Фота: av.by, калаж «Наша Ніва»

Фота: av.by, калаж «Наша Ніва»

VW Jetta

«Народны» аўтамабіль з-за акіяна — VW Jetta сёмай генерацыі. Цэны на такія аўто ў Беларусі пачынаюцца з адзнакі ў 15 тысяч даляраў. Але арыентавацца на самы ніз рынку не найлепшая ідэя, бо па нізкіх цэнах годныя варыянты сустракаюцца вельмі рэдка. Таму лепей арыентавацца на тысяч 16.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

Сёмае пакаленне VW Jetta не мае аналагаў у Еўропе, таму абсалютна ўсе машыны ў продажы прыехалі да нас менавіта са Штатаў або Канады. Амаль усе яны маюць пад капотам рухавік аб'ёмам 1,4 літра. Сустракаюцца аўтамабілі як з аўтаматычнай, так і з механічнай каробкай перадач.

2-літровыя варыянты ў Беларусь трапляюць рэдка, бо, апроч больш высокай цаны ў ЗША, мытныя плацяжы за такі аб'ём рухавіка значна большыя.

З 200 выстаўленых на продаж Jetta толькі 7 маюць пад капотам 2-літровы рухавік. Цэны на такія аўто пачынаюцца ўжо з 22 тысяч даляраў.

Ford Escape

Сярод паркетнікаў вялікай папулярнасцю карыстаецца Ford Escape 4-га пакалення, які прыйшоў на канвеер у 2019 годзе. За самыя танныя Escape просяць каля 18 тысяч даляраў. Пры гэтым 2/3 з выстаўленых на продаж машын маюць цану ў 20+ тысяч даляраў.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

Мадэльны шэраг Ford Escape мае тры варыянты рухавіка. Два бензінавыя аб'ёмам 1,5 і 2,0, а таксама адзін гібрыдны з рухавіком аб'емам 2,5 літра. 

Большасць Escape, прывезеных у Беларусь, аздобленыя «прахадным» паўтаралітровым турбаматорам. Толькі кожны дзясяты мае пад капотам 2-літровы рухавік. І ўсяго 5 з 157 варыянтаў — гэта гібрыдныя Escape з маторам на 2,5 літра.

У адрозненне ад VW Jetta ў Ford Escape ёсць еўрапейскі аналаг. У Старым свеце мадэль прадаецца пад назвай Ford Kuga.

Buick Encore 

Гэты аўтамабіль таксама не першы год мае высокі попыт на беларускім рынку аўто з ЗША. Ён мае аналаг у Еўропе — Opel Mokka. Усе Buick Encore маюць рухавік аб'ёмам 1,4 літра, які працуе ў пары з АКПП. Сярод фундаментальных адрозненняў, бадай, толькі той факт, што гэтыя аўто могуць быць як пярэднепрываднымі, так і поўнапрываднымі.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

У Беларусі цэны на Buick Encore 2019 года выпуску пачынаюцца з 14,5 тысячы даляраў. Але больш за ўсё прапаноў у цэнавым дыяпазоне 16-17 тысяч даляраў.

Маслкары. Ford Mustang

Сярод беларускіх аўтааматараў даволі вялікай папулярнасцю карыстаюцца так званыя маслкары. 

Часцей за ўсё да нас вязуць Ford Mustang. Цяпер у Беларусі прадаецца больш за 50 такіх аўто не старэйшых за 2019 год. Сярод іх даволі шмат кабрыялетаў — 21 з 54.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

За выключэннем некалькіх экзэмпляраў, цэны на Mustang ў нас стартуюць з адзнакі ў 25 тысяч даляраў. Столькі просяць за аўтамабілі, у якіх пад капотам стаіць рухавік аб'ёмам 2,3 літра.

А вось Mustang з 5,0 — вялікая рэдкасць. Такіх з 54 штук усяго 5.

За самы танны просяць 39 тысяч даляраў, а за самы дарагі — 65 тысяч.

Chevrolet Camaro

На другім месцы па папулярнасці сярод амерыканскіх маслкараў у Беларусі ідзе Chevrolet Camaro. Такіх машын ад 2019 года выпуску прадаецца 40 штук.

Цэны на Chevrolet Camaro не старэйшыя за 4 гады стартуюць з 24,5 тысячы даляраў.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

У 30 з 40 варыянтаў пад капотам 2-літровы матор, 9 машын мае рухавік аб'ёмам 3,6 літра. Цэны на такія аўто пачынаюцца ўжо з 30 тысяч даляраў. Таксама ў продажы ёсць адзін Camaro, пад капотам у якога рухавік на 6,2 літра. Просяць за такі аўтамабіль 2022 года выпуску з прабегам 8 048 кіламетраў 44 100 даляраў.

Dodge Challenger

Замыкае тройку лідараў Dodge Challenger, машын да 4 гадоў у продажы 33 штукі. За выключэннем некаторых варыянтаў, за якія просяць 27-29 тысяч даляраў, цэны на Dodge Challenger ад 2019 года і вышэй стартуюць з 30 тысяч даляраў.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

У адрозненне ад двух папярэдніх маслкараў мінімальны аб'ём рухавіка ў Dodge Challenger — 3,6 літра. З такім рухавіком прадаецца 90% Challenger у Беларусі. Але сярод 33 машын ёсць 2 варынты з рухавікамі 5,7 літра і адзін з 6,4. За апошні просяць 39 900 даляраў.

Chevrolet Equinox

Сапраўдным бестселерам сярод амерыканскіх аўто ва ўзросце да 4 гадоў з'яўляецца Chevrolet Equinox. На бягучы момант у Беларусі прадаецца больш за 300 такіх красовераў.

У 90% выпадкаў пад капотам у Chevrolet Equinox, якія ёсць на нашым рынку, «прахадны» рухавік на 1,5 літра.

Фота: скрыншот з сайта av.by

Фота: скрыншот з сайта av.by

Цэны стартуюць з адзнакі ў 16,5 тысячы даляраў для аўто з 1,5 літра і з 18,5 тысячы для 2-літровых варыянтаў.

Што трэба ведаць, калі купляеш аўто з ЗША?

Першае, да чаго варта быць гатовым пакупнікам аўто з ЗША або Канады, — гэта аварыйнае мінулае. Гэта не абавязкова мусіць быць нешта фатальнае, але хоць нейкія пашкоджанні былі ў 99% аўто, якія едуць да нас з гэтых краін.

Калі прадавец завярае, што ўвесь аўтамабіль у роднай афарбоўцы, то гэта мусіць моцна насцярожыць, бо апроч «біткоў» са Штатаў прыязджае не мала «таплякоў». Да машын пасля затаплення трэба ставіцца асабліва асцярожна, бо такі аўтамабіль можа стаць бомбай запаволенага дзеяння.

Але насамрэч пры цвярозым падыходзе купля аўто са Штатаў можа аказацца выгаднай справай. Балазе праверыць гісторыю аўтамабіля, які раней эксплуатавалі ў ЗША, не складана.

Як не купіць кепскі аўтамабіль?

Каб не набыць аўтамабіль пасля сур'ёзнага ДТЗ, затаплення або са скручаным прабегам, трэба абавязкова праверыць яго гісторыю.

Зрабіць гэта вельмі проста: у большасці выпадкаў дастаткова ўвесці VIN-нумар аўтамабіля ў пошукавік. Так вы зможаце ўбачыць, як выглядала аўто на момант продажу на аўкцыёне.

Прыклад таго, як можна убачыць, у якім стане, калі і з якім прабегам аўтамабіль быў прададзены на аўкцыёне ў ЗША. Скрыншот з сайта bidfax.info

Прыклад таго, як можна убачыць, у якім стане, калі і з якім прабегам аўтамабіль быў прададзены на аўкцыёне ў ЗША. Скрыншот з сайта bidfax.info

Прадаўцы таксама добра ведаюць пра такі спосаб праверкі, таму некаторыя пазначаюць у аб'яве VIN-нумар з памылкамі або наогул ад іншага аўто. Таму, калі пры праверцы аўто з пазначаным у аб'яўцы VIN у вас не атрымліваецца нічога знайсці ў адкрытым доступе, папрасіце прадаўца выслаць здымак тэхпашпарта, каб даведацца сапраўдны VIN.

Калі ў інтэрнэце ніякая інфармацыя па VIN не знаходзіцца, то гэта можа быць вельмі сур'ёзным званочкам. Бо за грошы можна вычысціць усю інфармацыю з інтэрнэту. І калі прадавец выклаў на гэта некалькі сотняў даляраў, то, відавочна, яму было што хаваць.

Скрыншот аднаго з сайтаў, які прапануе паслугі па выдаленні гісторыі аўтамабіляў з інтэрнэту

Скрыншот аднаго з сайтаў, які прапануе паслугі па выдаленні гісторыі аўтамабіляў з інтэрнэту

Яшчэ адзін спосаб праверыць гісторыю аўтамабіля са Штатаў — замовіць справаздачу CARFAX. Сэрвіс платны, і ніякіх фота, як выглядаў аўтамабіль, у справаздачы няма, але запісы пра пашкоджанні і іх прыкладны характар там будуць.

Купля на замову — ці ёсць сэнс?

Многія беларусы наважваюцца набыць аўтамабіль непасрэдна ў Штатах. Зрабіць гэта цалкам самастойна немагчыма, але фірм-пасярэднікаў, якія гатовы дапамагчы набыць аўто на аўкцыёне ў Амерыцы і арганізаваць дастаўку ў Беларусь, у нас болей чым дастаткова.

Такі спосаб куплі аўто з ЗША дазваляе атрымаць яго на 15-25% танней аналагічнага аўто ў Беларусі. Але трэба быць гатовымі, што ў такім выпадку на запаветным аўто вы будзеце ездзіць толькі праз 3-6 месяцаў, бо 2-4 месяцы трэба на тое, каб аўтамабіль дабраўся да Беларусі. Плюс спатрэбіцца нейкі час на пошук запчастак і рамонт.

Чытайце таксама: 

Не ўсё так радасна, як можа здацца. Якія пошліны на аўто існуюць у ЕС

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?