Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік Evgeny Kanaplev and Julia Leydik Евгений Канаплев и Юлия Лейдик

Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік згадваюць вядомых персон, якіх яны фатаграфавалі. Скрын відэа ютуб-канала «Максімальна»

Чаму лічаць Макса Каржа сэксістам

Фатографы адзначаюць, што сярод вядомых асобаў, якіх яны здымалі, найбольш сэксізму назіралі ў Макса Каржа.

Юлія Лейдзік згадвае, як яны пачалі яго здымаць:

«Нейкі чалавек, звязаны з музыкай, шукаў фатографа і пісаў: «Мне неабходны добры фатограф, каб зняць знакамітага чалавека». Я напісала яму ў прыват і скінула партфоліа. Ён паведаміў, што ім падыходзіць, і сказаў, што здымкі будуць Макса Каржа. Гэта было ў 2016 годзе. Мы з Жэнем не ведалі, хто такі Макс Корж. Мы сталі глядзець, што ён спявае. Паслухалі песні».

Юліі было цікава зразумець, як Корж збірае стадыёны, адчуць, што ў яго за энергія.

Лейдзік адзначае, што ім не паставілі ніякіх умоваў, а проста сказалі зрабіць партрэты. Таму, калі прыйшоў Корж, яна спрабавала яго зразумець праз музыку, прапаноўваючы паставіць тую музыку, якая яму падабаецца. У нейкі момант Корж прапанаваў паставіць сваю музыку. Пазней на прапанову фатографа падскочыць, каб трохі раскрыць сківіцу, спявак адказаў, што сам ведае, як яму трэба.

«І ў нас пачалося як быццам бык на быка. Я разумею, што ён не падпускае да сябе. Я папрасіла сфатаграфавацца разам. Тады якраз развіваўся інстаграм. «Выставім сторыз». А ён такі: «А я табе не малпачка, каб са мною фоткацца». Я такая: «Чаго? З намі Лундгрэн фоткаўся. А ты не хочаш?». А ён: «Гэта ў мяне такі закон».

Па словах Юліі, Корж — вельмі цікавая асоба: «Ён, як жывёла, хаваецца ад усіх. А там насамрэч цэлы свет».

Пасля тых першых здымак Корж даведаўся тэлефон Жэні Канаплёва і стаў яму пісаць. Але ў сувязі з тым, што фатограф не чытае паведамленняў, Корж напісаў Юліі, каб тая папрасіла Жэню прачытаць паведамленні. Як аказалася, спявак прасіў пра здымкі, але без Юліі.

«Я пішу з Жэневага тэлефона: «Здарова. Гэта я, Юля. Жэня не любіць сацыяльныя сеткі. І ён бы табе не адказаў. І ён зусім не хоча цябе фатаграфаваць. Табе па-любому давядзецца са мною камунікаваць». Корж адказаў: «Мне патрэбны Жэня, але без цябе». Мяне гэта вельмі зачапіла. У мяне ўсярэдзіне ўсё апусцілася. Я нават у дэпрэсію ўпала на дзень. Я нават плакала», — згадвае Юля.

Па словах Лейдзік, Канаплёў зусім не хацеў фатаграфаваць Каржа, але яна яго ўгаварыла, сказаўшы, што спявак — цікавая асоба: «Давай для нашай біяграфіі, для нашай гісторыі, для нашай будучай кніжкі, якая, магчыма, калі-небудзь выйдзе, гэта гісторыя будзе ў скарбоначку».

Юлія папрасіла Каржа патлумачыць, чаму ён хоча бачыць на здымках толькі Жэню. А ён адказаў: «Ты балаган». Дзень Юлія плакала, а потым змірылася і выслала Каржу прайс. Згадвае, што спявак у адрозненні ад іншых вядомых асобаў не прасіў зніжак.

Пасля таго выпадку супрацоўніцтва працягваецца. Цяпер Корж праз Юлію дамаўляецца пра здымкі з Канаплёвым, бо ведае, што той не адказвае на паведамленні. Спявак нават цікавіцца, як у іх справы.

Як Лейдзік дапамагала мыць галаву Каржу

Лейдзік яшчэ згадала, што быў момант, калі яна дапамагала Максу Каржу мыць галаву:

«Здымкі былі на «Гарызонце». Мы здымалі сімвалы 2020 года. Было наслаенне. Багінская і адразу Корж. Ён такі прыходзіць, а я кажу: «Я магу сысці». А ён: «Не, ты можаш заставацца». Дазволіў мне. Я прынцыпова адвярнулася спінаю. Корж просіць памыць галаву. Я яму кажу, што пісала, што тут цёплай вады няма. Тут «Гарызонт». У прыбіральні ёсць халодная».

Юлія прапанавала сваю дапамогу. Яна ліла ваду з бутэлькі на галаву спевака. Заўважае, што пасля гэтага дыстанцыя паміж імі ўсё адно засталася.

Марадона, Талай, Шнур

Яўген Канаплёў згадвае, што здымкі Дыега Марадоны занялі 45 секунд, хоць было запланавана 10 хвілін.

Фатографы таксама рабілі здымкі параалімпійца Аляксея Талая.

«Гэта боль. Гэта рэальная зброя для прапаганды. І гэта працуе. Зноў жа адчуванне ўлады, якая дадзена гэтаму чалавеку. Ён атрымаў яе і выкарыстоўвае. І яго выкарыстоўваюць. Ён не разумее, наколькі моцна яго выкарыстоўваюць. Але потым зразумее», — гаворыць Яўген.

У аб'ектыў фатографаў патрапіў таксама спявак Шнур. «Ён нам спадабаўся. Клёвы чувак. Вельмі адкрыты. Мы не ведалі адно аднаго», — адзначае Юлія.

Шнура яны здымалі на фоне чырвонай прасціны на маленькі паларойдны фотаапарат.

Расійскага журналіста Леаніда Парфёнава Юлія характарызуе як капрызнага. Яўген жа адзначыў яго як «афігеннага чувака».

Як здымалі Вадзіма Пракоп'ева

Фатографы распавялі, як рабіўся здымак Вадзіма Пракоп'ева з аголенай жанчынай. Па словах Юліі, іх папрасілі прыдумаць яркі здымак для інтэрв'ю былога рэстаратара ў модным часопісе.

«Я думала, што было б прыкольна, каб ён сядзеў з мядзведзем і піў гарэлку. Мне сказалі, што мядзведзя нельга знайсці. Я кажу, што ёсць таксідэрмісты. Звоняць, гавораць, што мядзведзя не знайшлі. Ёсць дзве качкі. Ну, я сказала, няхай будуць.

Я яшчэ думала, як яго зняць. Пракоп'еў любіць прыгожых жанчын. Я гавару, давай яго сфоткаем з голай попай. Жэня пагадзіўся. Я распавяла ідэю Пракоп'еву. Ён сказаў: «Класна». Я дзяўчынку знайшла, якая без праблем пагадзілася. Яна прыйшла такая, села на яго і сышла».

Brutto і Кіеў

Здымкі Міхалка і гурта Brutto фатографы вызначаюць як знакавыя для сябе. Здымаць артыста яны ездзілі ў Кіеў.

Прадзюсар гурта сустрэў іх на вакзале як ганаровых гасцей.

«Вадзіў па найлепшых кавярнях Кіева. Прапанаваў самім выбраць студыі. Мы ўжо прадумалі, як будзем здымаць. Момант такога бруднага адзення. І я сказала, што хачу па-сапраўднаму. І ён нас павёз да дзяўчынкі — мастачкі па касцюмах, якая зробіць бруд пэўнага колеру, дзірку, што спадабаецца. Памятаю, што Жэня быў у захапленні ад магчымасцяў студыі».

Канаплёў згадвае, што студыя была вялікая і ўся чорная. А ім якраз была патрэбная такая атмасфера, бо потым фатографы самі малявалі фон. Кожны ўдзельнік групы прыходзіў паасобку. Юля ім гаварыла адціскацца ад падлогі. Яна згадвае, што музыкі выконвалі яе заданні без пытанняў.

«З імі так кайфова было працаваць. Яны да нас ставіліся як да прафесіяналаў. З такой павагай. Гэта была песня, а не здымкі. Я памятаю, Міхалок заходзіць і кажа: «У мяне тут гурт. Мне трэба быць сур'ёзным. Я тут хіханькі-хаханькі не буду». І памятаю, ён нам яшчэ грушавы сідар падарыў, сказаўшы, што цяпер не п'е».

Стывен Сігал і зялёны кавун

Сігала здымалі на наступны дзень пасля таго, як ён пабываў у гасцях у Лукашэнкі, падчас чаго Лукашэнка яго карміў морквай і даў кавун.

«І ён прыйшоў з гэтым кавуном і папрасіў ахоўніка разрэзаць. Ён яго разрэзаў, а кавун аказаўся зялёным. Ахоўнік спужаўся. Ён паехаў у «Еўраопт» (гэта было бліжэй да зімы) і купіў кавун. Гэты кавун і далі Сігалу».

Але фота знакамітасці фатографы прыбралі са свайго партфоліа, бо акцёр падтрымлівае вайну ва Украіне.

Чытайце яшчэ:

Фатограф падаў на конкурс выяву, створаную штучным інтэлектам. І перамог

Гродзенскі фатограф стварыў каляндар з гістарычнымі асобамі горада, а потым пачаў пісаць пра іх п’есы

Гэта легендарнае фота з пратэстаў вы дакладна бачылі. Вялікае інтэрв’ю з яго аўтарам, якога эвакуявалі з Беларусі. «Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»

Клас
14
Панылы сорам
9
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?