Момант пацалунку. Фота: Noemi Llamas / Eurasia Sport Images / Getty Images

Момант пацалунку. Фота: Noemi Llamas / Eurasia Sport Images / Getty Images

Чэмпіёнкі свету па футболе адмовіліся выступаць за зборную Іспаніі да звальнення прэзідэнта Каралеўскай іспанскай футбольнай федэрацыі (RFEF) Луіса Рубіалеса за пацалунак футбалісткі каманды Хеніфер Эрмоса. Адпаведная заява апублікаваная на старонцы Асацыяцыі прафесійных футбалістаў (FUTPRO) у Twitter (пераназваная ў Х), піша РБК.

«Чэмпіёнкі свету і іншыя футбалісткі выказваюць падтрымку Эрмоса і цвёрда асуджаюць паводзіны, якія абражаюць годнасць жанчын», — гаворыцца ў заяве, дзе адзначаецца, што да байкоту могуць далучыцца і іншыя футбалісты.

У заяве таксама прыводзіцца цытата Эрмоса: «Я не пацярплю таго, што мае словы ставяцца пад сумнеў, а тым больш таго, што прыдумляюцца словы, якіх я не казала».

Усяго пра байкот абвясцілі 53 футбалісткі.

Кіраўнік RFEF на цырымоніі ўзнагароджання пасля перамогі нацыянальнай каманды ў фінале жаночага чэмпіянату свету над Англіяй (1:0) моцна абняў і пацалаваў у вусны Эрмосу, чым выклікаў крытыку ў свой адрас. Тлумачачы свае дзеянні, Рубіалес заклікаў «не звяртаць увагі на лухту».

Да адстаўкі 45-гадовага Рубіалеса раней заклікалі Жаночая футбольная ліга Іспаніі, а таксама іспанскія палітыкі, сярод якіх віцэ-прэм'ер Ёланда Дыяс.

У чацвер дысцыплінарны камітэт ФІФА распачаў справу супраць Рубіалеса. У ФІФА адзначылі, што яго дзеянні могуць быць парушэннем арт. 13 дысцыплінарнага кодэкса, прысвечанага «абразлівым паводзінам», у прыватнасці «парушэнню асноўных правілаў годных паводзін» і «паводзінам, якія наносяць шкоду рэпутацыі гэтага віду спорту».

Пракуратура Мадрыда 25 жніўня распачала справу ў дачыненні да кіраўніка RFEF па падазрэнні ў сэксуальным гвалце. У справе ёсць заява ад самой Эрмоса, а таксама ад прэзідэнта Нацыянальнай школы футбольных трэнераў Мігеля Анхеля Галана.

Нягледзячы на ціск, Рубіалес 25 жніўня заявіў, што не сыдзе ў адстаўку. На знак пратэсту форвард «Бетыса» Борха Іглесіяс абвясціў аб сыходзе з мужчынскай зборнай Іспаніі.

Рубіалес узначальвае RFEF з мая 2018 года.

Чытайце таксама:

Названы гульцы зборнай на матчы з Андорай і Ізраілем. Ёсць нават беларус з чэмпіянату Іспаніі. Але не спяшайцеся радавацца

БАТЭ прапусціў чатыры мячы ад косаўскага «Балкані»

Месі наняў сабе асабістага целаахоўніка. Той бегае ўздоўж поля падчас яго матчаў

Клас
6
Панылы сорам
8
Ха-ха
14
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
1