За што лукашысты судзяць беларусаў?

З пошукам інфармацыі нам дапамагла «Валанцёрская служба «Вясны»». Вядома, у статыстыку трапляюць далёка не ўсе выпадкі, але іх дастаткова, каб пабачыць маштаб праблемы.

З пачатку года вядома пра амаль тры тысячы выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу.

Самы часты артыкул, за які прыцягваюць іншадумцаў — гэта распаўсюд матэрыялаў, уключаных у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11). Гэта звычайна падпіскі ці рэпосты незалежных медыя або каментары ў чатах, прызнаных «экстрэмісцкімі», за якія не могуць прыцягнуць па крымінальнай справе. Такіх адміністрацыйных спраў з пачатку года было больш за дзве тысячы. Але поўную колькасць падлічыць немагчыма.

Другі па распаўсюджанасці артыкул — гэта «несанкцыянаванае пікетаванне» (24.23). Прычым афлайн-пікетавання амаль ніколі не адбываецца. Звычайна такі артыкул прыпісваюць за нацыянальную беларускую або ўкраінскую сімволіку. Гэта можа быць як публікацыя ў сацыяльных сетках, гэтак і налепкі, татуіроўкі ці любыя іншыя візуальныя знакі салідарнасці з рухам за свабодныя выбары або антываенным рухам. Такіх спраў толькі вядомых праваабаронцам — амаль трыста з пачатку года. У рэальнасці іх, напэўна, тысячы.

Трэці артыкул — 19.1, «дробнае хуліганства». Звычайна яго даюць для разнастайнасці тым, каму няма чаго «прышыць», да прыкладу, каб ізаляваць чалавека перад завядзеннем крымінальнай справы. Менавіта па гэтым артыкуле першыя 60 дзён трымалі за кратамі Насту Лойку. Агулам вядома пра больш за 170 выпадкаў, у якіх людзей судзілі па гэтым артыкуле. У рэальнасці выпадкаў таксама нашмат больш.

Яшчэ адзін часты артыкул — гэта «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы». Яго таксама даюць звычайна, калі ў чалавека нічога не знайшлі. З пачатку года вядомых выпадкаў, калі па гэтым артыкуле судзілі, не менш за 80. Гэта азначае, што ў рэальнасці іх сотні.

Самае папулярнае пакаранне — гэта арышт, які атрымалі больш за 1150 чалавек з трох тысяч. На другім месцы — штраф (яго выпісалі не менш за 860 чалавекам). Радзей сустракаецца пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ або камбінацыі штрафа і арышту — такіх выпадкаў агулам каля 30.

Праваабаронцы адзначаюць, што вельмі часта затрыманне становіцца падставай для завядзення ў выніку крымінальнай справы. Да прыкладу, людзей прыцягваюць за рэпост у фэйсбуку, але знаходзяць каментары ў тэлеграме або фотаздымкі з пратэстаў.

Сустракаюцца і выпадкі, калі людзі атрымліваюць «крыміналкі» за палітыку, хоць спачатку іх затрымлівалі за непалітычныя рэчы. Да прыкладу, за знаходжанне на вуліцы ў нецвярозым стане. Або чалавека маглі выклікаць як сведку па эканамічных ці звычайных крымінальных справах.

Такіх выпадкаў дзясяткі толькі ў 2023 годзе.

Як абараняцца, калі вы ўнутры краіны ці ездзіце ў Беларусь?

  1. Вычысціце свае сацсеткі і месенджары. У нас ёсць гайды па тым, як ачысціць Instagram, Viber, Whatsapp, TelegramFacebook, VK і «Аднакласнікі» (і лайкі ў сацсетках)
  2. Вычысціце фота з вашага смартфона. На нашым сайце ёсць гайды — па выдаленні фота са смартфонаў, ачыстцы Google Photos і iCloud.
  3. Вычысціць каментары ў тэлеграме (з дапамогай адмысловага бота), выдаліце акаўнт і перастварыце яго нанова. Пажадана — на віртуальны нумар.
  4. Вычысціце ваш акаўнт у Google (гайд), YouTube (гайд) і Google Play (гайд).
  5. Надзейна схавайце нацыянальную сімволіку, не захоўвайце яе ў бачных месцах. Пры затрыманні яе канфіскуюць і знішчаць. Зберажыце яе!
  6. Не рэпосціце нічога ў чаты, дзе вы не давяраеце ўдзельнікам (калі яны вас ведаюць — да прыкладу, працоўныя) або ваш акаўнт не надзейна абаронены (чытайце наш гайд па стварэнні ананімных акаўнтаў). Таксама рэгулярна чысціце перапіскі ў самім тэлеграме з усімі, каму вы маглі перасылаць «небяспечныя» спасылкі або фота.
  7. Рэгулярна чысціце сяброўскія ды працоўныя чаты, асабліва калі вы абмяркоўвалі там нешта ў 2020-м.
  8. Пастарайцеся рэгулярна аналізаваць рызыкі, калі вы нешта робіце. Падумайце, дзе яшчэ вы маглі пакінуць нешта небяспечнае і перастрахуйцеся.

Вядома, гэтыя дзеянні не даюць поўнай гарантыі, што вас не затрымаюць. Але яны змяншаюць імавернасць таго, што на вас звернуць увагу.

Чытайце таксама:

«Добры дзень, у вас шэсць каментаў у экстрэмісцкім чаце». Не здзіўляйцеся, калі вам у ТГ напішуць пра вашы дзеянні ў 2020-м

Я ахвяраваў у фонды. Як зразумець, што я ў небяспецы?

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Сілавікі затрымалі сямейную пару па вяртанні ў Беларусь. У іхніх смартфонаў знайшлі фота з пратэстаў на мяжы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?