Скрын відэа

 Скрын відэа

Блогер, які пастаянна ладзіць маштабныя і дарагія спаборніцтвы паміж сваімі падпісчыкамі, правёў спартыўны турнір — як сцвярджае ён сам, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі абсалютна ўсіх краін свету.

«Алімпійскія гульні», як іх называе сам MrBeast, складаліся з пяці этапаў: бег з перашкодамі, гімнастыка, стральба з лука, фехтаванне і пенальці. 

Турнір праходзіў у ЗША, пераможцу блогер паабяцаў прыз у 250 тысяч долараў. Паводле яго слоў, ролік абышоўся больш чым у чатыры мільёны даляраў. У гэтую суму, судзячы з усяго, уваходзіць і арганізацыя турніру, і ўладкаванне спартыўных пляцовак, і здымкі, і прызавы фонд, аднак сам MrBeast дэталяў не ўдакладняў.

За два дні відэа набрала больш за 73 мільёны праглядаў. Цяпер ролік займае першае месца ў раздзеле ютуба «ў трэндзе».

У «гульнях» удзельнічалі падпісчыкі MrBeast з Расіі і Украіны (хто яны — невядома; перамог у турніры прадстаўнік Лівіі). Пры гэтым блогер не ўлічыў, што пасля пачатку вайны Расію не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў — а расійскія спартсмены на іх калі і выступаюць, то пад нейтральным сцягам. 

Аўтар аднаго з найбуйнейшых навінавых тэлеграм-каналаў ва Украіне «Лачен пишет» Ігар Лачанкаў адзначыў:

«Краіна, якая абстрэльвае ўкраінскія гарады і забівае ўкраінцаў, не павінна быць прадстаўлена ў якім-небудзь шоу або спартыўным спаборніцтве, пакуль [яе ваенныя] забіваюць людзей у іншай краіне. Больш за тое — літаральна сёння Расія атакавала балістычнай ракетай цэнтр украінскага Чарнігава, забіўшы сем чалавек, уключаючы дзіця, і параніўшы 129 чалавек».

Ход усяго турніру дэманстраваўся на карце, дзе каманда MrBeast паказала Крым у складзе Расіі, якая акупавала паўвостраў у 2014 годзе.

 

«Прывітанне, MrBeast, у пачатку 2022-га ў роліку на тваім канале ты расказваў, як твая каманда дапамагае Украіне. Цяпер ты паказаў Крым часткай Расіі. Гэта кашмар».

Уключэнне акупаванага Крыма ў склад Расіі — не адзінае, што абурыла гледачоў.

Сярод іншага, каманда MrBeast без агаворак абвясціла Косава незалежнай дзяржавай, а Тайвань — часткай Кітая. Афганістан на карце прадстаўлены пад сцягам, які выкарыстоўвае Талібан пасля захопу краіны, а Грузія — сцягам штата Джорджыя (назвы краіны і штата ЗША вымаўляюцца аднолькава). Кіпр, на думку ютубера, кантралюе Туніс, а Грэнландыя «належыць» Канадзе, а не Даніі.

Зрэшты, западозрыць Mr Beast у сімпатыях да расійскіх уладаў даволі складана. Блогер з самага пачатку поўнамаштабнай вайны збірае грошы на дапамогу ўкраінскім уцекачам — і публічна дае справаздачу пра гэта. Ці ўдзельнічаў сам блогер у стварэнні або рэдактуры карты свету, невядома. Пакуль ён ніяк гэтага не пракаментаваў.

  Злева — дзяўчына з надпісам Belarus на форме 

Злева — дзяўчына з надпісам Belarus на форме 

Дарэчы, у гульнях удзельнічала і дзяўчына ў форме з надпісам «Беларусь», але яна выбыла пасля першага выпрабавання — паласы перашкод.

Чытайце таксама:

Шоумен Яўген Булка, які з'ехаў у Ізраіль, танна прадае свой загарадны дом пад Лагойскам

Брытні Спірс разышлася з трэцім мужам праз год пасля вяселля

Ад Занзібара да Кыргызстана. Дзе адпачываюць праўладныя спявачкі і прапагандысты

Эфектныя сукенкі і скураная міні-спадніца. Як экс-прэм'ерка Фінляндыі тусіла на музфестывалі

Клас
3
Панылы сорам
22
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3