Фота: janeb13 / pixabay.com

Фота: janeb13 / pixabay.com

Праект «1906» звярнуўся да псіхолага Васіля Проня, які шмат працуе з гэтай праблемай, каб пачуць яго меркаванне. «Наша Ніва» перадрукоўвае гэты тэкст.

Дзяніс Блішч напісаў у твітары: «Найвялікшае глупства, якое прыдумалі міленіялы, — гэта т.зв. выгаранне. Гэта ці дэпрэсія, ці неўроз, розныя трывожныя разлады, у рэшце рэшт лянота ці сіндром дэфіцыту ўвагі. То-бок ці дыягназ, ці пэўныя рысы характару. Няма ніякага выгарання».

Твіт сабраў 21,3 тысячы праглядаў, а таксама пару дзясяткаў каментароў, большасць з якіх былі пра нязгоду з меркаваннем блогера. Каментатары звярталі ўвагу на тое, што «міленіялы», якія «прыдумалі» выгаранне — гэта псіхолагі Крысціна Маслач і Герберт Фрэйдэнбергер 1946 і 1926 года нараджэння, і яны ўлічвалі досвед папярэднікаў у гэтай сферы.

Тыя, хто не пагадзіўся з Блішчом, пісалі:

«Так пра многія хваробы раней казалі, а зараз яны існуюць у пераліках дыягназаў. Усё цячэ, усё мяняецца. Тэмпы і ўмовы жыцця ствараюць новыя віды псіхічных расстройстваў і г.д. Сучасны чалавек у суткі спажывае больш інфармацыі, чым чалавек за год паўстагоддзя таму».

«Самае вялікае глупства — гэта калі пачынаеш нешта пісаць, не прагугліўшы».

«Люблю экспертаў па ўсіх пытаннях».

«Калі чалавек працуе пастаянна ў стрэсе і напрузе без адпачынкаў некалькі гадоў з пастаяннымі перапрацоўкамі, ў яго будзе дэпрэсія, неўроз, лянота або дэфіцыт увагі?»

«І каранавірусу ніякага няма. Бо ніхто ад яго не памёр. Усё паміраюць ад спынення сэрца, а не ад віруса нейкага прыдуманага».

Што пра гэтае меркаванне думае псіхолаг?

Васіль Пронь разумее, чаму блогер мог прыйсці да высновы, што выгаранне — фікцыя ад новага пакалення: «Даследчыкі сапраўды назіраюць змены ў паводзінах моладзі, больш маладыя людзі менш схільныя доўга канцэнтравацца на канкрэтнай задачы. Гэта звязваюць са зменамі асяроддзя, асабліва інфармацыйнымі. Новае пакаленне з дзяцінства карыстаецца смартфонамі і інтэрнэтам, сацсеткамі, і ўсё гэта ўплывае на фармаванне кліпавага мыслення ці як мінімум пэўных асаблівасцей успрыняцця і перапрацоўкі інфармацыі.

Яны звыкліся пераскокваць з аднаго загалоўка паста на іншы, хутка прапускаюць праз сябе інфармацыю і спажываюць яе павярхоўна, спыняюцца толькі на тым, што ім цікава. Гэта не дрэнная і не добрая з’ява, а проста рыса, якой не было ў мінулых пакаленняў.

Тое ж самае ў іх і з працай. У такіх людзей няма ўстаноўкі, што мусіць быць адна праца на ўсё жыццё, як лічылі ў савецкія часы. Маладыя лёгка ставяцца да працы, паважаюць свае межы, лічаць, што калі ім нешта не спадабаецца на працы, можна проста знайсці іншую, якая будзе ім больш пасаваць». 

Новаму пакаленню, кажа псіхолаг, больш складана канцэнтравацца на такіх задачах, дзе патрэбная вытрымка, бо яны па-іншаму ўспрымаюць рэчаіснасць. Таму яны значна больш адчувальныя, чым людзі мінулых пакаленняў, і ім нашмат прасцей адкрыта казаць, што ў іх выгаранне. Не спадабалася задача, прайшло натхненне — чалавек лічыць, што ён выгарэў.

Таму ў старэйшых людзей, асабліва кіраўнікоў, можа ўзнікаць адчуванне, што выгаранне — гэта лухта, яго прыдумалі міленіялы, каб саскокваць з працы. Васіль мяркуе, што праблема твіта якраз у гэтым: «Не хапае разумення псіхалогіі маладых людзей і таго, чаму яны так ставяцца да працы. Яны так увогуле ставяцца да жыцця. Гэта праяўляецца і ў іншых сферах: для іх значна менш важна мець уласнае жыллё, яны гатовыя ўвесь час вандраваць і нешта змяняць. У іх іншыя каштоўнасці». 

Разам з тым Васіль тлумачыць, што калі чалавек не жадае працаваць, адчувае ляноту, ён можа прыбягаць да маніпуляцыі і сімуляцыі. Часам маладое пакаленне можа лічыць выгараннем тое, што ім не з’яўляецца. 

Такая з’ява, як выгаранне, збольшага датычыцца людзей, старэйшых за міленіялаў, якія адказна ставяцца да працы. Яны выхоўваліся ў іншыя часы і цяпер адчуваюць на сабе інфармацыйную перагрузку. Міленіялы проста больш клапоцяцца пра сябе, і ў гэтым іх не зусім разумеюць людзі старэйшага ўзросту.

Маладыя смялей кажуць пра выгаранне, чым іх бацькі і дзядулі, але ж і іх папярэднікі таксама выгаралі.

«Калі казаць пра дзядоў, яны, пэўна, больш думалі пра тое, як выжыць. Калі ты хочаш есці або табе няма чым карміць дзяцей, выгаранне сыходзіць на другі план, хаця і не знікае. У мінулыя часы было не да таго, каб дыягнаставаць выгаранне. 

Гэтае паняцце ўвялі ў псіхалогію ў 1974 годзе, і я лічу, што гэта цесна звязана з павелічэннем хуткасці жыцця і зменаў навокал. Калі паглядзець далей у мінулае, жыццё там было павольнейшае, з ніжэйшым узроўнем псіхалагічнага напружання. А ў мінулым стагоддзі набрала хуткасць інфармацыйная гонка: распаўсюдзіўся кінематограф, радыё, пачалася постіндустрыяльная эпоха, жыццё стала шпарка змяняцца. Усё гэта павялічвае псіхалагічнае напружанне». 

Міленіялы не абавязкова працуюць горш за бацькоў. З-за таго, што яны пастаянна ў інфармацыйнай сферы, яны могуць і лепш з ёй спраўляцца, яны больш абароненыя ад перагрузкі і лепш яе адчуваюць. Старэйшыя людзі горш улоўліваюць перагрузку, таму ў іх і накопліваецца напружанне, якое вядзе часцей да выгарання, або, праз ігнараванне выгарання, наўпрост да псіхічных разладаў. 

Выгараць можна там, дзе павышаная адказнасць, ёсць канфлікты і напружанасць на працы, інфармацыйны перагруз, а таксама неспрыяльныя фізіялагічныя абставіны працы. Калі чалавек працуе ўзімку ў неацяпляльным памяшканні, з дрэнным асвятленнем ці недахопам кіслароду, гэта таксама спрыяе выгаранню, але ў рознай ступені.

Што рабіць, каб не стаць ахвярай выгарання?

Васіль звяртае ўвагу на прыкметы дэфіцыту ўнутранага рэсурсу. Гэта змены ў паводзінах, якія можа заўважыць сам чалавек або яго атачэнне. 

«Гэта можа быць дрымотнасць або бяссонніца: калі ваш сон заўважна змяніўся, гэта можа быць званочкам. Яшчэ звяртаем увагу, калі чалавек робіцца больш канфліктным, агрэсіўным, плаксівым, абрыдлівым, калі ён нешта часта засмейвае, робіцца менш уважлівым і часцей дапускае памылкі.

Падзенне эфектыўнасці працы, праблемы з канцэнтрацыяй і страта зацікаўленасці да чагосьці, што раней цікавіла, або ўвогуле да ўсяго — таксама трывожныя сігналы. У людзей можа рэзка змяняцца апетыт, часам пачынаецца нервовы цік. Часам людзі ў такім стане заўважаюць за сабой заміранні ці завісанні, калі яны быццам выпадаюць з рэальнасці.

Калі для чалавека гэта характэрнае, ён ужо можа падыходзіць да стану выгарання, але за такімі сімптомамі могуць хавацца і іншыя праблемы. Трэба размаўляць з чалавекам і шукаць, што выклікала змены ў яго стане. Калі справа ў эмацыйным напружанні, можам казаць, што тут мае месца выгаранне. Гэтае напружанне можа быць звязанае з працай, але не абавязкова — палітычны актывіст ці эмігрант таксама могуць выгараць», — тлумачыць спецыяліст.

Калі ў чалавека выяўленае выгаранне, але яшчэ не дыягнаставаны псіхічны разлад, ён можа дапамагчы сабе сам. Гэта можа быць як змена знешніх абставінаў (самой працы, яе рэжыму ці чагосьці яшчэ), так і фармаванне звычкі клапаціцца пра сваю псіхалагічную ўстойлівасць, пра наяўнасць рэсурсу. Арганізацыі таксама могуць змяняць абставіны працы, каб супрацоўнікі адчувалі сябе больш камфортна і ў той жа час не маніпулявалі выгараннем, але пры гэтым былі дастаткова эфектыўнымі.

Чытайце таксама:

«Лепш загадзя падрыхтаваць сабе глебу». Парады псіхолага тым, хто ненавідзіць сваю працу

Ці хочуць нашы дзеці, каб мы расказвалі пра іх жыццё ў сацыяльных сетках?

Сацыяльныя псіхолагі: палітыка разнастайнасці ў кампаніях часта пераўтвараецца ў абсурд

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?