Фота: ДСНС
Хоць у парушэнні правілаў дарожнага руху ў першую чаргу пакуль падазраецца кіроўца грузавіка, у інтэрв'ю ўкраінскай службе Бі-бі-сі прадстаўнікі Вінніцкай паліцыі прызналіся, што ў іх дагэтуль няма выразнай версіі здарэння і следства працягваецца.
Пры гэтым зразумела, што і кіроўца «Жыгулёў» парушыў, прынамсі, правілы па перавозцы такой колькасці людзей у легкавым аўтамабілі, да таго ж вечарам і на ажыўленай трасе.
Вялікая сям'я
Фота: Нацыянальная паліцыя
Як распавёў стараста пасёлка Брадзецкае Ігар Ткачук, усе, хто ехаў у «Жыгулях», былі фактычна адной сям'ёй.
У аўтамабілі, акрамя кіроўцы, былі яго жонка, іх двухгадовы сын, непаўналетняя дачка, цешча і кум — хросны бацька хлопчыка. Акрамя таго, у машыне знаходзіўся яшчэ і родны брат кіроўцы са сваёй сям'ёй — жонкай і чатырма дзецьмі.
«У той дзень яны святкавалі дзень нараджэння малодшага хлопчыка — сына кіроўцы, — тлумачыць Ткачук. — Лагічнага тлумачэння, чаму яны ўсё туды ўлезлі, няма, бо ў братоў на дваіх было тры аўтамабілі».
Універсал ВАЗ 2102 прызначаны для перавозкі 5 чалавек. Фота: Вікіпедыя
Але як наогул змаглі 12 чалавек змясціцца ў невялікай машыне, хай і ўніверсале?
Па словах Ігара Ткачука, мяркуючы з усяго, ва ўніверсал ВАЗ 2102, вядомы ў народзе як «двойка», дадалі трэці шэраг сядзенняў з ВАЗа 2106.
Гэтую мадэль у СССР перасталі выпускаць яшчэ ў 1986 годзе, так што машына была вельмі старая.
«Дзеці былі на руках. На руках у пасажыра спераду было двое дзяцей. А астатнія сядзелі ззаду», — удакладняе стараста.
Фота: ДСНС
Па словах старасты, кіроўца і яго брат былі з не самай паспяховай сям'і, хлопцы раслі ў інтэрнатах, але потым нядрэнна ўладкаваліся ў жыцці, былі працавітымі, не пілі, пабудавалі сабе дамы, купілі аўтамабілі, завялі сем'і.
Што прымусіла іх паехаць вечарам у перапоўненым аўтамабілі па ажыўленай трасе, застаецца загадкай.
Ігар Ткачук выказвае меркаванне, што яны маглі падвозіць дадому, у населены пункт у 30 км ад Брадзецкага, кума кіроўцы, хроснага бацьку імянінніка.
Як менавіта развіваліся падзеі далей, высвятляюць эксперты, але фатальную ролю маглі адыграць розныя фактары.
«Ці быў кіроўца ВАЗа п'яны, ці не? Не ведаю, — кажа стараста. — Але яны сядзелі, выпівалі, бо ў сына дзень нараджэння. І яшчэ адзін фактар — сонца. Ён а 7 вечара ехаў на «Жыгулях» на захад, можа быць, яго асляпіла сонца».





