Выдра з кодавым імем 841, якая крадзе дошкі ў сёрфінгістаў з мэтай на іх пакатацца ці проста пагрызці. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Выдра з кодавым імем 841, якая крадзе дошкі ў сёрфінгістаў з мэтай на іх пакатацца ці проста пагрызці. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

У навакольных водах горада Санта-Круз, што ў амерыканскім штаце Каліфорнія, жыве марская выдра, якая любіць нападаць на сёрфінгістаў і красці іх дошкі. Маленькага звярка завуць 841, ён нарадзіўся не ў дзікай прыродзе, а ў запаведніку (адтуль і такое незвычайнае імя). Пазней жывёлу выпусцілі ў дзікую прыроду, пасля чаго яна пачала нападаць на сёрфераў, бо прывыкла, каб яе кармілі людзі.

Гэту гісторыю нядаўна распавяло Бі-бі-сі.

Мясцовыя сёрферы кажуць, што ніколі не бачылі нічога такога, а тым часам у інтэрнэце дошкі з аб’явамі «Асцярожна! У гэтай мясцовасці водзіцца агрэсіўная марская выдра!» ужо выклікалі шмат жартаў. Фатограф Марк Вудвард тым не менш зрабіў некалькі кадраў з выдрай 841, на якіх тая разам са сваімі суродзічамі катаецца на толькі што захопленых дошках для сёрфінгу. На вачах у Вудварда выдра бязлітасна грызла дошку, ад якой перад гэтым адагнала яе ўладальніка.

Аб'ява з афіцыйным папярэджаннем аб «агрэсіўнай марской выдры». Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Аб'ява з афіцыйным папярэджаннем аб «агрэсіўнай марской выдры». Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Сляды ад укусаў выдры 841 на адной з дошак для сёрфінгу. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Сляды ад укусаў выдры 841 на адной з дошак для сёрфінгу. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Выдра 841 плыве на скрадзенай у сёрфера дошцы. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Выдра 841 плыве на скрадзенай у сёрфера дошцы. Фота: Mark Woodward / Native Santa Cruz

Па інфармацыі Бі-бі-сі, сама выдра 841 — гэта дачка яшчэ адной выдры, якая таксама жыла каля берагоў Санта-Круз і якую рэгулярна частавалі людзі. Неўзабаве жывёла прывыкла да людзей і іх ласункаў, таму пачала сама прыплываць да людзей. Так яе і злавілі, а затым адправілі жыць у Цэнтр ветэрынарнай дапамогі і даследаванняў марской дзікай прыроды ў горадзе Санта-Круз. Ужо там навукоўцы хутка зразумелі, што яна цяжарная. Так і нарадзілася выдра 841. Яна расла ў акіянарыуме Мантэрэй-Бэй, дзе даследчыкі прынялі меры засцярогі, каб любоў яе маці да людзей не перадалася дачцэ. Работнікі падчас раздачы ежы апраналі чорныя понча і зварачныя маскі, за што іх у цэнтры празвалі «нарадам Дарта Вейдэра». Гэта рабілася для таго, каб выдры асцерагаліся, заставаліся дзікімі і не прывыкалі быць залежнымі ад людзей.

«Навукоўцы з акіянарыума Мантэрэй-Бэй дагэтуль не ўпэўненыя, чаму выдра 841, як і яе маці, не навучыліся страху да людзей. Магчыма, у яе было ранняе пазітыўнае ўзаемадзеянне з людзьмі, ці яе зноў хтосьці прыкарміў. Можа быць, гэта проста моцныя гены. Кажуць, што калі гэтую жывёлу толькі выпусцілі на волю, то яна добра спраўлялася без чалавека, лавіла крабаў і нават далучылася да іншых выдраў. Але потым яна пачала падплываць блізка да сёрфераў, і неўзабаве колькасць візітаў павялічылася», — піша Бі-бі-сі.

Апроч таго, жывёла даволі хутка зразумела, што дошкі для пачаткоўцаў, якія зробленыя з пенапласту, больш зручныя для таго, каб іх грызці. Нядаўна, па словах відавочцаў, выдра «абкусала ўсе да адзінай дошкі, але больш за ўсё ёй спадабалася вясёлкавая». Такія паводзіны былі незвычайнымі. Большасць выдраў адчуваюць моцны страх перад людзьмі, бо гэты страх дапамагае ім заставацца ў бяспецы.

Акіянарыум Мантэрэй-Бэй, дзе нарадзілася і вырасла выдра 841. Фота: Adam Hester / Getty Images

Акіянарыум Мантэрэй-Бэй, дзе нарадзілася і вырасла выдра 841. Фота: Adam Hester / Getty Images

На мінулым тыдні Cлужба аховы рыбнай гаспадаркі і дзікай прыроды ЗША абвясціла, што пачала пошук выдры 841, каб злавіць яе і перасяліць у запаведнік. Супрацоўнікі службы шукаюць новы дом для выдры і кажуць, што такія паводзіны маглі развіцца з-за гарманальных усплёскаў пасля нечаканай змены асяроддзя.

У службе таксама дадалі, што пацверджаных паведамленняў аб траўмах у людзей з-за выдры няма, але яна ўжо паспела папсаваць і скрасці некалькі дошак, таму сёрферам і байдарачнікам, якія адпачываюць у гэтым раёне, трэба быць уважлівымі, ім раяць не набліжацца да выдры.

Чытайце таксама:

У серфінгістаў Сан-Дыега з'явіўся незвычайны «калега» — маленькі цюлень Сэмі

У Мінску з'явілася ўстанова, дзе можна пагуляць з вожыкамі

Кансоль Nintendo вызваліла дзяўчыну з палону выкрадальніка

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
11
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?