Дзяніс Хахлоў. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Дзяніс Хахлоў. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Затрыманага клічуць Дзяніс Хахлоў, і яму 45 гадоў. Мужчына жыў у Круглым.

Дзяніса пераследуюць па «народным» 342-м артыкуле за ўдзел у дэманстрацыі 23 жніўня 2020-га года — другім вялікім нядзельным маршы ў Мінску. 

Справу завялі і на ягонага прыёмнага сына Уладзіслава Лагуценку, якога адразу змясцілі пад варту і паспелі нават асудзіць на 2,5 года «хатняй хіміі». Па нашых звестках, пракуратура падала пратэст на прысуд, каб замяніць яго на больш строгі.

Хахлоў у пачатку лютага 2023-га экстранна выехаў у Расію, каб пазбегнуць пераследу, ведаючы, што яго шукаюць. А ў чэрвені вырашыў выехаць з Расіі ў Грузію, але не здолеў. Яго затрымалі 11 чэрвеня ў Кабардзіна-Балкарыі і перавезлі ў ІЧУ ў горад Нальчык.

Але рэч у тым, што ў Расіі не існуе аналага артыкула 342, «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». За хадзьбу па дарогах падчас пратэстаў існуе толькі адміністрацыйнае пакаранне, тэрміны якога даўно выйшлі. Таму ў дэпартацыі расійская пракуратура адмовіла.

Затое ў іншым судзе, куды мужчыну прывезлі 13 ліпеня, яму назначылі адміністратыўны штраф за «перавышэнне максімальнага тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі». З-за кратаў мужчыну не выпусцілі.

Яго перазатрымалі і змясцілі ў Цэнтр часовага знаходжання іншаземцаў. У якасці доказу таго, што Дзяніса трэба трымаць пад вартай да дэпартацыі, было тое, што ён у вышуку ў Беларусі, нягледзячы на тое, што па расійскіх законах ён цалкам невінаваты. Скаргі і звароты да афіцыйных органаў, якія пісалі расійскія праваабаронцы, выніку не далі.

Сёння мужчыну вывезлі ў Маскву — цяпер ён знаходзіцца ў адным з аэрапортаў горада. Наступным рэйсам яго змусяць выляцець у Беларусь, дзе яго ўжо чакаюць беларускія сілавікі. У расійскіх праваабаронцаў няма сумневаў, што яго адразу па прылёце затрымаюць.

Юрыст-праваабаронцы Раман Кісялёў расказаў нам, што яны вядуць справу Хахлова ад самага пачатку.

Раман лічыць, што паміж спецслужбамі Расіі і Беларусі ёсць нешта кшталту дамовы. Расія сваіх грамадзянаў не выдае, але вядомыя выпадкі, калі справы, напрыклад, па артыкуле за «абразу Лукашэнкі» ў адрас расіянаў прыходзілі з Беларусі. Праўда, усе яны скончыліся штрафамі, бо ў расійскім крымінальным кодэксе няма такога артыкула, ёсць толькі менш строгія. Таксама з Беларусі ў Расію выдалі Аляксея Маскалёва ў красавіку, хоць артыкула за «дыскрэдытацыю войска» ці ягоных аналагаў у беларускім Крымінальным кодэксе не існуе.

Па словах Рамана, калі яны хочуць дэпартаваць некага, то знойдуць падставу. Напрыклад, гэта можа быць тое, што чалавек жыве не па месцы рэгістрацыі — хоць, па словах Рамана, там не жыве вельмі шмат людзей (гэта як у Беларусі жыць не па прапісцы). У такой сітуацыі суд таксама можа рэкамендаваць дэпартаваць чалавека. Такая гісторыя была ў палітвязня Юрыя Касцюка.

«Ва ўсіх выпадках, калі беларусы затрымліваліся ў Расіі па крымінальных справах, заведзеных у Беларусі, так адбылося. Нават пасля адмовы выдачы па крымінальнай справе іх перазатрымліваюць і спрабуюць «прышыць» ім адміністрацыйнае парушэнне.

Пасля рашэння пра выдачу ўжо амаль немагчыма абараніць чалавека. Сёння Дзяніс пазваніў мне і сказаў, што яго сёння павязуць у Беларусь.

А калі яго пасадзяць на рэйс да Мінска, то яму гарантаваны крымінальны пераслед. І мы баімся, што яму адпомсцяць за тое, што ён збег, і дадуць рэальнае пазбаўленне волі», — падсумоўвае Раман.

Чытайце таксама:

Юрыя Касцюка асудзілі да 4 гадоў калоніі за дапамогу іншым палітвязням атрымліваць грошы ад фондаў

Беларуску Яну Пінчук экстрадуюць з Расіі. Тут яе абвінавачваюць па пяці артыкулах

Жыхара Магілёва, які паверыў абяцанням сілавікоў і вярнуўся з Польшчы дамоў, асудзілі на тры гады калоніі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?