McDonnell Douglas DC-9. Фота: Wikimedia Commons

McDonnell Douglas DC-9. Фота: Wikimedia Commons

Былы прэм'ер-міністр Італіі Джуліяна Амата абвінаваціў Францыю ў атацы на пасажырскі самалёт у 1980 годзе, якая скончылася яго крушэннем. У катастрофе загінуў 81 чалавек (77 пасажыраў і чатыры члены экіпажа). Па сцвярджэнні палітыка, лайнер быў збіты французскім знішчальнікам падчас спробы замаху на дыктатара Лівіі Муамара Кадафі, піша «Радыё Свабода».

Самалёт McDonnell Douglas DC-9 авіякампаніі Itavia разбіўся над Тырэнскім морам ля Сіцыліі 27 чэрвеня 1980 года. Ён накіроўваўся з Балоньі ў Палерма. Прычыны крушэння засталіся невядомыя.

У час следства разглядаліся версіі аб канструкцыйным недахопе самалёта, выбуху бомбы ці траплянні ракеты. У паведамленнях медыя ў 1980 годзе распавядалася, што ў зоне крушэння лайнера былі выяўленыя самалёты NATO.

Некалькі высокапастаўленых італьянскіх вайскоўцаў абвінавачваліся ў дачы лжывых паказанняў падчас расследавання.

У інтэрв'ю газеце La Repubblica Амата заявіў, што ўпэўнены, што самалёт быў пераблытаны з бортам Кадафі і збіты французскімі ВПС.

Раней версію аб дачыненні французскіх ВПС да катастрофы самалёта выказваў прэм'ер-міністр Італіі ў 1980 годзе Франчэска Касіга. Ён казаў, што яму і Амата гэта распавялі супрацоўнікі італьянскіх спецслужбаў. Італьянскія медыя сцвярджалі, што аналагічная інфармацыя ўтрымлівалася ў дакументах лівійскіх спецслужбаў, выяўленых пасля захопу Трыпалі ў 2020 годзе.

Італьянскі суддзя Разарыа Прыёрэ, які вёў адно з расследаванняў катастрофы, у справаздачы аб катастрофе заявіў, што яго працы перашкаджалі супрацоўнікі італьянскіх спецслужбаў і арміі.

Амата папрасіў прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона прызнаць віну і «змыць з Францыі гэтую ганьбу».

Італьянскі палітык прызнаў, што ў яго няма прамых доказаў гэтай версіі. Паводле яго слоў, у 2000 годзе, калі ён узначальваў урад, ён папрасіў праліць святло на прычыны катастрофы прэзідэнтаў ЗША і Францыі Біла Клінтана і Жака Шырака, але пачуў «вельмі ветлівыя адказы» без якіх-небудзь звестак.

Прэм'ер-міністр Італіі Джоржа Мелоні папрасіла Амата даць доказы яго слоў. У Міністэрстве замежных спраў Францыі газеце Le Figaro заявілі, што французскія ўлады заўсёды перадавалі італьянскаму следству ўсю патрэбную інфармацыю па тым, што здарылася, і гатовыя супрацоўнічаць са следствам і надалей.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?