Аляксандр Зінгман першы справа, побач з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Падчас нядаўняга візіту кіраўніка Экватарыяльнай Гвінеі ў Беларусь лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» і ганаровы консул Зімбабве ў Беларусі Аляксандр Зінгман быў у першым шэрагу чыноўнікаў, якія сустракалі Тэадора Абіанга Нгему Мбасога.
Зінгман і стаяў, і сядзеў побач з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» звяртаюць увагу, што гэты і без таго актыўны ў Афрыцы пратэжэ Шэймана спрабуе шырэй разгарнуцца на кантыненце пасля смерці Прыгожына. ПВК «Вагнер» страчвае людзей і ўплывы, скарачаючы прысутнасць у Афрыцы.
«Зінгман спрабуе зразумець, як перахапіць ахоўныя і сыравінны кантракты «Вагнера» ў розных краінах рэгіёна. Я так разумею, ахоўныя кантракты прапануецца выконваць беларускаму «ГардСэрвісу». Дамоўленасці па доступе і распрацоўцы сыравіны кожны раз розныя, у залежнасці ад часу і кан'юнктуры», — расказваюць «Нашай Ніве» суразмоўцы.
«ГардСэрвіс» — гэта прыватная ахоўная арганізацыя, заснаваная ў Беларусі. Іх трэніровачная база знаходзіцца на вуліцы Карвата ў мінскай Сцяпянцы. Раней база належала БФСА «Дынама», там трэніравалі спецназаўцаў.
«ГардСэрвіс» мае ліцэнзію на аказанне ахоўных паслуг, яе супрацоўнікі могуць валодаць зброяй. У свой час ПВК «Вагнер» пачынала з таго ж.
У абмен на ваенізаваную падтрымку дыктатарскіх афрыканскіх рэжымаў ПВК «Вагнер» атрымлівала ў распараджэнне руднікі для здабычы каштоўных металаў і іншых рэсурсаў.
Улады Экватарыяльнай Гвінеі, дарэчы, самі ўпрошвалі «Вагнер» прыйсці да іх у краіну.
Падрабязнасці актыўнасці Зінгмана ў Афрыцы пасля смерці Прыгожына пакуль невядомыя.
Аляксандр Зінгман справа і Віктар Шэйман злева. У Зінгмана ў Афрыцы знайшлі сумесны бізнэс з сынам Шэймана.
Аляксандр Зінгман — сын эмігранта. Ягоны бацька нарадзіўся і вырас у раёне Юбілейнай плошчы ў Мінску, скончыў Політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) і пайшоў працаваць тэхнічным спецыялістам на мінскі завод вылічальных машын імя Арджанікідзэ. А потым, напачатку 80-х, эміграваў у Штаты, прыхапіўшы з сабой жонку і сына, перавучыўся на камп'ютаршчыка і няблага ўладкаваўся. Рос Аляксандр ужо ў ЗША ў забяспечанай сям'і.
Пра гэты перыяд жыцця Зінгмана-малодшага мала што вядома.
Але ў выніку бацька адправіў сына назад у Стары Свет. Аляксандр вярнуўся на гістарычную радзіму і распачаў паход па сябрах бацькі, якія ўжо сталі буйнымі фігурамі ў Маскве і Мінску.
У Афрыку Зінгман зайшоў, скалупнуўшы Юрыя Чыжа, які прадаваў беларускую тэхніку ў Афрыку па схеме кансігнацый — браў з заводаў на рэалізацыю бясплатна, а потым да вызначанай даты пераводзіў грошы назад, пакідаючы сабе прэмію.
Акурат тады нейкія іншыя бізнэсы сталі даваць збой, а Чыж пачаў затыкаць гэтымі грашыма ўласныя дзіркі.
Кажуць, менавіта Зінгман звярнуў увагу кіраўніцтва краіны на нясвоечасовыя плацяжы, што ў значнай меры паўплывала на наступны не вельмі вясёлы лёс Чыжа.
Як бы там ні было, але пасля гэтай гісторыі адказным за пастаўкі тэхнікі ў Афрыку стаў ужо сам Зінгман — афрыканскія СМІ называлі яго галоўным бенефіцыярам кампаніі Aftrade DMCC, якая пастаўляе ў Афрыку прадукцыю МАЗ, МТЗ, БелАЗ, Гомсельмаш, МЗКТ.
Ваенны злачынца, пуцінскі бізнэсмен і кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын загінуў 28 жніўня — самалёт, на якім ён ляцеў, упаў у Цвярской вобласці ў выніку, як мяркуецца, унутранага выбуху. Падазраваных па справе няма.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:
Прыгожын і Уткін загінулі, іх самалёт разбіўся над Валдаем. Што вядома на гэты момант
Бізнэсоўца Зінгмана заўважылі на перамовах Лукашэнкі і Мбасога ФОТАФАКТ
Аляксандр Зінгман выйшаў з кангалезскай турмы і ўжо ў Зімбабвэ
Гектар зямлі і дамы пад Мінскам. Як выглядаюць уладанні затрыманага бізнэсоўца Зінгмана





