, каб высветліць абстаноўку, а затым ужо адпраўляюць у атаку эліту. Гэта пераважна дэсантнікі. У глыбіні расійскай абароны знаходзяцца кадыраўцы, якія пільнуюць там парадак».

Дзяніс Урбановіч пасля ранення. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Дзяніс Урбановіч пасля ранення. Фота: архіў Дзяніса Урбановіча

Дзяніс прызнаецца, што, нягледзячы на патрэбу ваяваць, неабходна навучыцца берагчыся. Беларусы самаахвярна ідуць у бой і гінуць, але трэба памятаць аб вызваленні Беларусі.

«Трэба выжыць на гэтай вайне і захаваць байцоў з баявым досведам, — падсумоўвае ён. — Першае пытанне — гэта вызваленне Беларусі, але не менш істотна застацца жывымі для гэтага. Пра тое казаў і загінулы Міраслаў Лазоўскі, дзякуючы якому выжылі яго пабрацімы».

Дзяніс Урбановіч ваюе з сакавіка 2022 года. Ён узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі» Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, а таксама медалём «За баявыя заслугі» Рады БНР.

Чытайце таксама:

«Расейцы, як у Другую сусветную, трупамі ваююць». Дзяніс Урбановіч зноў едзе на фронт

Беларускіх топ-мадэляў вывезлі на баявыя трэніроўкі. Адзін з інструктараў быў з нашыўкай вагнераўцаў

Вагнераўцы заявілі, што працягваюць працу на беларускім кірунку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?