Добраахвотнік «Чаравік». Твар схаваны на ягоную просьбу з прычыны бяспекі

Добраахвотнік «Чаравік». Твар схаваны на ягоную просьбу з прычыны бяспекі

«Паварочваю галаву і бачу яго з нажом у грудзях»

— Раскажыце сваю версію таго, што адбылося ў снежні 2022 года, калі загінуў ваш пабрацім?

— У адзін з вечароў мы былі разам на кватэры. Праз нейкі час заўважылі, што мой пабрацім маўчыць, паводзіць сябе незвычайна. Бо ён, як правіла, душа кампаніі. А тут ён проста маўчаў. Я спытаў у яго, ці хоча ён асобна пагутарыць у іншым пакоі. Ён пагадзіўся, і мы пайшлі. Колькі я ні спрабаваў яго разгаварыць, спытаць, што здарылася, рознымі шляхамі падбіраўся, але ён нічога не адказваў.

Я не магу сказаць, што быў дыялог, бо з яго боку за ўвесь гэты час было вельмі мала фраз. Мы трохі так былі побач. Праз нейкі час ён устаў, узяў нож і ўдарыў сябе. Я нават не звярнуў першапачаткова ўвагі, што ён узяў нож, ну ўзяў і ўзяў, любіць гэты нож. Думаў, мо пакруціць у руках узяў. Я еў макарону і чуў нейкі грукат, паварочваю галаву — і бачу, як ён стаіць з нажом у грудзях.

Я ў шоку быў, кінуўся, хацеў дастаць гэты нож, і гэта была памылка, не трэба было чапаць. Але я быў у стане поўнага шоку. За адно імгненне кінуўся да яго. Ён не даваў мне выцягнуць, наадварот, яшчэ болей у сябе ўціскаў. Ён увесь гэты час стаяў, я паклаў яго і стаў клікаць на дапамогу. Гаварыць ён за гэты час нічога не гаварыў. Нават крыку з яго боку не было.

«Ён не бачыў жыцця па-за вайной»

— Вы з загінулым пасябравалі на вайне?

— Не, яшчэ да вайны. У СМІ была трохі няправільная інфармацыя. Мы з ім пазнаёміліся ў Вільні на Дзень Волі 2021. Але неяк не стасаваліся, ведалі толькі, што такія ёсць. А ўжо ўвосень 2021 году аднавілі кантакт. Часта сустракаліся, стасаваліся. Мы сталі вельмі блізкімі. Ён нават на маім шлюбе быў у якасці рэгістратара. Зачытваў пажаданні, агучваў, чаму тут сабраліся. Потым разам паехалі ва Украіну.

Мы не ўдзельнічалі ў адных і тых жа задачах. Але мы былі ў адным батальёне, часта бачыліся, размаўлялі. Я звольніўся трохі раней, ён заставаўся крыху даўжэй.

«Чаравік». Твар схаваны з прычыны бяспекі

«Чаравік». Твар схаваны з прычыны бяспекі

— Апошнім часам вы жылі разам?

— Калі ён вярнуўся ў Літву, то напрасіўся пагасціць да нас. Так пражыў каля двух месяцаў. Вядома, праблемы былі. Я не скажу, што быў ПТСР, але былі праблемы са сном. Ён галавой яшчэ заставаўся на вайне, не мог прыняць таго, што застанецца на «гражданцы». Ён і жыў толькі тым, што вернецца на вайну. Ён бачыў праблемы ў беларускіх падраздзяленнях і разглядаў магчымасць паехаць у іншыя часці. Я не заўважыў у ім дэпрэсіўных схільнасцяў. Калі такое і было, то толькі праз вайну. Ён не бачыў жыцця па-за вайной. Ён кожную гісторыю з вайны ўспрымаў як сваю асабістую, жыў гэтым.

«Следчая не верыла мне»

— Вас адразу арыштавалі?

— Калі прыехала паліцыя, то сталі распытваць, што здарылася. Кажуць, паехалі, раскажаш усё падрабязна. Я не стаў нічога хаваць, усё расказаў. Мы паехалі ў паліцэйскі камісарыят. Я меркаваў, што яны дзень-два падумаюць, а потым адпусцяць, бо ўсё відавочна.

Была ўжо чацвёртая гадзіна ночы, у ізалятары я спытаўся: «А што я тут раблю?» «А ты хіба не разумееш?» — адказалі мне. Яны пыталіся, што здарылася, я коратка патлумачыў. Яны мне на гэта: «А-а-а, усё як звычайна. Ва ўсіх так». Я паспаў пару гадзін, і ранкам павялі здымаць адбіткі.

Я шчыра меркаваў, што мяне распытаюць пра тое, што здарылася, і паеду назад, а тут усё так разгортвалася нечакана для мяне. Мне сказалі, што я падазраваны ў злачынстве. Для мяне гэта быў поўны шок.

Далей былі допыты і паказанні. Была вельмі цікавая следчая. Я расказваў, што мы былі добраахвотнікамі ва Украіне, ваявалі за ідэю. На гэта пачуў, што мы ніякія не добраахвотнікі, а найміты і ваявалі выключна за грошы. Па тыпу не трэба мне тут нічога расказваць, я ўсё ведаю і так. Тады я зразумеў, куды трапіў — гэта вельмі нагадвала беларускую сістэму. Я зразумеў, што гэта будзе зноў барацьба.

— Калі вы трапілі ў статус падазраванага?

— А тады адразу. Я спытаў, на чым яны грунтуюцца, на што пачуў, што першасная экспертыза засведчыла малаверагоднасць таго, што ён мог сам сябе ўдарыць. Я даводзіў, што ніяк інакш гэта быць не магло.

Следчая не верыла мне ў самых дробязях. Яна пыталася, што было са мной, калі я ехаў у паліцыю. Я адказаў, што толькі ключы, якія потым аддаў паліцыянту. Яны адказвае: «Не, не так было». Але навошта мне тут хлусіць! Які сэнс у гэтым?

«Я ведаў, што паліграф — гэта мой паратунак»

— Калі вы вырашылі прайсці паліграф?

— Я ад самага пачатку прасіў прайсці паліграф, каб у іх не было ніякіх пытанняў. Мне сказалі, што паліграф будзе ў самым канцы, пасля ўсіх экспертызаў. Можа і год прайсці. Кожны раз мы ўздымалі пытанне паліграфу, у лютым пацвердзілі, што правядзём. Але яны сталі казаць, што паліграфіст сышоў на пенсію. Цырк нейкі!

Мы звярталіся ў іншыя дзяржаўныя арганізацыі з паліграфістамі, яны ўсе адмовіліся, апроч Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. Але і Дэпартамент у апошні момант адмовіўся. Мы змагаліся за прыватных паліграфістаў, спачатку дазволілі, усё было нармальна, заставаўся адзін дзень да яго. Але ў адзін момант кажуць: «Не хачу з гэтым разбірацца, хай суд разбіраецца». Прычынай назвалі тое, што ў прыватнага паліграфіста не хапае досведу працы.

— Вы былі згодныя на любую экспертызу?

— Так, мы самі падавалі заяўкі на экспертызы. Гэтыя экспертызы нічога не пакажуць, апроч маёй версіі. Супраць мяне была ўсяго толькі адна экспертыза, дзе гаварылася аб «малаверагоднасці» таго, што гэта самагубства. Усе іншыя экспертызы паказваюць або на маю карысць, або нейтральна.

Адвакату вельмі доўга не аддавалі дакументы з маёй справы. А калі аддалі, то гэта часткова былі матэрыялы не маёй справы. Аддавалі не цалкам усе дакументы. Да галадоўкі мне прыходзілі дакументы толькі па-літоўску, ні па-расейску, ні па-ангельску. Але ў турме змог трохі вывучыць літоўскую.

«Ніводнага разу да мяне не прыйшлі медыкі»

— Якія ўмовы былі?

— Турма пабудаваная гадоў з 15 таму. Рамонт быў звычайны, нармальны. Больш справа ў персанале, большасць перайшла туды з Лукішак (Лукішская турма ў цэнтры Вільні, цалкам закрытая ў 2019 годзе. — РС). Яны спрабуюць прасунуць старыя парадкі.

Праблемы хутчэй у судовай сістэме, якая працуе кепска. Я сядзеў абсалютна невінаваты, але мне дадавалі санкцыі адну за адной. На судах не працуе прэзумпцыя невінаватасці. Яны не ведаюць, ці вінаваты я, але ўжо ставяцца як да вінаватага. Але самае абуральнае было, што не давалі паліграф. Канечне, мне казалі, што гэта будзе ўскосны доказ, але я лічу, што ён сфармуе ўсё ўяўленне аб справе. Пакажа, што мае словы — гэта не хлусня.

— Вы галадалі. Як гэта было?

— Я скончыў на 14-я суткі галадоўку, дабіваўся паліграфу. Мяне штораз пыталіся, ці пайду я да медыкаў. Адказваў, каб прыходзілі самі да мяне, бо мне цяжка. Я першы раз хадзіў узважыцца і памераць ціск. Але да іх трэба было дабірацца праз вуліцу, на трэці паверх — гэта складана. У мяне не было ўжо сілаў.

Яны ніводнага разу да мяне не прыйшлі, ніводнага. Я звяртаўся да супрацоўнікаў турмы, а яны жартавалі: «Ну вы ж падышлі да дзвярэй камеры, я не думаю, што вы проста на вадзе, у вас бы не было сілаў устаць проста тады б».

Я хацеў накіраваць ліст пракурору, падыходжу: «Ой, а навошта ты галадаеш?» Ніхто там не замарочваецца наконт правоў чалавека. Падчас галадоўкі сілаў у мяне не было, адчуваў сябе вельмі стомленым, павольна рухаўся. Існаваў толькі на вадзе.

Першыя дзесяць дзён ішлі ў плане фізічным так, што вага гублялася хутка. А потым стаў адчуваць, нібыта здароўе ўжо высмоктваецца. Я тады і задумаўся, каб захаваць здароўе. Паліграф мне так і не далі. Гэтая сістэма не хоча даваць ніякай слабіны.

«Мы добра адзін аднаго разумелі»

— А ў вас быў канфлікт з загінулым?

— Абсалютна не. У нас з ім абсалютна ніколі гэтага не было. Я сам па сабе чалавек спакойны, а з ім у нас была найвышэйшая ступень разумення. Мы вярталіся з вайны ў тым ліку праз стасункі са сваімі жанчынамі. Мы адзін аднаго добра разумелі. Для нас было важным быць побач пасля вайны і размаўляць. Ён расказваў, што хацеў вярнуцца на вайну. У мяне такія думкі таксама былі. Я нават расказваў гэта падчас сеансаў у псіхатэрапеўта. У мяне таксама былі праблемы са сном, са структураваннем дня. Я разумеў, што трэба папрацаваць з тэрапеўтам.

Добраахвотнікі. «Чаравік» крайні справа

Добраахвотнікі. «Чаравік» крайні справа

На вайне я адчуваў, што магу быць карысным і паўплываць на вырашэнне лёсу Беларусі. І мне было складана змірыцца, што я на «гражданцы». Я не магу сказаць, што гэтыя пытанні і сёння закрытыя. З пабрацімам было важна гаварыць, адчуваць падтрымку адзін аднаго.

— Чаму вас вызвалілі?

— Суддзі, якія прынялі рашэнне вызваліць, пачулі ўсе аргументы, якія мы казалі ад самага пачатку, што малады, цесныя сувязі з Літвой, я тут вучуся, а нейкіх доказаў злачынства няма. Пашанцавала, што трапіліся такія суддзі. Цяпер у мяне на назе бранзалет, быў заклад у суме 25 тысяч. Я не магу выходзіць з хаты, толькі магу на следства, у паліклініку, на працу ці вучобу.

Цяпер на платформе Bysol вядзецца збор сродкаў на карысць добраахвотніка «Чаравіка» для аплаты паслуг адваката.

Чытайце таксама:

Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам «За мужнасць» беларуса Эдуарда Лобава, які загінуў ва Украіне, ратуючы камандзіра

«Шмат сцыкла сярод мужчын». Маргарыта Ляўчук расказала пра сваю паездку ў ваенную Украіну

Прадстаўнік Палка Каліноўскага заявіў, што Сахашчык і Азараў не справіліся. І анансаваў канферэнцыю ў Кіеве

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?