Ілюстрацыйны здымак. Фота: grodnouzo / Telegram

 Ілюстрацыйны здымак. Фота: grodnouzo / Telegram

Чацвёрты год у Беларусі працягваецца палітычны крызіс, які закрануў многія сферы жыцця, у тым ліку ахову здароўя. ЕС і ЗША не ўводзілі санкцый на пастаўкі медыкаментаў у Беларусь. Але ўсё адно з лекамі часта ўзнікаюць праблемы.

Эканамічныя санкцыі ўплываюць на сітуацыю, хай і ўскосна. Гэта яшчэ два гады таму, у верасні 2021-га, прызнаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«Любыя эканамічныя санкцыі перш за ўсё ўплываюць на сацыяльна-эканамічную палітыку. Сістэма аховы здароўя ў гэтых адносінах, бадай, найбольш уразлівая», — казаў міністр.

22 верасня 2023 года, выступаючы ў Жэневе на 54-й сесіі ААН па правах чалавека, пастаянны прадстаўнік Беларусі Ларыса Бельская заявіла, што фінансавыя санкцыі блакуюць пастаўкі лекаў.

«Свабода» расказвае, як недахоп медыкаментаў адбіўся на канкрэтных пацыентах беларускіх шпіталяў.

«Лекі для таты з анкалогіяй шукаем па ўсім свеце»

Дзяніс (імёны герояў публікацыі змененыя з меркаванняў бяспекі. — РС) расказаў, што, па яго назіраннях і досведзе, у шпіталях цяпер не хапае шмат якіх лекаў. Пра сітуацыю суразмоўца ведае асабіста, у ягонага таты рак страўніка.

«Тату адправілі дахаты, паміраць. Не змаглі лячыць, бо не было лекаў. Цяпер у яго вельмі нізкі гемаглабін. Падняць не могуць — няма лекаў. Я кажу пра імпартныя прэпараты», — кажа Дзяніс.

Ён дадае, што праз адсутнасць прэпаратаў лекары не змаглі запаволіць развіццё метастазаў. Паводле суразмоўцы, лекі цяжка закупіць, таму што няма магчымасці іх аплаціць. «Бо аплата ідзе праз банкі, якія трапілі пад санкцыі», — дадае ён.

Дзяніс і ягоныя блізкія шукаюць неабходныя медыкаменты ўласнымі сіламі.

«Але і тут бываюць праблемы. Некаторыя прэпараты прадаюць толькі юрыдычным асобам. І чалавек папросту не можа іх набыць», — тлумачыць ён.

Пошукам лекаў і перадачай іх у Беларусь заняліся і сваякі Дзяніса з Ізраіля.

«Пакуль знойдзем, пакуль перададзім у Беларусь — губляецца каштоўны час. Перадалі адтуль лекі, каб падняць гемаглабін у таты. Паднялі. Але гэта на дзесяць дзён. Потым гемаглабін зноў пачаў падаць. У Беларусі такіх прэпаратаў няма», — кажа суразмоўца.

«Пераносілі аперацыі для дзяцей»

У Марыны дзіця мае сардэчную паталогію. Свае захворванні маюць і бацькі. Беларуска заўважыла, што з продажу знік «Омнік» нідэрландскай вытворчасці. Яго прымаюць пры праблемах з прастатай.

«У аптэках няма, аналагі чалавеку не пасуюць. Знік і «Назанэкс» — яго пры прастудзе і алергіі прызначаюць і дзецям, і дарослым. Шукалі ў Польшчы і перадавалі адтуль», — кажа Марына.

Яна сцвярджае, што паўгода таму былі перабоі з расходнымі матэрыяламі для дзіцячай хірургіі, таму аперацыі пераносіліся.

«Ведаю, што дактары даставалі праз Казахстан неабходныя расходнікі, каб рабіць дзецям аперацыі ў Мінску. Цяпер, здаецца, сітуацыя змянілася ў лепшы бок», — кажа Марына. 

Паводле яе слоў, бацькі хворых дзяцей актыўна шукаюць лекі за мяжой. Напрыклад, у Нямеччыне. І знаходзяць спосабы перадаваць іх у Беларусь.

Яшчэ адна жанчына, Алеся, мае сваяка, які не можа цяпер атрымаць лячэнне ад віруснага гепатыту С.

«Бо яго падманулі ў інфекцыйным шпіталі. Абяцалі шпіталізаваць. Ён увесь час тэлефануе туды, яму адказваюць, што няма месцаў. Аказалася, што месцы ёсць, але няма імпартных лекаў!» — сцвярджае суразмоўца.

Жыхарка аднаго з райцэнтраў Людміла паскардзілася ў каментары «Свабодзе», што з продажу зніклі лекі, якія яна ўжывала ад хваробаў суставаў.

«Многія імпартныя зніклі. Я раней набывала «Алфлутоп» румынскай вытворчасці. Цяпер яго няма», — кажа жанчына.

«Праблема закупу прэпаратаў — крывая і неэфектыўная сістэма»

Сямён, беларускі доктар з 20-гадовым стажам, кажа, што праблема з тымі ці іншымі медыкаментамі, абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі была ў Беларусі заўсёды. І да санкцый, і пад санкцыямі. Ён лічыць, што перабоі з пэўнымі лекамі ці абсталяваннем — найперш вынік неэфектыўнай сістэмы закупак.

«Мы з гэтым сутыкаліся пастаянна, калі пад канец года «пабіраліся» па іншых шпіталях, прасілі там катэтары ці антыбіётыкі. Бо грошы заканчваліся, лекі ці расходныя матэрыялы не закупляліся. Сістэмы закупак праз дзяржаўныя структуры непаваротлівыя, не маюць гнуткасці. Хоць яны і на ручным кіраванні ў топавых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя», — кажа доктар.

Суразмоўца лічыць, што раней даць рады з адсутнасцю таго ці іншага прэпарата было прасцей, бо лёгка было зʼездзіць па яго ў Літву, Польшчу ці Украіну. Цяпер гэта складана. Медык кажа, што вайна і санкцыі даюць пра сябе знаць найперш праз гэта.

«Чыноўнікі ад аховы здароўя па-ранейшаму нармальна не камунікуюць з людзьмі, не тлумачаць, як паўплывалі санкцыі на тыя ж банкаўскія разлікі за медыкаменты, на лагістыку прэпаратаў, а толькі заяўляюць, што «мы гераічна выстаялі, мы ўсіх перамаглі», — кажа ён.

Што рабіць, калі няма лекаў? Залежыць ад сітуацыі, кажа Сямён. Медык раіць даверліва паразмаўляць са сваім доктарам пра аналагі, пашукаць спосабы, як набыць лекі за мяжой і перадаць на радзіму.

Калі няма іншага выйсця, можна хадзіць на асабістыя прыёмы да чыноўнікаў. Такая практыка існуе як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.

«Сярод функцыянераў, непасрэдна не звязаных з аховай здароўя, Наталля Качанава, напрыклад, прэзентуе сябе як «абаронца простых людзей». Можна паспрабаваць да яе запісацца ў скрайняй сітуацыі. Важна добра падрыхтавацца — скласці структураваны выклад скаргі, прывесці факты, прозвішчы і дакументы. Лепш таксама і ў пісьмовым выглядзе», — раіць доктар.

У сістэме аховы здароўя ў цэлым катастрофы з лекамі і медматэрыяламі пакуль што няма, лічыць суразмоўца.

«Гэта катастрофа для кожнага канкрэтнага чалавека, які сутыкаецца з тым, што ягоны рак у больш запушчанай стадыі, якую можна было б прадухіліць дэфіцытнымі цяпер лекамі. Пакуль што можна так наладзіць лагістыку, каб забяспечыць пацыентаў патрэбнымі медыкаментамі. Але сістэма ці то не хоча, ці то не ўмее гэтага рабіць. Тым больш з яе «вымылі» кадры, якія маглі б яе наладзіць, хутчэй адаптаваць да такіх «чэленджаў».

Санкцыі — гэта стрэс-тэст для сістэмы аховы здароўя, і мы бачым, як яна яго праходзіць. Але гэта, безумоўна, не адмяняе кожнай маленькай трагедыі беларуса», — дадаў Сямён.

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
19