Яўген Цуркін. Фота: інстаграм-акаўнт Цуркіна

Яўген Цуркін. Фота: інстаграм-акаўнт Цуркіна

Алімпіяда, гештальт, золата

— У які момант вырашылі скончыць кар’еру?

— Перад Алімпіядай у Токіа ведаў, што ў 2021-м пастаўлю кропку. Настройваўся, што мае трэція Гульні дакладна стануць апошнім стартам. Пракруціў у галаве ўвесь ход падзей. На самой Алімпіядзе я здзейсніў мару. Так, не здзіўляйцеся. Праблема ў тым, якая яна была.

— Раскажыце.

— Вельмі хацеў праплысці ў вечаровым алімпійскім заплыве. Звычайна ў гэты час сутак у нашым відзе спорту праходзіць фінал. Але ў Токіа ўвечары былі папярэднія старты (на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем Цуркін не выйшаў у паўфінал). Увогуле, не тое сабе ўяўляў — трэба было думаць пра медалі. А так закрыў гештальт у плаванні — і пайшоў далей.

— Калі з’явілася такая мара?

— Пасля паездкі на першую Алімпіяду — у 2012 годзе. У Лондане ўбачыў збоку, як крута і атмасферна стаць удзельнікам вырашальнай стадыі спаборніцтваў, дзе канкуруе васьмёрка наймацнейшых у свеце. У выніку, паўтаруся, вечаровы заплыў у канцы кар’еры адбыўся, але я не ўяўляў, што гэта будзе на папярэднім этапе. Постфактум усміхнуўся і ўсвядоміў: марыць трэба шырэй.

— Хочаце сказаць, што калі б марылі пра алімпійскі медаль, то трапілі б на п’едэстал?

— Несумненна. Усё ідзе ад нашай галавы. Шкадую, што ў мяне не было неабходнай ментальнай падрыхтоўкі. Не скажу, што не верыў у сябе, але ніколі не марыў пра ўзнагароду Гульняў. Чамусьці не дазваляў сабе такой думкі. Адваротны прыклад: год да перамогі на чэмпіянаце Еўропы жыў з упэўненасцю, што абавязкова выйграю золата. Прачынаўся і казаў сабе: «Я змагу». І ў 2014-м быў першым у Еўропе. Так што ў першую чаргу спартоўцу трэба працаваць з мазгамі і не ставіць сабе ніякіх бар’ераў. Дабіўся б большага, калі б зразумеў гэта раней. Вядома, важныя ўмовы для падрыхтоўкі, трэнер, псіхолаг — усе павінныя працаваць у адным кірунку. Але за цябе ніхто не выйдзе на старт і не пакажа вынік.

Басейн, аўто, беларусы

— Была ломка пасля завяршэння кар’еры?

— Не. Вось абсалютна. Для мяне надышоў новы этап у жыцці. Памятаю, у Кіеве, дзе жылі з сям’ёй да вайны, купіў абанемент у басейн. Праплыў 300 метраў і лішні раз пераканаўся ў тым, што скончыў своечасова. Адплаваў сваё — больш ніякіх прафесійных трэніровак. Проста не цягнула ўжо.

— Ці задаволеныя кар’ерай?

— Так. Рады, што пабываў на трох Алімпіядах, чэмпіянатах свету, Еўропы, разнастайных спаборніцтвах. Гледзячы на тое, што адбываецца з беларускім плаваннем сёння, скажу так: заспеў цудоўны час.

— Доўга думалі, чым хочаце займацца?

— Адпачываў каля года. Гэтага было дастаткова, каб адаптавацца да новых рэалій. Спартовец жыве ў камфортных умовах. Так, працуеш як пракляты на трэніроўках. Але пры гэтым не трэба думаць, колькі плаціць за кватэру, што купіць у краме. Потым, калі занураешся ў жыццё пасля спорту, усё мяняецца. Ужо неабходна думаць у зваротным кірунку: дзе зарабіць, што сёння будзеш есці. Свет, аказваецца, значна шырэйшы, чым рамкі, якія ставіць спорт.

— Чым зарабляеце на жыццё сёння?

— Па-першае, вучу плаванню дзяцей і дарослых. Апынуўся ў Варшаве без ведання польскай — толькі з рускай і англійскай. Але праз усе падзеі ў нашай краіне і Украіне ў Польшчу прыехала вельмі шмат беларусаў. Удаецца без праблем знаходзіць кліентаў. Прычым лепш за ўсё працуе сарафаннае радыё. Некаторыя беларусы пазнаюць — гэта прыемна, не хаваю. Нездарма, значыць, у басейне столькі гадоў без прыпынку махаў рукамі. Цяпер заняткаў хапае, каб закрываць усе свае патрэбы.

Па-другое, у мяне даўно жарсць да аўтамабіляў. У Польшчы паспрабаваў розныя кірункі. Пачаў з таго, што выкупіў дзве машыны і аддаў іх у арэнду. У выніку адну скралі хлопцы з Грузіі, памчаўшыся ў невядомым кірунку, а другую разбілі. На шчасце, першы аўтамабіль знайшоўся, за што дзякуй палякам, а за другі атрымаў кампенсацыю. Таму ў мінусе не застаўся. Але з арэндай скончыў. Цяпер займаюся купляй пад заказ бітых аўто з ЗША. Людзі хочуць набыць машыны, якія недзе на 40% таннейшыя за аўто па рынку, мы купляем іх з аўкцыёну, рамантуем, дастаўляем — і ўсе шчаслівыя.

— Працуеце адзін?

— У мяне ёсць партнёр. Гэта Арсеній, муж вядомай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. Размяркоўваем абавязкі: хтосьці больш займаецца рэкламай і прасоўваннем, хтосьці камунікуе з кліентамі. Мы добра дапаўняем адзін аднаго. Усё ідзе выдатна, зарабляем. Упэўнены, не спынімся з Арсеніем на гэтым праекце. Наогул хачу адзначыць: у Польшчы неймаверная колькасць таленавітых, крэатыўных беларусаў, якім давялося з’ехаць. Яны моц, фантастычныя людзі! Я вінны да смерці ўсім, хто падтрымаў мяне ў новым асяроддзі.

Яўген Цуркін. Фота: інстаграм-акаўнт Цуркіна

Яўген Цуркін. Фота: інстаграм-акаўнт Цуркіна

Бег, Наваполацк, рэчка

— Як усё паспяваеце?

— Падабаецца гэты шалёны тэмп жыцця. Так, часу, бывае, не хапае. Калі б у сутках было 36 гадзін — выкарыстаў бы іх усе. Але трэба паспяваць. У мяне маленькае дзіця, якому патрэбны клопат. Часам забіраю Сафію з садка, часам разам гуляем. Дачка, навучанне людзей плаванню, пытанні з аўтамабілямі, думкі пра новыя праекты — так дні і ляцяць.

— Займаецеся спортам?

— У маім жыцці застаўся толькі бег. А да плавання стаў абыякавы. Ваду па-ранейшаму люблю, але няма жадання пераадолець нейкую дыстанцыю.

— Вам даводзілася ратаваць тых, хто тоне?

— На моры — не. Але быў выпадак у басейне, калі трэніраваўся ў зборнай Беларусі. Прыехалі на майстар-клас у Наваполацк. Там былі маленькія дзеці. Спыталі ў іх, ці ўсе ўмеюць плаваць. Сказалі, што ўсе. Правялі размінку — і дзеці паплылі. Гляджу, адно дзіця пачынае тануць. Іду па борціку паралельным курсам, здымаю красоўкі, потым шорты. Кантраляваў сітуацыю, хоць спачатку думаў, што яно справіцца. Але давялося дапамагчы.

Памятаю і гісторыю з дачкой у Кіеве. Мы пайшлі купацца на рэчку. Сафіі было тры гады. Плыў на спіне, а дзіця ляжала на мне. Кажу ёй: «Працуй ножкамі — трохі праплывём, дзе крыху глыбей». І ў адзін момант дачка пачала гарэзіць. Было няпроста трымаць маленькае дзіця над вадой. Сафія, вядома, хутка супакоілася. На вадзе трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна. Калі мне, прафесійнаму спартоўцу, было цяжка з маленькай дзяўчынкай, то ўявіце, як гэта — ратаваць дарослых людзей.

Санкцыі, Парыж, Шкурдай

— Што думаеце пра цяперашняе адхіленне беларускіх плыўцоў ад міжнародных стартаў?

— Лагічнае рашэнне. Не трэба забываць, што з тэрыторыі краіны ляцелі ракеты ва Украіну. Перспектывы нашага плавання цяпер, вядома, цьмяныя. Атлеты пазбаўленыя топ-турніраў, дзе маглі б паказаць сябе. Цяжка ўявіць матывацыю спартоўцаў у Беларусі на гэтым этапе. Ладна моладзь. А больш узроставыя хлопцы, мабыць, пакуль плаваюць за ідэю і чакаюць, калі здымуць санкцыі. Хоць шанцы выступіць у Парыжы мінімальныя.

— Лідарка жаночай зборнай Анастасія Шкурдай не паехала трэніравацца ў ЗША ўслед за сваім трэнерам…

— Размаўляў з Насцяй. Яна вельмі любіць Беларусь. Таму не бачыла сябе ў ЗША. Напэўна, пераезд за акіян даў бы штуршок кар’еры. Але кожны вольны сам прымаць рашэнне.

— Басейн у Мінску на Кальварыйскай, які будуюць кітайцы, надасць імпульс нашаму плаванню?

— Хутчэй, ён стане базай для падрыхтоўкі зборнай, аблегчыць лагістыку. У мой час нацыянальная каманда ў асноўным рыхтавалася ў Брэсце. А так, будаўніцтва аднаго басейна, нават крутога, не вырашыць глабальна праблем з падрыхтоўкай рэзерву. Але можа даць пэўны штуршок — прынамсі, выбар у трэнераў цяпер пашырыцца, калі ў плаванне пойдзе больш дзяцей. Дарэчы, адзін з прабелаў у кар’еры — адсутнасць прэстыжнага турніру ў Беларусі. Вельмі хацелася выступіць пры родных трыбунах, адчуць гэтую атмасферу. Але на жаль, у праграму Еўрапейскіх гульняў у 2019-м плаванне не ўключылі. Пра чэмпіянаты Еўропы ці свету гаворкі наогул не было.

Сумленне, сцяг, дом

— Вы казалі ў інтэрв'ю TUT.BY у кастрычніку 2020-га: «Маўчаць пры ўсім, што адбываецца ў краіне, больш неразумна. Сумленне рана ці позна зжарэ цябе». Некаторых, выходзіць, яшчэ не з’ела?

— Магчыма, моладзь не да канца адчувае ўвесь боль сітуацыі, праз што праходзяць беларусы. Не ведаю… Не збіраюся нагнятаць. Хто хацеў выказацца, ужо зрабіў гэта. Астатнія, мабыць, дамовіліся з сумленнем.

— Не думаеце, што пасля жніўня-2020 народ ганарыўся нашымі спартоўцамі больш, чым цяпер?

— Так і ёсць. Нямала вядомых атлетаў заявілі ў 2020-м пра сваю пазіцыю, хадзілі на пратэсты, за што пазней пацярпелі. А цяпер проста кашмар. Калі пачалася вайна ва Украіне, многія закрылі вочы на тое, што адбываецца. Ну пастаўце хоць у профілі ў сацсетках украінскі сцяг. Там людзі гінуць кожны дзень — можна было неяк варушыцца. Напэўна, спартоўцы лічылі, што іх дом вайна абміне. Так і адбылося — цяпер спаборнічаюць у Расіі. Рыхтуюцца не да ўмоўнага чэмпіянату свету, а старту ў Казані. Усё па заслугах.

— Вас цягне ў Беларусь?

— Часам сумую. Прыехаў бы паглядзець, як краіна развіваецца, што новага. Чалавек да ўсяго прывыкае — у тым ліку да жыцця за мяжой. Але хочацца хаця б адным вокам зірнуць на родныя мясціны, дакрануцца да сценаў дома.

— Вы пра той, які адабралі ў вас і Аляксандры Герасімені?

— Не, я ў шырэйшым сэнсе. А тое, што забяруць дом, кватэру, мы прадбачылі. Спакойна паставіліся — сумленне даражэйшае за грошы. Нічога, купім яшчэ не адно жыллё.

Сюррэалізм, развод, Сафія

— Што падумалі, калі даведаліся пра прысуд Герасімені — 12 гадоў турмы?

— 5, 7, 20 — якая розніца. Усе гэтыя «завочныя суды» — суцэльны сюррэалізм. Нават абмяркоўваць не хачу такое, бо чалавек толькі выказаў грамадзянскую пазіцыю.

— Чаму вы вырашылі развесціся?

— Падрабязнасцяў не буду расказваць. Думаю, гэта мусіць застацца паміж мной і Аляксандрай. Скажу толькі, што мы яшчэ ў працэсе разводу, але ўжо год кожны жыве сваім жыццём. Пры гэтым захавалі добрыя адносіны.

— Праўда? Заўважыў, што ў Instagram у вас ужо няма агульных фота, не лічачы некалькіх здымкаў у кампаніі іншых людзей у 2015-м.

— Так, цяпер усё цудоўна. У нас агульнае дзіця, таму нікуды не падзенемся адно ад аднаго. Пра ўсё дамовіліся на беразе і разышліся без нейкіх прэтэнзій.

— Моцна перажывалі?

— Любы распад сям'і — вельмі цяжка. Ты нібы паміраеш і нараджаешся нанова. Нікому не пажадаю прайсці праз гэта. А тым, хто ўжо знаходзіцца ў працэсе разводу, парэкамендую знайсці добрага псіхолага. Калі б сам раней звярнуўся да спецыяліста, было б лягчэй. Вядома, аналізуючы некаторыя моманты сёння, разумею, што трэба было зрабіць інакш. Але жыццё такое, якое ёсць. Мы развіваемся і рухаемся наперад. Галоўнае, паўтаруся, — разыходзіцца добра.

— А як Сафія рэагуе на тое, што мама не жыве з татам?

— З прычыны ўзросту яна яшчэ не ўсё разумее. Баўлю з дачкой нямала часу. Вельмі яе люблю, як і яна мяне. Шчаслівы, што Сафія ёсць у маім жыцці. Ведаеце, у Кіеве сяброўка дачкі па дзіцячым садку неяк на пытанне, хто яе тата, сказала, што касманаўт. Можна толькі ўявіць, якія адносіны былі ў той сям'і… У нас усё інакш. Былая жонка казала, што я добры тата. І я ў гэта веру.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?