«Дапамагаць будуць толькі тым, хто дапамагае сам сабе»

Тры гады таму, у жніўні 2020-га, Залеўскі напісаў рэзанансны пост. Ён, былы афіцэр, размясціў у інстаграме відэа, на якім выкідае сваю форму, і суправадзіў яго эмацыйнымі словамі. Вось некаторыя з іх: «Няма слёз глядзець на свавольства дубінак і беззаконне сілы. Я былы афіцэр, і [мне] цяпер сорамна цераз край. Прашу, спыніцеся дзеля міру. Няўжо вам ні жанчын, ні дзяцей не шкада?»

Гэта быў заклік да былых калег, і цяпер Міхаіл кажа, што яны яго пачулі і зразумелі, што гэта зварот да канкрэтных людзей. Іншая рэч, што ніхто нічога не зрабіў.

«Рабіць нешта такое цяпер цалкам бессэнсоўна, я б не траціў на гэта час. Дзеянні важнейшыя за словы, а тады, калі адбываліся ўсе гэтыя падзеі, ніхто нічога не зрабіў. Людзі распісаліся ў сваіх якасцях — афіцэрскіх, чалавечых, сваіх якасцях бацькаў і мужоў.

Акрамя таго, пасля майго звароту прайшло ўжо дастаткова часу, не бачу падставы цяпер гутарыць пра 2020 год. Пасля гэтай адзнакі была куды больш важкая — пачатак поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, у якую Лукашэнка зацягнуў і Беларусь. Гэтая падзея ўвогуле не пакідае паўтонаў», — сцвярджае ён. 

Пасля такога паста Залеўскаму, на той час гендырэктару футбольнага БАТЭ, давялося развітацца з клубам. Ён расказвае, што нейкі час яшчэ знаходзіўся ў Беларусі, а ў студзені 2021-га з’ехаў у Турцыю.

У другой палове зімы гэтая краіна — Мекка для футбола, туды з’язджаюцца на зборы клубы практычна з усіх усходнееўрапейскіх і Скандынаўскіх краін, з Казахстана, яны праводзяць таварыскія матчы, за імі назіраюць агенты, эксперты. 

Пасля Турцыі Залеўскі паляцеў у Кіеў, дзе ў верасні 2021-га пачаў супрацоўнічаць з Фондам спартовай салідарнасці. Тады фонд падаў пазоў ва УЕФА супраць Беларускай федэрацыі футбола — першы вялікі праект, у якім Міхаіл супрацоўнічаў з фондам. «У беларускім футболе на той момант рэпрэсіі не сціхалі з 2020-га. Былі канкрэтныя кейсы дыскрымінацыі: напрыклад, футбалістаў, якія выказалі сваю пазіцыю, не бралі ў зборную, ім не прадаўжалі кантрактаў у клубах і забаранялі трэніравацца, звальнялі функцыянераў, забаранялі працаваць арбітрам. Здаўна ў беларускім футболе былі праблемы з карупцыяй, дамоўнымі матчамі. Там выбудавана строгая вертыкаль, якая супярэчыць не толькі Алімпійскай хартыі, але і ўсім статутным дакументам УЕФА і ФІФА. У беларускай футбольнай федэрацыі, як і ў самой краіне, не бывае выбараў кіраўніка.

Мы спрабавалі данесці да еўрапейцаў, што дзве-тры дамоўныя гульні ў Беларусі — гэта кропля ў моры. Уся сістэма наскрозь заганная, яна падпарадкаваная вертыкалі, там кіруе карупцыя і лаяльнасць да Лукашэнкі», — распавядае Міхаіл Залеўскі.

Залеўскі расказвае, што яшчэ ў першай палове 2021-га ва УЕФА дэманстравалі зацікаўленасць, што іх хвалюе сітуацыя ў беларускім футболе. Аднак тады мусіў адбыцца чэмпіянат Еўропы па футболе, перанесены з 2020-га праз кавід. На думку Міхаіла, УЕФА не хацеў, каб скандал у беларускім футболе палыхнуў на фоне чэмпіянату ў еўрапейскай прэсе, і вырашыў выйграць час.

Пасля некалькіх сустрэч з еўрапейскімі футбольнымі чыноўнікамі, згадвае Залеўскі, усё пачало заціхаць, і стала вядома, што тыя не бачаць для сябе нічога важнага ў беларускім кейсе. Адпаведна, фонд мусіў уцягвацца ў юрыдычныя працэдуры па інстанцыях самога УЕФА. На момант пачатку вайны ўсе гэтыя інстанцыі былі пройдзеныя, і паўсюль беларусы атрымалі адмову — Міхаіл падкрэслівае, што яна была нават без лагічнага тлумачэння.

«Перад намі на той момант стаяла прынцыповая задача ісці да канца, бо за гэтым стаяць людзі, іх кар’еры. Мусілі пазмагацца за кожнага чалавека і за ўсіх тых, пра каго не сказана ў кейсе, але хто знаходзіцца ў беларускім футболе і трапіў пад такія ж рэпрэсіі. Цяпер тая сістэма працуе зусім без абмежаванняў, ні на што не звяртае ўвагі.

Вырашылі пайсці ў CAS, але гэта дарагая рэч, трэба было знайсці спонсараў і партнёраў, каб заплаціць унёскі і пачаць судовыя працэдуры. Мы вырашылі гэтую задачу. CAS разгледзеў нашу справу, мы больш за год чакалі рашэння. Асобная гісторыя — як праходзіла само пасяджэнне: яно цягнулася шэсць гадзін, там было два адвакаты ад УЕФА супраць нас, якіх не ведалі ні ва УЕФА, ні ў Еўропе, Давід супраць Галіяфа.

Нам здаецца, што ўсе заклапочаныя нашай справай, але насамрэч усё гэта круціцца ўнутры беларускага асяроддзя. У Англіі нікога мы не хвалюем, у Германіі ніхто не ведае пра існаванне фонду. Для іх мы проста група энтузіястаў, якія хочуць нешта даказаць», — расказвае Міхаіл.

У выніку праз месяцы чакання беларусы пачулі рашэнне: яно было на карысць УЕФА. Але ў рашэнні ёсць фармулёўка пра тое, што суддзі CAS заклапочаныя сітуацыяй з правамі чалавека ў беларускім футболе.

«Дапамагаць будуць толькі тым, хто дапамагае сам сабе. Таму і беларусы, як нацыя, мусяць для сябе сфармуляваць, што мы ў першую чаргу патрэбныя толькі самі сабе», — кажа Залеўскі.

Былы гендырэктар клуба прыводзіць у прыклад падзеі ва Украіне. У першыя дні поўнамаштабнай вайны ЗША і еўрапейскія краіны прапаноўвалі Зяленскаму эвакуявацца, Украіну проста кінулі, мяркуе Залеўскі. Але Украіна выстаяла, і цяпер ёй дапамагаюць, і некаторыя міжнародныя палітычныя рашэнні не прымаюцца без удзелу Украіны.

Што да Фонду спартовай салідарнасці, то супрацоўнічаць з ім Міхаіл перастаў, як і многія спартоўцы, — мабыць, самым гучным быў адыход з фонду Аляксандры Герасімені. Расказвае, што разам з фондам ён рэалізаваў тое, што планаваў. А потым меркаванні наконт таго, што, з кім і як трэба рабіць, разышліся, і кожны пачаў рэалізоўваць свае ідэі. У дадатак, як тлумачыць Залеўскі, фонд пачаў праяўляць палітычныя амбіцыі, а ён і іншыя спартоўцы гэтага не падзялялі. 

«Беларусь — адзіная краіна, дзе кіруе «неасавок»

Гутарым з Міхаілам за некалькі дзён да штогадовага Кубка Івуліна — вялікага аматарскага футбольнага турніру. Сёлета Залеўскі арганізоўвае яго разам з калегамі па навастворанай НДА FreeSPOrT, якая імкнецца аб’ядноўваць людзей праз магчымасці спорту. Менеджар тлумачыць: для яго гэта магчымасць прымяняць уласны досвед найбольш эфектыўным спосабам.

Беларус мяркуе, што патэнцыял спорту выкарыстоўваецца зусім недастаткова: «Спорт — гэта ўнікальны мост паміж людзьмі розных поглядаў, розных рас, узросту і сацыяльнага статусу, палітычных сімпатый. Не ведаю нічога, што магло б лепш за спорт аб’яднаць розных людзей і сабраць іх разам на трыбуне стадыёна ці іншага аб’екта. 

Спорт — гэта ж не толькі пот, мускулы, бруд ды перамогі. Гэта яшчэ эстэтыка і адукацыя, задавальненне і радасць». 

Залеўскі верыць, што аб’яднаць так беларусаў магчыма, нягледзячы на палітычныя разыходжанні, якіх хапае ў нашым грамадстве. Такія працэсы шмат каму не падабаюцца, але беларус называе іх натуральнымі рэчамі, бо людзі па сваёй натуры розныя: «Яны аб’ядноўваюцца, калі ёсць вялікая мэта, але калі гэты пікавы момант праходзіць, людзі вяртаюцца да сваіх звыклых перакананняў, а яны розныя. І на фоне гэтых перакананняў людзі раз’ядноўваюцца. Гэта не беларускі срач, а нармалёвыя працэсы, лічу, што спорт можа склеіць усё гэта».

Міхаіл лічыць, што праекты, якія робяць беларусы, не павінны абмяжоўвацца толькі беларусамі. Спорт увогуле не можа быць нацыянальным, ён ці сусветны — належыць усім і цікавы для мільёнаў, ці гэта мясцовыя традыцыі і забавы. Шагал не належыць беларусам, ён належыць сусветнай культуры, але гэта не перашкаджае нам ім ганарыцца. Трэба перастаць дзяліць паміж беларусамі і палякамі Касцюшку, ці паміж літоўцамі, палякамі і беларусамі Міцкевіча, лічыць Залеўскі. Дастаткова радавацца, што гэтыя геніяльныя людзі праславілі нашу Радзіму.

Залеўскі называе сябе безумоўным касмапалітам і прыводзіць у прыклад EPAM і PandaDoc — кампаніі з беларускімі каранямі, дзе цяпер працуюць не толькі беларусы. 

Ён з любоўю кажа пра спорт і прызнаецца, што любіць яго з дзяцінства, хаця ніколі і не быў прафесійным спартоўцам. Міхаіл дзеліцца, што хацеў бы праз нефармальную адукацыю ў НДА раскрываць людзей, дапамагаць ім зразумець свой патэнцыял і сябе, выхоўваць у сабе адказнасць, выключаць завучаную бездапаможнасць і неасаўковую мадэль паводзінаў.

Неасаўком Залеўскі называе цяперашнюю, лукашэнкаўскую Беларусь: «Гэта адзіная краіна, дзе «савок» проста застыў. У нейкі момант у ім з’явіўся капіталістычны складнік, але паводзіны людзей, іх мысленне і светапогляд засталіся мінулымі, на доўгія гады гэта было замарожанае.

Цэлыя пакаленні раслі і не цікавіліся палітыкай і вострымі сацыяльна-грамадскімі пытаннямі, былі абыякавыя да сваёй сучаснасці і будучыні — ад змены назвы вуліц да сапраўднага суверэнітэту. Нам гэта не падабалася, але мы жылі, займаліся сваімі справамі, не хацелі гучна выступаць супраць гэтага. Так і выглядае пасіўная мадэль паводзінаў».

Міхаіл прызнаецца, што і сам так некалі мысліў. Напрыклад, не задумваўся над тым, чаму мінскі праспект Францыска Скарыны пераймяноўваюць у праспект Незалежнасці, але цяпер лічыць адказ відавочным — каб абязлічыць. Пакуль Нацыянальны банк знаходзіцца на вуліцы Леніна, а парламент — на вуліцы Савецкай, у гэтай краіне не можа быць ні эфектыўнай сучаснай эканомікі, ні дэмакратычнага дзяржаўнага ладу, разважае ён.

«Гэта адна з частак той гісторыі, якую мы пражываем з 1994 года па сёння, але 2020-ты багата адкрыў людзям. Мы гэта і раней ведалі, але ведалі на кухнях, у курыльнях, людзі не разумелі, наколькі іх шмат. Былі пасіянарныя людзі, якія і да гэтага змагаліся з сістэмай, былі і палітвязні, і плошчы.

Але вялікі эфект ёсць у тым, што ў 2020-м выйшлі нейтральныя, пасіўныя раней людзі і аб’ядналіся. Усе пабачылі, наколькі людзям блізкая беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, беларускія колеры, і наколькі такіх людзей шмат», — кажа Залеўскі.

«Можна прыдумаць што заўгодна, але ўсё вырашаюць футбалісты на полі»

Гаворым пра беларускі прафесійны спорт — Міхаіл лічыць, што ў некаторых яго відах зусім «нічога не засталося»: «Там няма чаго рэпрэсаваць. Яны перасталі функцыянаваць, яны адрэзаныя ад сусветнага спорту і прадстаўленыя забегамі «Тата, мама, я — спартовая сям’я» ў Ханты-Мансійску і фэйкавымі гульнямі краін СНД у Мінску. Гэта ўвогуле не аб прафесійным спорце, гэта гастролі цыркачоў».

У адрозненне ад гэтага, беларускі футбол хоць неяк працягвае функцыянаваць. Ён атрымаў ад УЕФА пэўныя абмежаванні: ні зборныя, ні клубы не могуць прымаць іншаземныя каманды на сваіх хатніх арэнах, таму яны гуляюць на нейтральных палях і без заўзятараў. Але ўсё гэта Міхаіл называе палавіннымі рашэннямі, бо футбол гэта не спыніла: ідзе нацыянальны чэмпіянат, гульцы падпісваюць кантракты, каманда пад чырвона-зялёным сцягам — так Залеўскі называе зборную — лётае на гульні. 

Таму, лічыць ён, і працягваецца футбольная зачыстка ў форме чорных спісаў гульцоў, інтэрв’ю з выбачэннямі, выбары гульцоў у зборную паводле ідэалагічна-патрыятычных характарыстык.

Тое самае робяць і з усёй грамадзянскай супольнасцю, тлумачыць Залеўскі: «Футбол тут нічым не адрозніваецца, спорт — люстэрка грамадскага жыцця ў краіне. Мы ж бачым, што рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся, яны дабіраюцца да тых, хто проста ішоў ля маршаў і ягоны твар трапіў на камеру. У рэжыму з’явіўся час, таму ён мае больш магчымасцей і рэсурсаў зачысціць усё, запужаць шалёнымі тэрмінамі і адсутнасцю прававога поля».

Практыка дамоўных матчаў таксама не знікла. Але ў беларускім футболе размова ідзе не пра асобныя матчы, дзе рабілі б дамоўны вынік, каб на гэтым зарабіць. Сістэма, расказвае Міхаіл, падпарадкоўвае сабе вынікі аж да турнірнай табліцы, гэта яна вырашае, хто будзе чэмпіёнам, хто трапіць на прызавыя месцы і ў еўракубкі. 

«Трэба разумець, наколькі маналітная гэтая вертыкаль, наколькі там усё прагніло. Нядаўна зноў быў скандал з дамоўнымі матчамі, абвінавачвалі «Шахцёр», «Энергетык» і «Белшыну». Той, хто разумее беларускі футбол, не здзіўлены, усе ўсё ведалі і разумелі. Проста цяпер нейкі дурны футбаліст нешта камусьці расказаў па тэлефоне, і гэтым скарысталіся для кабінетнай барацьбы, але ж гэта толькі часцінка ўсёй карціны. Але ж спорт тым і цудоўны, што можна прыдумаць што заўгодна, усё забетанаваць, але ў любым выпадку ўсё вырашаюць футбалісты на полі», — расказвае Міхаіл.

Праз тры гады пасля працы ў БАТЭ Залеўскі кажа, што цяперашні клуб яго мала цікавіць. Ён прызнае, што гэты клуб выбудаваны не так, як мінскае «Дынама», якое лічаць праўладнай камандай, але ў БАТЭ адбываюцца тыя ж працэсы. Там таксама ёсць футбалісты, з якімі праз іх перакананні не прадоўжылі кантрактаў, яны трапілі ў чорныя спісы. Калі клуб выконвае жаданні і рашэнні міністра спорту, а не тое, што адпавядае яго каштоўнасцям, як да гэтага ставіцца, пытаецца Залеўскі.

Не ўсіх, аднак, да канца сапсавала сістэма, кажа Міхаіл: «Ведаю, што ў клубе ёсць футбалісты, якія не надта падзяляюць тое, што адбываецца, але пры гэтым там застаюцца. Што тут зробіш? Чэмпіёнскі характар — гэта не баяцца і змагацца, і калі ты ў звычайным жыцці паводзіш сябе так, [як гэтыя футбалісты], ты ніколі не выйграеш вялікага трафея».

Залеўскі запытвае: ці разумеюць беларускія футбалісты, для каго яны гуляюць, хто гэта глядзіць? Многія сапраўдныя заўзятары, якія ездзілі за сваімі клубамі ў розныя гарады і краі, абвясцілі байкот і дагэтуль не вярнуліся на трыбуны. 

«Затрымліваюць выбітных спартоўцаў, яны трапляюць у абставіны, дзе трэба проста выжываць. А потым даюць інтэрв’ю прапагандзе, але гэта, вядома, не змяняе майго стаўлення да іх, і не толькі майго. Чалавек ва ўмовах барацьбы проста вымушаны так вырываць сабе кавалак свабоды. 

А што робяць футбалісты? У іх ніхто нічога не просіць, яны добраахвотна заключаюць кантракты і ідуць прыслугоўваць, добраахвотна надзяваюць гэтыя дурацкія бутаньеркі і здымаюцца ў незразумелых роліках. Гэта для таго, каб з імі падпісалі кантракт на пяць ці сем тысяч рублёў, а з кімсьці ўвогуле на паўтары ці дзве? Гэтых людзей для мяне не існуе», — падсумоўвае Міхаіл.

Ніякіх дасягненняў, затое досвед працы ў аўтарытарызме. Расказваем пра новага трэнера футбольнай зборнай Беларусі

Чым цяпер жывуць «Крумкачы»

Ціманоўская распавяла пра нагоду для гонару, адказ у сацсетках Азаронку, прафесійнае і асабістае

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?