Здымак ілюстрацыйны. Фота: sb.by

Здымак ілюстрацыйны. Фота: sb.by

«Натоўп людзей, з дзецьмі, з рэчамі, проста ў лесе»

Аўтобусы кампаніі PL Int ездзяць з Вільні ў Мінск і назад. 7 ліпеня аўтобус выехаў са сталіцы Літвы паводле раскладу ў 17:00 і мусіў быць у Мінску ў 21:00. Але ўсё пайшло не па плане, пераказвае Кацярына (тут і далей імёны змененыя) гісторыю свайго сябра.

«На літоўскай мяжы ўсё было добра, прапусцілі без праблем. На беларускай пачалося: супрацоўнікі сказалі чакаць, кудысьці пайшлі, і ў выніку аўтобус прастаяў чатыры гадзіны! Потым яны вярнуліся і сказалі чакаць яшчэ», — тлумачыць дзяўчына.

Каля поўначы да пасажыраў падышоў памежнік і сказаў выходзіць разам з рэчамі. Пункт пропуску «Каменны Лог» не прызначаны для пераходу мяжы пешшу, але супрацоўнік прайшоў яго разам з пасажырамі.

«Як распавядаў сябар, памежнік сказаў, што аўтобус не прапускаюць, а людзі далей хай як хочуць. І дадаў: «Дзякуйце за гэта сваёй Літве». І вось стаіць натоўп людзей, з дзецьмі, з рэчамі, проста ў лесе за пагранпунктам! Сяк-так людзі пачалі дамаўляцца і заказваць таксі, хтосьці тэлефанаваў сябрам», — адзначае Кацярына.

Са слоў дзяўчыны, прычынай спынення аўтобуса стала прэтэнзія памежнікаў да кіроўцы — той нібыта вёз кантрабанду. Хоць сам мужчына тлумачыў, што гэта стандартныя запчасткі на выпадак паломкі транспарту.

Яшчэ адна чытачка «Люстэрка» Вольга ў тую ноч забірала свайго мужа з мяжы: ён таксама ехаў гэтым рэйсам.

«Памежнікі сказалі, што ўнутры аўтобуса была кантрабанда, — пацвярджае яна словы Кацярыны. — Чаго менавіта, я не ведаю. Усяго было 56 пасажыраў, і, натуральна, усе абураліся. Цікавіліся, што рабіць. А людзей шмат, усе з рэчамі. У адказ ад начальніка змены пачулі толькі: маўляў, дабірайцеся самі, усе пытанні да перавозчыка. Кіроўцу аўтобуса пасажыры больш не бачылі».

Што сказалі ў кампаніі і на мяжы

У кампаніі PL Int «Люстэрку» расказалі, што такі інцыдэнт на мяжы сапраўды быў. Са слоў прадстаўніка перавозчыка, кіроўцу спынілі нібыта праз кантрабанду:

«Так, было такое затрыманне [аўтобуса]. У аўтобусе знайшлі нейкія рэчы, якія нельга было везці. Там былі запчасткі. Чаму праз гэта затрымалі … Незадэклараванае, атрымліваецца, было. З кіроўцам нічога [не здарылася], яго вярнулі назад. Потым ён зноў паехаў у Беларусь, і больш праблем ніякіх не было.

Такое з намі першы раз, але пасля гэтага інцыдэнту наступстваў ніякіх не было. У пасажыраў былі прэтэнзіі, але ўсё ўдалося вырашыць: вярнулі грошы».

Па каментар да прадстаўніка Смаргонскай памежнай групы звярнуліся журналісты блога «Людзі».

«Была такая сітуацыя. У дачыненні да грамадзян праведзены памежны кантроль, людзі перасеклі мяжу. Пасля прапановы ім дапамогі па пасадцы ў аўтобусы сказалі, што едуць самастойна.

З нагоды затрымкі аўтобуса звяртайцеся да супрацоўнікаў мытні, — параіў дзяжурны. — З боку памежнікаў людзям была прапанавана пасадка ў аўтобусы, якія ехалі праз дзяржаўную мяжу».

Атрымаць аператыўны каментар ад прадстаўніка мытнага кантролю ў пункце пропуску «Каменны Лог» у журналістаў блога не выйшла. 

Чытайце таксама:

Беларускія памежнікі абвінавацілі літоўскага калегу ў парушэнні мяжы. Літоўцы не пярэчаць

Вільня ці Варшава? Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў гэтых сталіцах

У Літве пражывае ўжо да 60 тысяч беларусаў. Але ва ўладаў краіны ёсць засцярога

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?