Міхаіл Падаляк. Фота: УНІАН
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк распавёў, ці зойдуць Узброеныя сілы Украіны на тэрыторыю Расіі, якая развязала поўнамаштабную крывавую вайну ў 2022 годзе, піша УНІАН.
«Няма сэнсу заходзіць на тэрыторыю Расіі, бо вайна ўжо пераносіцца на яе тэрыторыю. Самі рускія яе да сябе і пераносяць. Бо вяртаюцца забойцы, якія адразу здзяйсняюць мноства злачынстваў. Там усё ідзе ў развал, бо кіраўнічых рашэнняў правільных, кіраўнічых сігналаў няма», — сказаў Падаляк.
Паводле слоў Падаляка, самае галоўнае ў тым, што расіяне больш не ўпэўненыя ў тым, што іх краіна развіваецца правільна, што яна стабільная і маналітная. Паводле яго слоў, самі жыхары РФ у чаканні, што ў іх нешта наспее і адбудзецца — усё абрынецца.
«Нам сэнсу няма туды заходзіць, бо, як толькі здарыцца на нейкім кірунку абвал фронту, у Расіі пачнецца рэвалюцыйны працэс — маштабны бунт…» — мяркуе дарадца.
Ён тлумачыць, што Украіне бессэнсоўна захопліваць расійскія гарады, хоць бы праз тое, што ўкраінцы — ментальна вельмі адрозніваюцца ад грамадзян РФ.
«Бо калі ты заходзіш на чужую тэрыторыю і пры гэтым — ментальна іншы, табе трэба там татальна дамінаваць — трымаць пад кантролем, бо там будуць ненавідзець. Чаму мы павінны трымаць пад кантролем людзей, якія засталіся ў 17 стагоддзі? Яны нам не патрэбныя. Расія ў любым выпадку не генеруе нічога карыснага», — падкрэсліў Падаляк.
Калі заходзіць на тэрыторыю ворага, яе трэба кантраляваць прынамсі нейкі час. Аднак Украіне прыйдзецца траціць на гэта вялікую колькасць рэсурсу, што цалкам бессэнсоўна.
Украіне трэба «абваліць фронт», справакаваць у РФ рэвалюцыйны працэс, які з'яўляецца непазбежным, бо, на думку Падаляка, расіяне і самі гэтага хочуць.
«Нам проста трэба паскорыць мерапрыемства і купіць поп-корн і ружовае шампанскае», — кажа Падаляк.
Ён мяркуе, што рэвалюцыйныя працэсы прывядуць да абнаўлення ў РФ палітычнай эліты і нейкай «слабой дэмакратыі». Аднак Украіне за гэты час неабходна разарваць усё, што хоць неяк звязвае дзве краіны — абсалютна ўсю інфармацыйную прастору, культуру і інш.





