Святлана Алексіевіч. Фота: «Наша Ніва»

Святлана Алексіевіч. Фота: «Наша Ніва»

«Нядаўна група мацярок воінаў-інтэрнацыяналістаў, што загінулі ў Афганістане, падала ў суд на пісьменніцу Святлану Алексіевіч, аўтарку кнігі «Цынкавыя хлопчыкі». Іх пазоўная заява будзе разглядацца ў народным судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Нагодай для звароту ў суд сталі спектакль «Цынкавыя хлопчыкі», пастаўлены на сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, і публікацыя ўрыўкаў з кнігі ў газеце «Комсомольская правда». Спектакль быў запісаны Рэспубліканскім тэлебачаннем і прадэманстраваны жыхарам Беларусі. Мацярок, што нясуць у сабе ўсе гэтыя гады сваё непазбыўнае гора, абразіла, што іх хлопчыкі паказаны выключна як бяздушныя робаты-забойцы, марадзёры, наркаманы і гвалтаўнікі…» (Л. Грыгор’еў, «Вечерний Минск», 12 чэрвеня 1992 г).

Гэтым урыўкам пачынаецца апошняя частка кнігі Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», прысвечаная акурат гісторыі судовых паседжанняў, расказанай з дапамогай дакументаў.

Як зазначаў Леанід Свірыдаў у газеце «Собеседник», матэрыялы для друку пра тое, што суд ідзе, былі падрыхтаваныя яшчэ да таго, як сама суддзя завяла справу.

У народны суд паступілі дзве пазоўныя заявы. Першая — ад былога «афганца» Алега Ляшэнкі, які сцвярджаў, што «Святлана Алексіевіч напісала пра тую вайну і пра яго асабіста няпраўду, ачарніла яго. Таму павінна публічна выбачыцца, а знявагу салдацкага гонару кампенсаваць сумай 50 тысяч рублёў». Другая заява — ад маці загінулага старшага лейтэнанта Ю. Галаўнёва Іны Галаўнёвай, якая заявіла, што яна «разышлася з пісьменніцай у ацэнках савецкага патрыятызму і яго ролі ў выхаванні маладога пакалення».

Пазней да судовай справы далучылі трэцюю позву ад яшчэ аднаго героя кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» Тараса Кецмура«без подпісу і, зразумела, без распачатай з гэтай прычыны справы».

Пытанняў да ходу судовага працэсу безліч. Вялікая колькасць парушэнняў, замена суддзі, абразы ў бок Святланы Алексіевіч і нават пагрозы забіць — «абяцаюць парэзаць на кавалачкі…». Суд заявіў, што нічога такога не чуў.

Паводле рашэння суда, позва была задаволеная часткова. Суд пастанавіў:

«Абавязаць рэдакцыю газеты «Комсомольская правда» ў двухмесячны тэрмін апублікаваць абвяржэнне згаданых звестак. Галаўнёвай Іне Сяргееўне ў позве пра гонар і годнасць да Алексіевіч Святланы Аляксандраўны і рэдакцыі газеты «Комсомольская правда» адмовіць.

Спагнаць з Алексіевіч Святланы Аляксандраўны на карысць Кецмура Тараса Міхайлавіча выдаткі на дзяржмыта ў памеры 1320 руб. і дзяржмыта на карысць дзяржавы ў памеры 2680 руб. Спагнаць з Галаўнёвай Іны Сяргееўны на карысць дзяржавы 3100 рублёў».

Каманда праекта зацікавілася фактам пастаноўкі ў Тэатры імя Янкі Купалы спектакля «Цынкавыя хлопчыкі». Удалося адшукаць сведак падзеі, а таксама некалькі фотаздымкаў. Адкрыццём было і тое, што спектакль, па сутнасці, стаў адной з прычын для пачатку суда.

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі». Усе фоты спектакля — з уласнага архіва, уладальнік якога пажадаў застацца невядомым.

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі». Усе фоты спектакля — з уласнага архіва, уладальнік якога пажадаў застацца невядомым.

«З гісторыі быў сцёрты не толькі сам спектакль, але і факт ягонага існавання. Прыкладна такім жа чынам маглі выдаліць з памяці і звальненне амаль усёй трупы Купалаўскага тэатра ў 2020-м годзе, калі б гэта не адбывалася ў эпоху інтэрнэту. Таму для мяне было надзвычай важна аднавіць гэты прабел», — кажа былая акторка Купалаўскага Крысціна Дробыш, якая і правяла ўласнае расследаванне.

Удалося ўзнавіць некаторыя дэталі тэатральнай пастаноўкі.

Як адбываўся працэс рэпетыцый, складана сказаць, бо прайшло больш за 30 гадоў. Прэм’ера адбылася 27 лютага 1991 года. Інфармацыя пра суд з’явілася ў чэрвені 1992-га. То-бок спектакль праіснаваў у рэпертуары не болей за адзін сезон.

Сцэна са спектакля «Цынкавыя хлопчыкі». Рэжысёр Валерый Раеўскі. Тэатр імя Янкі Купалы (1991-1992 гг).

Сцэна са спектакля «Цынкавыя хлопчыкі». Рэжысёр Валерый Раеўскі. Тэатр імя Янкі Купалы (1991-1992 гг).

Рэжысёрам пастаноўкі быў Валерый Раеўскі, які стаў і суаўтарам інсцэніроўкі разам з аўтаркай кнігі. На рэпетыцыях прысутнічала і сама Святлана Алексіевіч, якая ўносіла свае карэктывы і праўкі.

Занятая ў спектаклі была вялікая частка трупы тэатра імя Янкі Купалы — амаль уся трупа, зазначаюць крыніцы. Нават студэнты: маладыя дзяўчаты, якія гралі нявестаў, і маладыя хлопцы ў ролі дэсантнікаў. Акторкі, больш старэйшыя, гралі маці, усе ў чорным. Яны чыталі лісты загінулых сыноў.

Сярод выканаўцаў — легенды беларускай сцэны: Валянцін Белахвосцік, Аляксандр Лабуш, Уладзімір Кін-Камінскі, Уладзімір Уладамірскі, Мікалай Кірычэнка, Галіна Бальчэўская і іншыя.

Задзейнічаны ў спектаклі быў і Генадзь Давыдзька, які на той час быў акторам тэатра Янкі Купалы. Цяпер ён — адзін з вядучых прапагандыстаў канцэпцыі «русского мира» ў Беларусі.

Актор Вячаслаў Паўлюць і Заслужаная артыстка Беларусі Наталля Качаткова ў спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Актор Вячаслаў Паўлюць і Заслужаная артыстка Беларусі Наталля Качаткова ў спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Мастаком быў Барыс Герлаван, кампазітарам — знакаміты арганіст Алег Янчанка.

Паводле ўспамінаў, спектакль быў вельмі цяжкі эмацыйна.

На авансцэне знаходзіўся галоўны герой — звар’яцелы салдат (паводле іншай версіі, «далакоп» — капальнік магіл), які цягам усяго спектакля капаў магілу. Апрануты ў дэсантную цяльняшку, ён цягам усяго спектакля знаходзіўся ў гэтай яме. Для кожнага спектакля ў тэатр прывозілі самазвал зямлі. І з нейкай невядомай нашым суразмоўцам прычыны напрыканцы спектакля гледачы кідалі наўпрост у гэтую магілу кветкі і цукеркі.

Гледачы ахвотна хадзілі на спектакль. Вядома, што глядзелі спектакль і самі «афганцы». Пасля прагляду некаторыя з іх зазначалі, што «ў прынцыпе пададзена даступна, аднак там (рэд. — на вайне) мы наглядзеліся такіх жахаў, пра якія нельга расказваць».

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі»

Народная артыстка БССР, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі БССР Марыя Захарэвіч і актор Аляксандр Лабуш у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі».

Народная артыстка БССР, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі БССР Марыя Захарэвіч і актор Аляксандр Лабуш у спектаклі «Цынкавыя хлопчыкі».

Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Праграмка спектакля «Цынкавыя хлопчыкі» (1991 год)

Чытайце таксама:

Выйшла першая аўдыякніга Святланы Алексіевіч на беларускай мове

Алексіевіч пра затрыманага тры гады таму Бабарыку: У яго была нейкая нават наіўная вера ў тое, што мы можам нешта памяняць

Пяць кніг Святланы Алексіевіч зробяць у аўдыя па-беларуску

Алексіевіч аб прысудзе вясноўцам: «Мы ўцягваемся ў гэтую яму»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?