Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Даўно не сакрэт, што ўжыванне алкаголю можа выклікаць галаўны боль. Але галаўныя болі ад чырвонага віна, здаецца, з'яўляюцца асаблівым феноменам, які не мае простага тлумачэння.

Некаторыя эксперты мяркуюць, што гэта можа быць звязана з лішкам у вінаграднай скурцы гістаміну (арганічнага азоцістага злучэння, якое павялічвае пранікальнасць капіляраў). Іншыя мяркуюць, што вінаватая вялікая колькасць танінаў (яны надаюць віну характэрную даўкасць) або сульфітаў (натуральны кансервант і вынік жыццядзейнасці дрожджаў, якія зброджваюць цукар у віне ў алкаголь). 

Аўтары новага даследавання, апублікаванага ў панядзелак у Scientific Reports, знайшлі новага падазраванага: флаваноід кверцэцін (quercetin).

Флаваноіды — гэта пажыўныя рэчывы, шырока распаўсюджаныя ў ежы і напоях расліннага паходжання Іх шмат у цэдры цытрусавых, цыбулі, зялёным чаі, чырвоных вінах, піве цёмных гатункаў, абляпісе. Яны могуць мець патэнцыйную карысць для здароўя, бо валодаюць сярод іншага антыаксідантнымі і антымікробнымі ўласцівасцямі. Дык чаму пад падазрэнне трапілі менавіта яны? Каб зразумець, трохі паглыбімся ў біялогію.

Некаторыя людзі, асабліва азіяцкага паходжання, схільныя да пачырванення скуры і іншых сімптомаў пасля ўжывання адносна невялікай колькасці алкаголю. Звычайна гэта адбываецца з-за наяўнасці варыянта пэўных генаў, якія дапамагаюць нам метабалізаваць алкаголь. Адзін з гэтых генаў адказвае за выпрацоўку фермента ALDH2, які расшчапляе ацэтальдэгід (таксічны пабочны прадукт алкаголю). Без гэтага фермента або яго менш функцыянальнай версіі ацэтальдэгід назапашваецца ў арганізме, ад чаго людзям стае блага.

Навукоўцы мяркуюць, што флаваноіды могуць выклікаць падобную праблему з ALDH2 і ацэтальдэгідам. У лабараторыі яны выявілі, што пабочны прадукт кверцэціну сапраўды здольны інгібіраваць (ці, прасцей кажучы, тармазіць) выпрацоўку ALDH2. Грунтуючыся на тым, колькі кверцэціну змяшчаецца ў тыповым чырвоным віне і як ён расшчапляецца ў нашай крыві, каманда мяркуе, што стандартная шклянка павінна ўтрымліваць дастатковую колькасць кверцэціну, каб інгібіраваць выпрацоўку ALDH2 прыкладна на 37%.

Таму цалкам магчыма ўзнікненне галаўнога болю, калі адчувальныя людзі ўжываюць віно нават са сціплай колькасцю кверцэціну, асабліва калі ў іх ужо была мігрэнь або іншы асноўны галаўны боль, перадае словы даследчыкаў Gizmodo.

Тым не менш, віна кверцэціну канчаткова не даказаная. Цалкам верагодна, што гэта не адзіная важная частка галаваломкі, адзначае каманда. Некаторыя людзі могуць мець дадатковую ўразлівасць да гэтага стану, магчыма, з-за таго, як яны рэагуюць на ацэтальдэгід або расшчапляюць кверцэцін.

Даследчыкі таксама адзначаюць, што некаторыя чырвоныя віны ўтрымліваюць значна больш кверцэціну, чым іншыя, з-за адрозненняў у працэсе вытворчасці: напрыклад, калі напой выраблены з вінаграда, што больш часу правёў пад сонечным святлом. Адпаведна, работы прывядуць да вырабу чырвонага віна без кверцэціну.

Зараз каманда плануе праверыць сваю тэорыю ў рэальным свеце. Дзякуючы гранту Wine Spectator Scholarship Foundation, даследчыкі правядуць невялікае выпрабаванне, якое параўнае, як людзі рэагуюць на чырвоныя віны з высокім і нізкім утрыманнем кверцэціну. 

Чытайце таксама:

Галава баліць. Чаму і што рабіць?

Ці праўда, што чырвонае віно карыснае? Медык аспрэчвае

У Партугаліі віно цякло ракой. Літаральна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?