Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

У той час як сусветныя зборы фільма «Барбі» перасягнулі адзнаку мільярд даляраў, на фоне чаго некаторыя «кансерватыўныя эксперты» негатыўна рэагуюць на яго папулярнасць, вяртаючы ў абыходак словазлучэнне «таксічная феміннасць». Фраза стала папулярнай сярод амерыканскіх (і не толькі) кансерватараў апошнія гады, аднак не мае канкрэтнага азначэння, бо да яе часта звяртаюцца людзі з непадобнымі і нават супрацьлеглымі поглядамі на жанчын, мужчын і гендар у цэлым.

Так, пасля выхаду нашумелай і відавочна хітовай стужкі ў многіх амерыканскіх медыя разважалі пра тое, ці існуе таксічная феміннасць як супрацьлегласць таксічнай маскуліннасці. Кансерватыўныя каментатары былі менш стрыманымі, прама абвінавачваючы «Барбі» ў гэтым, так бы мовіць, граху. Каб зразумець у поўнай меры сучасную «сваю атмасферу» ў амерыканскім грамадстве, выданне The Conversation прапануе спачатку трохі заглыбіцца ў гістарычныя перадумовы.

Азначэнне таксічнай маскуліннасці

Па-першае, важна ўлічваць ролю, якую папярэднік таксічнай феміннасці — «таксічная маскуліннасць» — адыграў у культуры ЗША. Клінічныя псіхолагі, навукоўцы і абаронцы фемінізму выкарыстоўвалі гэтую фразу для апісання згубнай формы мужнасці, якая нанесла шырокую шкоду грамадству. Фраза «таксічная маскуліннасць» уключае адмоўныя аспекты стэрэатыпных мужчынскіх атрыбутаў, у тым ліку гвалт, дамінаванне, эмацыйную непісьменнасць, сэксуальныя правы і варожасць да феміннасці.

Тэрмін упершыню з'явіўся ў 1980-я гады, але апошнім часам набыў вядомасць у грамадскіх дыскусіях, згадваючыся як фактар, які спрыяў масавым забойствам у ЗША, эксплуататарскім паводзінам, а таксама палітычнай папулярнасці Дональда Трампа.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Не ўсе спецыялісты згодныя з тым, што выкарыстоўваць гендарны ярлык для апісання структурнага прыгнёту карысна. Так, маркіроўка патрыярхату і мізагініі як таксічнай маскуліннасці перакладае адказнасць са шкодных сацыяльных сістэм на паводзіны «адсталых» і «псіхічна хворых» мужчын, робячы сэксізм індывідуальнай, а не грамадскай праблемай.

Тым не менш калі крытыкі кажуць пра таксічную маскуліннасць, яны спасылаюцца на тэрмін, які мае ў асноўным паслядоўнае значэнне на працягу 30 гадоў.

Шматграннасць таксічнай феміннасці

Таксічная жаноцкасць, ці феміннасць — адносна новая фраза, якая з'явілася ў адказ на размовы аб таксічнай маскуліннасці. Але людзі, якія выкарыстоўваюць гэты тэрмін, часта маюць вельмі розныя матывацыі для гэтага: ад альтруістычнай занепакоенасці шкодай сэксізму да абурэння з нагоды нібыта змяншэння ўлады мужчын у грамадстве. Улічваючы гэтыя разнастайныя матывацыі, людзі часта выкарыстоўваюць гэтую фразу для азначэння зусім розных рэчаў.

Некаторыя псіхолагі разглядаюць таксічную феміннасць як сузор'е такіх «жаночых характарыстык», як пакорлівасць, эмацыйнасць, пасіўнасць і самаахвярнасць. У гэтым выпадку таксічную феміннасць апісваюць як «унутраную мізагінію», якая заахвочвае жанчын ігнараваць свае псіхічныя або фізічныя патрэбы, каб падтрымаць іншых людзей. Іншымі словамі, таксічная феміннасць у гэтым разуменні — гэта тое, што многія людзі лічаць «стэрэатыпнай жаноцкасцю», што з'яўляецца прадуктам патрыярхальных гендарных нормаў. У гэтай фармулёўцы таксічная маскуліннасць і таксічная феміннасць падсілкоўваюцца сэксізмам, і кожная з фраз размывае чалавечую асобу як такую.

Іншая перспектыва разглядае таксічную феміннасць не як стэрэатыпнае ўяўленне аб гендарнай слабасці, а як недарэчную дэманстрацыю жаночай сілы, хітрасці або прывілеяў. Некаторыя псіхолагі прыпісваюць гэтую рысу прафесійным жанчынам, якія могуць варожа ставіцца да клопату і супрацоўніцтва, выбіраючы замест гэтага агрэсію і нож у спіну, каб прасунуцца наперад. Гэтая версія паказвае таксічную феміннасць як жаночую версію ўладнага індывідуалізму — такая сабе таксічная маскуліннасць з жаночым тварам.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Кансерватыўныя каментатары, выступаючы супраць «Барбі» і фемінізму ў больш шырокім сэнсе, прасоўваюць трэцяе азначэнне таксічнай феміннасці. Многія актывісты па абароне правоў мужчын выкарыстоўваюць гэты тэрмін як адпор сцвярджэнням аб таксічнай маскуліннасці, сцвярджаючы, што мужчыны становяцца ахвярамі таксічных жанчын, а не наадварот. Гэтае «правае» азначэнне таксічнай феміннасці спрабуе нейтралізаваць аргумент, што патрыярхат сістэматычна ставіць у нявыгаднае становішча жанчын і іншых людзей, якія не адпавядаюць традыцыйным гендарным нормам. Таксічная феміннасць разглядаецца ў якасці такой жа небяспечнай для мужчын (калі не больш), як таксічная маскуліннасць для жанчын.

За межамі таксічнасці і бінарнасці

Культуролаг Ханна Мак-Кэн у сваім аналізе папулярных дыскусій аб таксічнай маскуліннасці і жаноцкасці сцвярджае, што тое, што робіць гендарную ідэалогію таксічнай, — гэта нягнуткасць, а канкрэтна прыхільнасць да нягнуткай гендарнай бінарнасці. Гендарная бінарнасць — гэта спосаб грамадскага ладу, пры якім пол і гендар падзяляюцца на дзве асобныя і супрацьлеглыя катэгорыі: мужчын і жанчын. Бінарная мадэль мяркуе, што «пол», «гендар» і «сэксуальнасць» па змоўчанні заўсёды знаходзяцца ў адпаведнасці. 

Напрыклад, калі чалавеку пры нараджэнні прыпісаны мужчынскі пол, то ад яго чакаецца маскулінная знешнасць, рысы характару і паводзіны, а таксама гетэрасэксуальная цяга да «процілеглага» полу. Гендарныя нормы загадваюць людзям паводзіць сябе спосабамі, якія адпавядаюць уяўленням адной групы аб тым, што значыць быць жанчынай ці мужчынам.

Безумоўна, гэтыя сцэнары прымушаюць многіх людзей адчуваць сябе няўтульна абмежаванымі — не толькі тых мужчын і жанчын, якія парушаюць традыцыі, але таксама небінарных, транссэксуалаў і іншых людзей, чыё існаванне дэманструе, што гендарная бінарнасць занадта спрошчаная, каб улічыць паўнату чалавечага досведу.

Урэшце, фільм «Барбі» прызнае таксічнасць як матрыярхальнай, так і патрыярхальнай версій Барбілэнда. І хэпі-энд запатрабуе ад стэрэатыпнай Барбі пакінуць Барбілэнд дзеля рэальнага свету, дзе яна можа стварыць унікальную і, галоўнае, менш таксічную асобу.

Чытайце таксама:

Чаму жанчыны не хочуць крутых мужыкоў

Фільм «Барбі» сабраў ужо мільярд даляраў у сусветным пракаце

Барбенгеймер: «Барбі» перамагла «Апенгеймера» (але ў выйгрышы ўвесь Галівуд)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?