Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo/Julio Cortez, File

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo/Julio Cortez, File

«Класна працаваць на заводзе, ні аб чым не думаць»

Віктару амаль 25 гадоў, працуе ў айці. Ён мяркуе, што ягоная трывожнасць мае свае вытокі з жадання дагадзіць бацькам.

— Цяпер модна размаўляць пра тое, што бацькі былі халоднымі, дзеці не ведалі, чаго ад іх чакаць. У выніку намагаліся глядзець бацькам у рот, каб зразумець, якую рэакцыю атрымаюць на свае дзеянні. Збольшага быў актыўным дзіцем, але ж пазбягаў нейкіх стрэсавых сітуацый, — згадвае ён.

Хлопец распавядае, што ў юнацтве амаль прафесійна займаўся спортам і меў «занадта глыбокія» перажыванні адносна стрэсавых сітуацый і «абсалютысцкія нахілы» ў сваіх рэакцыях. Калі хоць крыху нешта ішло не так, пачыналася самакапанне і гіпербалізацыя праблемы.

— У гадоў 17—18 пачаўся гэтакі эскапізм, які прывёў да маштабнага збочвання з жыццёвага вектара, калі я падаўся ў вучобу, пачаў выбудоўваць для сябе найменш стрэсавую атмасферу. У выбары паміж нейкімі стрэсамі і спробамі вырашэння сваіх праблем абіраў больш просты і спакойны шлях: лепей я пайду працаваць афіцыянтам, чым буду змагацца са сваімі спартовымі праблемамі, фізічным і псіхалагічным стрэсам з боку трэнераў.

Паводле беларуса, ён па-добраму зайздросціў людзям, у якіях заложана «тупое абстрагаванне».

— Класна працаваць на заводзе, ні аб чым не думаць, — разважаў у тыя моманты ён. — Прасцей кляпаць на станку дэталькі, чым намагацца раскрыць сутнасць праблем.

Асэнсаванне, што гэта не рыса характару, а праблема, да Віктара прыйшло, калі яму было 21—22 гады. Тады ягоная дзяўчына скончыла жыццё самагубствам.

— Пачаліся паходы да псіхатэрапеўтаў, у тым ліку і дзяржаўных. Доўгі час я пазбягаў медыкаментознага лячэння і быў упэўнены, што самакапаннем і дапамогай спецыялістаў гэта можна неяк паправіць. У той час я больш зваліўся ў дэпрэсіўны, чым трывожны стан і пастаянна адчуваў віну за тое, што будуць адчуваць навакольныя.

Таксама беларус адчуваў віну за самагубства ягонай дзяўчыны, хаця навокал усе яму казалі зваротнае.

— Але я ўсё роўна знаходзіў мільён прычын, чаму адказнасць ляжала на мне. Лагічных спосабаў разабрацца на той момант амаль не бачыў. І любыя іншыя праблемы нагняталі ўсё больш негатыўных рэакцый. Напрыклад, падвярнуў нагу ці не закрыў задачу па працы і думаў: а яшчэ ж я звёў чалавека ў магілу.

Пасля згадваеш, як чымсьці пакрыўдзіў маці ці 5-гадовым не атрымаў жаданы канструктар лега, бо ў сям’і не было грошай — так я ў сваіх думках апускаўся да чаго заўгодна. Дапамагае найперш змена «шкла ў акулярах» і іншы пункт мыслення.

«Я рэзаў сябе тупым нажом і адчуваў палёгку»

Віктар прызнаецца, што яму вельмі цяжка апісваць гэты стан, бо мозг стараецца пазбягаць успамінаў. Але найперш называе пачуццё безвыходнасці.

— Што б ты ні зрабіў для вырашэння праблемы, гэта ўсё роўна здаецца бессэнсоўным: ты пачынаеш адчуваць і бачыць толькі цёмныя бакі, становішся менш прагматычным, больш інтуітыўным.

Ты жывеш быццам на «мьюце», на аўтамаце. Любы лагічны ланцужок мае не больш як тры-чатыры складнікі, планавання больш як на пару дзён няма. Ты проста плывучае бервяно, калі не горш, калі не ва ўнітазе нешта карычневае.

Калі падсумаваць, то гэта адчуванне безвыходнасці, абстрагаванне ад любога стрэсу, адсутнасць планавання і сацыяльных кантактаў (людзі адчуваюць сябе з табой няёмка і няўтульна), забіраешся ў свой кокан і ніяк да цябе не падступіцца. Адчуваеш, бы знаходзішся ва ўціхамірвальнай кашулі, якая табой самім на цябе надзета, а вылезці з яе не можаш.

У 16-17 гадоў хлопец даходзіў нават да сэлфхарму — прычынення фізічнай шкоды самому сабе.

— Неяк я чытаў газетную выразку пра Джоні Дэпа і ўспомніў, што ў мяне было тое ж самае. Я рэзаў сябе тупым нажом і адчуваў палёгку: існуе перанос з эмацыйнага болю на фізічны.

Ты б’ешся і б’ешся, але эмацыйны горыч і боль пераходзяць ледзь не ў фізічны: нібыта нешта спрабуе вылезці праз кадык, але не можа. Эмоцыі цалкам заблакаваныя.

Часта людзей з дэпрэсіяй суправаджае бытавая дысфункцыя, калі ў хворага бракуе сіл на штодзённыя рэчы: прыняць душ, пачысціць зубы ды ўсё такое. Падобныя сімптомы былі і ў нашага суразмоўцы, хаця ён па спартыўнай звычцы імкнуўся трымацца дысцыпліны.

— Дзесьці ў 18 гадоў нярэдкай з’явай была двухтыднёвая адлёжка, праз тры-чатыры гады гэта паўтарылася. Я стараўся аўтаматычна хадзіць на працу, каб не пагоршыць сітуацыі. Фізічныя нагрузкі не надта дапамагалі, калі скатваліся да руціны, але змена звыклых практыкаванняў і відаў актыўнасці дазвалялі адчуваць сябе намнога лепей.

Але ў перыяд пікаў дэпрэсіўных эпізодаў нават падняцца з ложку вельмі цяжка, таму пра фізічную актыўнасць не было гаворкі. 

Практычна ўсё атачэнне Віктара ведае пра яго хваробу, кожны з іх паставіўся да праблемы з разуменнем — сам ён называе гэта ўдачай.

— Як па мне, галоўнае пры трывожна-дэпрэсіўнай разладзе — не губляць кантакт з сабой, бо пасля шукаць яго будзе вельмі складана. Калі пэўныя спробы выйсця цяжка самому давесці да інтуітыўнага патэрну — гэта ўжо трывожны званочак. Таксама вельмі важна не баяцца лекаў: з добрым спецыялістам і без фанатызму ніхто не будзе падводзіць чалавека да згубных вынікаў.

«Мне, як заўсёды, «пашчасціла» на касцях»

Час дэпрэсіўна-трывожнага разладу супаў з прызывам Віктара ў армію. Хлопец прызнаецца, што на візітах да дзяржаўных спецыялістаў трошкі перабольшваў сваю сітуацыю, што заблытала і яго самога. Таксама менавіта з прычыны верагоднага прызыву пачаў піць антыдэпрэсанты (так меней шанцаў патрапіць у войска).

— І медыкаментознае лячэнне дапамагло, дзесьці праз паўгода пасля пачатку прыёму я злез з даволі вялікіх дазіровак пігулак. Мне пашанцавала са спецыялісткай, якая прапаноўвала антыдэпрэсанты найноўшага пакалення. Я зразумеў, што баяцца медыкаментознага лячэння не варта.

Таксама карысны досвед хлопец атрымаў, калі трапіў у адзін з абласных псіханеўралагічных дыспансераў краіны. 

— У маім аддзяленні было больш за ўсё бяссоннікаў, дэпрэсіўнікаў і трывожнікаў, дзе большая частка людзей былі немаладымі. Вельмі дапамог абмен досведам і парады пра тое, як лепей спраўляцца.

У асноўным там людзі, якія працуюць на сябе, бо іншым часта сорамна прызнацца на працы пра свой стан здароўя. Умовы для іх даволі нядрэнныя: хваёвыя ванны, ЛФК, славацкія і польскія ўколы.

Але былі і мінусы, бо дыспансэрызацыя — суцэльны стрэс.

— Цябе не лечаць, а дыягнастуюць. Вялікім інструментам для іх з’яўляецца пастаяннае ўтрыманне цябе ў стрэсавым настроі. Мне казалі, маўляў, за два гады (пасля суіцыду дзяўчыны — НН) мог бы ўжо… І маўчанне, на якое я ўдакладніў: «Пайсці за ёй?» Пасля таго пагражалі закрытым аддзяленнем, дзе размяшчаюцца людзі з наркаманіяй, алкагалізмам і схільныя да самагубства.

Віктар згадвае, што першыя два тыдні проста ляжаў у дыспансэры і нічога не рабіў, а пасля знянацку яму назначылі камісію. На ёй, як ён кажа, збіраюцца 15 чалавек — пару прафесараў і супрацоўнікі ўстановы — і «даводзяць да максімальнага стрэсу: глядзяць, як будзеш сябе паводзіць».

— Мне казалі: ты айцішнік, адразу зваліш з краіны ад прызыву. Адзначыў, што калі і звалю, то ў домік ля вады. Яны: адказ неправільны, трэба было казаць вазьму камень і пайду на дно — тады б адразу далі вайсковы білет. Пасля такіх камісій я бачыў 21—22-гадовых хлопцаў (дарэчы, псіхолагаў), якія звальваліся ў рэальныя панічныя атакі.

Але ж нашаму суразмоўцу пашанцавала, і ў выніку ў войска яго не адправілі.

— Мне, як заўсёды, «пашчасціла» на касцях. Па чутках, якраз перад канцом прызыва, у адной з вайсковых частак здарылася трагедыя з адным «срочнікам». Паводле здагадак, у яго быў такі ж самы дыягназ, як і ў мяне.

Калі вам таксама прыйшлося перажыць цяжкі досвед (з любымі іншымі дыягназамі) і вы гатовы падзяліцца сваёй гісторыяй, напішыце нам у тэлеграм-бот @nn_editor або на пошту [email protected].

***

Калі ў вас узніклі праблемы псіхалагічнага характару, крызісныя сітуацыі, то вы можаце звярнуцца ў службу экстранай псіхалагічнай дапамогі па наступных тэлефонах: 

тэлефон даверу для дарослага насельніцтва — +375 (17) 352-44-44, +375 (17) 304-43-70,

тэлефон даверу для дзяцей, падлеткаў і іх бацькоў — +375 (17) 263-03-03,

тэлефон даверу Рэспубліканская «Дзіцячая тэлефонная лінія» — 8 801 100 1611.

Усе тэлефоны, згодна з данымі ад Мінздрава, працуюць кругласутачна.

Чытайце таксама:

Ключ да лячэння дэпрэсіі, артрыту і Альцгеймера хаваецца ў блукаючым нерве

У ЗША ўхвалілі першую таблетку ад пасляродавай дэпрэсіі

Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?