Эвіка Сіліня. Фота: яе фэйсбук

Эвіка Сіліня. Фота: яе фэйсбук

Эдгар Рынкевіч вылучыў Сіліню па выніках кансультацыі аб фарміраванні новага Кабінета міністраў з палітычнымі партыямі, якія маюць прадстаўніцтва ў Сейме.

Ён на прэс-канферэнцыі выказаў упэўненасць, што Сіліня зможа выканаць задачу — стварыць урад — у кароткія тэрміны. «Досвед і веды Сіліні — добры пачатак для стварэння Кабінета міністраў», — сказаў прэзідэнт Латвіі.

Рынкевіч таксама выказаў спадзеў, што да сярэдзіны верасня гэтая задача — фарміраванне ўрада — будзе завершаная.

Эвіка Сіліня нарадзілася ў 1975 годзе. У 1997 годзе абараніла на юрыдычным факультэце Латвійскага ўніверсітэта ступень бакалаўра сацыяльных навук, кваліфікацыя — юрыст. У 2001 годзе ў Рыжскай юрыдычнай школе — ступень магістра сацыяльных навук у сферы права, спецыялізацыя — міжнароднае і еўрапейскае права. Акрамя роднай латышскай мовы, свабодна валодае англійскай і рускай мовамі.

Да прыходу ў палітыку — індывідуальна практыкуючы прысяжны адвакат. Яе муж таксама адвакат.

У 2011 годзе пасля роспуску Сейма балатавалася на пазачарговых парламенцкіх выбарах па Рыжскай выбарчай акрузе па спісе Партыі рэформаў прэзідэнта Валдзіса Затлерса (ПРЗ), аднак абраная не была.

Але менавіта з гэтага моманту Сіліня пачала рабіць «кулуарную» палітычную кар'еру. Пасля зацвярджэння ўрада Валдзіса Дамброўскіса ў лістападзе 2011 года стала дарадцам па юрыдычных пытаннях міністра ўнутраных спраў Рыхарда Казлоўскіса. З 2013 па 2019 год — парламенцкі сакратар МУС, пры міністру Казлоўскісе.

У 2018 годзе балатавалася ў Сейм ад «Новага адзінства», але не была абраная. У 2019 годзе, пасля зацвярджэння першага ўрада Крыш'яніса Карыньша, пакінула пасаду парламенцкага сакратара МУС.

З 2019 па 2022 год Эвіка Сіліня — парламенцкі сакратар прэм'ер-міністра Крыш'яніса Карыньша. У Латвіі прэм'ер-міністр мае вялікую вагу.

На апошніх парламенцкіх выбарах Сіліня была абраная ў 14-ы Сейм па Відземскай выбарчай акрузе. У спісе займала высокае другое месца ўслед за прэм'ерам Карыньшам, па выніках выбараў упала на трэцяе, прапусціўшы наперад толькі кіраўніка парламенцкай фракцыі «Новага адзінства» Айнара Латкоўскіса. Выбаршчыкі паставілі Сіліні 63 840 плюсоў, выкраслена яна была 2154 разы. Такі механізм галасавання на выбарах у Латвіі.

З 2022 года Сіліня — міністарка дабрабыту ў другім урадзе Крыш'яніса Карыньша. 23% рэспандэнтаў ацэньвалі дзейнасць міністра пазітыўна, 24% — негатыўна, 29% не змаглі даць адказу, а 24% не ведалі пра існаванне такога міністра.

Па даных дэкларацыі аб даходах за 2022 год Эвіка Сіліня валодае кватэрай і зямлёй у Рызе ў сумеснай уласнасці, таксама ў карыстанні — зямля і будынкі ў сталіцы. Кандыдату ў прэм'ер-міністры належыць аўтамабіль «Мерсэдэс GL 420» 2007 года.

Суму безнаяўных зберажэнняў — 10,6 тысячы еўра — Сіліня захоўвае ў аўстрыйскім банку Grazer Wechselseitige Versicherung Aktiengesellschaft. За год у выглядзе заробку спачатку парламенцкі сакратар МУС, а затым міністр дабрабыту атрымала каля 50 тысяч еўра.

Эвіка Сіліня замужам, у дэкларацыі пазначаны муж — Айгарс Сіліньш. У іх трое дзяцей.

Такім чынам, тры жанчыны цяпер кіруюць урадамі ў краінах Балтыі.

Зрэшты, Сіліня не першая жанчына на пасадзе кіраўніка ўрада гэтай краіны. У 2014—2016 гадах Кабмін узначальвала Лаймдота Страўюма. А ў 1999—2007 гадах прэзідэнтам была Вайра Віке-Фрэйберга.

Прэм'ерам Літвы з лістапада 2020 года з'яўляецца Інгрыда Шыманіце, а ў 2009—2019 гадах прэзідэнтам была Даля Грыбаўскайце. У 1990—1991 гадах прэм'ер-міністрам Казіміра Прунскене, у 1999 годзе в. а. прэм'ера была Ірэна Дзягуцэне.

Прэм'ерам Эстоніі са студзеня 2021 года з'яўляецца Кая Калас, ёй 46 гадоў. Прэзідэнтам Эстоніі ў 2016—2021 гадах была Керсці Кальюлайд.

Да чэрвеня 2023 года прэм'ерам Фінляндыі была Сана Марын, але гэта трэці прэм'ер у гісторыі краіны. У свой час прэзідэнтам краіны была Тар'я Халанен.

У 2021—2022 гадах урад Швецыі ўзначальвала Магдалена Андэрсан.

Урад Даніі з 2019 года ўзначальвае Метэ Фрэдэрыксэн. Прэм'ерам Ісландыі з'яўлецца Катрын Якабсдоцір. У 2013-2021 гадах прэм'ерам Нарвегіі была Эрна Сульберг.

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1