Ганна Нятрэбка. Фота Luca Bruno / AP

Ганна Нятрэбка. Фота Luca Bruno / AP

Расійская оперная спявачка Ганна Нятрэбка падала ў суд на галоўную оперную кампанію ЗША «Метраполітэн-опера», якая разарвала з ёй адносіны з-за адмовы асудзіць Уладзіміра Пуціна за вайну ва Украіне, піша Бі-бі-сі.

Нятрэбка, якая выступала даверанай асобай Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі і падтрымлівала прарасійскіх сепаратыстаў ва ўкраінскім Данбасе, патрабуе выплаціць ёй 360 тысяч даляраў кампенсацыі за маральную і фінансавую шкоду.

Нятрэбка ўжо атрымала 200 тысяч ад «Метраполітэн-оперы» за адмену 13 выступаў, запланаваных, але адмененых пасля ўварвання. Тую скаргу разглядаў арбітраж па прафсаюзнай лініі, а цяпер Нятрэбка падала ўжо пазоў у Акруговы суд Манхэтэна.

Нятрэбка сцвярджае, што разрыў пасля 20 гадоў выступаў на сцэне «Метрапалітэн-оперы» ў нью-ёркскім Лінкальн-цэнтры нашкодзіў стаўленню публікі да яе і выклікаў пратэсты супраць яе выступаў на Захадзе.

Адна з галоўных сусветных сапрана Нятрэбка даўно жыве ў Аўстрыі. Пасля пачатку вайны яе выступы ў Еўропе сталі рэдкія, а тыя, што здараюцца, часта суправаджаюцца скандаламі.

Увесну яна з'явілася на сцэне фестывалю ў нямецкім Вісбадэне, з-за чаго туды адмовіліся прыязджаць музыкі Нацыянальнай оперы Украіны і артысты Харкаўскага драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі. Замест іх арганізатары спрабавалі запрасіць расійскі рок-гурт Pussy Riot, але і яе ўдзельнікі ў выніку адмовіліся.

Запланаваны на кастрычнік канцэрт Нятрэбкі ў Празе таксама стаў прадметам бурных спрэчак, вынік якіх пакуль няясны.

Нятрэбка спявала ў чэрвені ў Італіі і значыцца на афішах выступленняў у Берліне, Вене, Мілане, Парыжы і Буэнас-Айрэсе.

Пасля прэтэнзій з боку «Метраполітэн-оперы» Нятрэбка ў выніку асудзіла вайну — праз месяц пасля ўварвання. Аднак адмовілася крытыкаваць асабіста Пуціна, на якога Міжнародны крымінальны суд выпісаў ордар на арышт па абвінавачванні ў ваенных злачынствах ва Украіне.

Антываенны допіс Нятрэбкі выклікаў абурэнне ў Расіі. Спікер расійскай Дзярждумы Вячаслаў Валодзін назваў яго здрадай і дадаў: «Голас ёсць, а сумлення няма».

У пазове супраць «Метраполітэн-оперы» спявачка сцвярджае, што ў выніку пазбавілася даходаў у тым ліку і ў Расіі.

Яна патрабуе кампенсацыі не толькі страчаных даходаў, але і маральнай шкоды.

«Нятрэбка адчувае цяжкія душэўныя пакуты і перажывае эмацыйны разлад уключаючы, апроч іншага, дэпрэсію, прыніжэнне, збянтэжанасць, стрэс і трывогу», — цытуе яе пазоў газета Washington Post.

«Метраполітэн-опера» ў адказ коратка заявіла, што пазоў Нятрэбкі «не мае пад сабой падстаў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?