Кадр з пастаноўкі. Фота: Тэатр «Барбікан»
Ідэя оперы, як кажа Хадановіч, належыць мастацкаму кіраўніку Свабоднага тэатра Мікалаю Халезіну, ён жа рэжысіруе пастаноўку.
Перш за ўсё Халезін звярнуўся да Вольгі Падгайскай, вядомай беларускай кампазітаркі. Яна і прапанавала Андрэя Хадановіча як лібрэтыста, бо даўно і плённа з ім супрацоўнічае.
Паэт пагадзіўся на прапанову і некалькі месяцаў працаваў з аповесцю Караткевіча, ператвараючы яе ў вершаванае лібрэта. Аднойчы ён ужо спрабаваў разам з Вольгай Падгайскай напісаць оперу, таму мінімальны досвед у паэта быў. Але ён удакладняе, што тая праца не была такой прыгожай і адказнай, як Караткевіч і «Дзікае паляванне», гэта быў больш іранічны твор.
Хадановіч расказвае пра тое, як паўставаў тэкст оперы: «Каб стварыць лібрэта, мне спатрэбілася пару месяцаў інтэнсіўнай штодзённай працы, потым Вольга Падгайская некалькі месяцаў займалася напісаннем музыкі. Трэба сказаць, што тут не тэкст адаптаваўся да гатовай музыкі, а музыка пісалася на вершы, якія я перыядычна дасылаў Вользе. Тэрміны былі вельмі сціслыя, і я адразу адпраўляў кампазітарцы тэксты па меры іх напісання. У той час, на момант позняй зімы, паўставалі першыя часткі музыкі, а я яшчэ не скончыў лібрэта.
Потым сёе-тое перапісвалася, я ўлічваў заўвагі кампазітаркі і часам нешта перарабляў, нешта падкарочваў, бо нам трэба было ўкласці ў пару гадзін спектакля вялікі літаратурны матэрыял».
Нядаўна ў оперным тэатры ў Варшаве прайшлі рэпетыцыі спектакля з удзелам выбітнага опернага дырыжора Віталя Алексяёнка, і выявілася, што пары тэм у лібрэта ўсё-такі бракуе. Хадановіч прызнаецца, што давялося ўначы, пасля рэпетыцый, сёе-тое дапісваць.
У новай оперы да акцёраў Свабоднага тэатра далучыліся ўкраінскія артысты, у тым ліку і оперныя зоркі — Тамара Калінкіна, Алена Арбузава.
Паэт расказвае, што сумесныя рэпетыцыі ўразілі яго атмасферай еднасці, таксама ён выказвае ўдзячнасць украінцам за салідарнасць з беларускай літаратурай і беларускім тэатрам, за разуменне супольных выклікаў.
Цікавая дэталь: спявачкі настолькі ўвайшлі ў ролю, што на гумарыстычным узроўні пачыналі гутарыць паміж сабой па-беларуску.
Што да працы Андрэя Хадановіча, то яна не скончылася на стварэнні лібрэта. «Прапанаваў тэатру папрацаваць з украінскімі артыстамі над іх беларускім вымаўленнем. Начытаў аўдыяверсію лібрэта, і яе разаслалі нашым украінскім калегам задоўга да рэпетыцыі. Цягам варшаўскай рэпетыцыйнай сесіі быў на ўсіх рэпетыцыйных пляцоўках, слухаў артыстаў і казаў ім, што не так у іх вымаўленні, мы мелі шмат індывідуальных кансультацый, дзе праходзіліся па тэксце лібрэта. Цяпер працягваем гэтыя кансультацыі анлайн», — расказвае ён.
Беларуская і ўкраінская мовы блізкія лексічна, але фанетыка нашых моў цалкам адрозніваецца. Па вымаўленні амаль кожнага слова можна адрозніць, калі гэта беларус гаворыць па-ўкраінску ці ўкраінец — па-беларуску, фанетыка нас выдае. Паэт тлумачыць: «Часам у нашых мовах слова пішацца аднолькава, але мае розны націск, і ўкраінцы з гэтым спачатку блыталіся. Таксама былі праблемы са словамі, якія пішуцца падобна, але вымаўляюцца па-рознаму. Класічны прыклад — канчаткі дзеясловаў: «падабАецца» ў беларускай мове і «подОбаеться» ва ўкраінскай. Мяккае «ться» — першае, што вылазіць, калі ўкраінец спрабуе гаварыць або спяваць па-беларуску».
Андрэй Хадановіч прыводзіць прыклад пераносу ўкраінскай фанетыкі ў беларускую мову. Раней яму даводзілася перакладаць на беларускую для Алега Скрыпкі і «Вопляў Відаплясава» іх твор «Краіна мрій». Скрыпка запісаў гэты твор па-беларуску і спяваў яго падчас сваіх канцэртаў, але былі чуваць нюансы фанетыкі: «Чуў я, што мне сніться парой, / Што існуе краіна мрой».
Хадановіч называе «Дзікае паляванне караля Стаха» адной з вяршыняў беларускай літаратуры XX стагоддзя, а таксама адным з самых актуальных для нас твораў:
«Яго сюжэт вядзе ў канец XIX стагоддзя, але шмат рэчаў будзе перажывацца слухачамі так, быццам гаворка ідзе пра нас. Перш за ўсё, гэта атмасфера татальнага, амаль містычнага страху, які пануе ў аповесці. Страх, якім можна карыстацца як інструментам, закабаляючы ім людзей і маніпулюючы імі. Але разам з тым аповесць мае тэрапеўтычны эфект, бо яна пра пераадоленне гэтага страху.
Як толькі вера ў ідэалы, каханне, якое вядзе галоўных герояў, дапамагае гэты страх адужаць, то аказваецца, што можна перамагчы ворага, які здаваўся непераможным. У гэтым сэнсе дзікае паляванне, з якога зрываюць містычную маску, выяўляецца бездапаможным і вартым жалю».
Таксама паэт акцэнтуе ўвагу на тым, як своеасабліва Караткевіч паказвае дэградаваную шляхту, якая робіцца аналагам сённяшніх сілавікоў: «Служачы імперскай Расіі, нібыта свае дэнацыялізаваныя здраднікі панявольваюць і трымаць у страху ўласны народ. Чым не партрэт сённяшняга рэжыму і сённяшніх беларускіх сілавікоў на вернай службе ў рускага свету?»
Хадановіч расказвае, што такая рыса аповесці добра бачная ў аднайменным савецкім фільме 1979 года, які паставіў Валерый Рубінчык.
Гэта атмасфера вялікай рэакцыі, але ёй можна супрацьстаяць, лічыць Андрэй Хадановіч, калі ты верыш у свае ідэалы і калі табе дапамагае каханне.
Паводле Хадановіча, «Дзікае паляванне» сёння актуальнае і ў кантэксце беларуска-ўкраінскіх адносін. Караткевіч задумаў свой твор і ў значнай ступені пачаў над ім працаваць, калі маладым чалавекам паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт. Ёсць версія, што пасля першага курса на вакацыях у Оршы ён пачаў працаваць над першай рэдакцыяй гэтай аповесці.
Паэт расказвае, што знаходзіў у «Дзікім паляванні» шмат прыгожых украінізмаў, але ж справа не толькі ў іх: «Украінскую і ў нечым аўтабіяграфічную тэму праводзіць у творы вобраз Андрэя Свеціловіча, які, як і сам пісьменнік, вучыцца ва ўніверсітэце ў Кіеве. Яго выключаюць з універсітэта, больш за тое, робяць гэта за ягоны ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Фактычна адбываецца тое ж, што мела месца ў верасні 2020-га ў Мінску, калі сілавікі ўварваліся ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт.
Калі паліцыянты дапытваюць беларуса Свеціловіча і ўдакладняюць у яго нацыянальнасць, ён у знак салідарнасці і падтрымкі супольнай справы кажа, каб яго запісалі ўкраінцам. Разам з іншым героем, Беларэцкім, яны абмяркоўваюць гэта на балі, і Беларэцкі кажа, што такі адказ варты шматлікіх куль. Ён даводзіць, што вораг [у беларусаў і ўкраінцаў] адзіны і трэба перад абліччам гэтага прыгнёту трымацца разам».
Хадановіч абяцае ў спектаклі шмат розных кантрастаў і нечаканых спалучэнняў. Напрыклад, спалучэнне мовы оперы з драматычнай, тэатральнай мовай: усё лібрэта напісана вершамі, але гэта вельмі розныя вершы. Палова ўдзельнікаў спявае оперныя арыі і дыялогі, а палова — дэкламуе вершы пад музыку. То-бок акцёры Свабоднага тэатра быццам размаўляюць пад музыку са спевакамі і спявачкамі, якія карыстаюцца сваім мастацтвам.
Са спевакамі і акцёрамі грае жывы аркестр — Five-Storey Ensemble, але разам з імі ўжываецца электронная музыка. А яшчэ дзейства на сцэне спалучаецца з фрагментамі відэа, якое паказваюць падчас спектакля на розных экранах. Усё гэта робіцца складанай мастацкай мовай са шматлікіх дэталяў, і атрымліваецца вельмі сінтэтычны і сучасны твор, як мяркуе Хадановіч.
Калі пастаноўка ўдасца, гэта будзе адным з самых значных «вялікіх праектаў» беларускай культуры перыяду пасля 2020-га года. Можа быць, услед за ёю народзяцца і новыя кінафільмы, і новыя раманы?
Плануецца, што адзін з паказаў оперы наведае кароль Брытаніі Карл III.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»На галоўнай опернай сцэне Польшчы прайшла рэпетыцыя «Дзікага палявання караля Стаха» Караткевіча
Уладзімір Караткевіч. Сакрэты культавага пісьменніка
«Сапраўдны цуд». Выпадкова знайшоўся невядомы верш Барадуліна





