Генерал Сырскі і прэзідэнт Зяленскі. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Генерал Сырскі і прэзідэнт Зяленскі. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Знайдзіце імя Аляксандра Сырскага ў інтэрнэце — і вы ўбачыце, што яго называюць «самым паспяховым сёння генералам XXI стагоддзя». Гэта высокая планка, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Журналісты сустракаюцца з ім у сакрэтным месцы побач са спецыяльным «камандзірскім» аўтамабілем, на якім ён наведвае сваіх вайскоўцаў і сочыць за дынамікай баёў. Зверху на аўто стаіць магутны кулямёт. А ўнутры вялікі экран паказвае некалькі відэатрансляцый з поля бою.

Журналісты бачаць на экране парэзаныя снарадамі землі вакол Бахмута, дзе ўкраінцы спрабуюць ісці ў наступ. Адзін пытаецца ў генерала, ці хоча ён адваяваць горад? Сырскі ўсміхаецца і кажа: «Так, вядома. Спрабуем».

Але нават ён прызнае, што доўгачаканы наступ Украіны ідзе павольней, чым чакалася.

«Мы хацелі б атрымаць хуткія вынікі, — тлумачыць генерал. — Але гэта практычна немагчыма».

Паводле яго слоў, Расія добра акапалася, пабудавала абарончыя збудаванні і замініравала тэрыторыю. «Таму наша прасоўванне сапраўды ідзе не так хутка, як хацелася б», — кажа генерал.

Але, на думку Сырскага, Украіна мае адну відавочную перавагу.

«Адзінства ваеннага кіраўніцтва і давер салдат адзін да аднаго — моцны бок нашай арміі».

Гэта рэзка кантрастуе з расійскай вайсковай іерархіяй, якая, здаецца, пакутуе ад унутраных разладаў, а старэйшых афіцэраў адхіляюць ад камандавання.

Генерал Сырскі карыстаецца вялікай павагай у войску. Ён імпануе сваёй мэтанакіраванасцю, рашучасцю і хітрасцю, спіць усяго чатыры з паловай гадзіны ў суткі. Адзіная рэлаксацыя — гэта штодзённыя заняткі ў трэнажорнай зале.

Украіна заяўляе, што адбіла каля 30 квадратных кіламетраў тэрыторыі на поўдзень і поўнач ад Бахмута.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што расіяне хутка апынуцца ў пастцы ў Бахмуце. Але расійская артылерыя працягвае біць па ўкраінскіх пазіцыях усяго за тры кіламетры ад горада.

Салдат 57-й брыгады Аляксандр кажа, што сітуацыя «напружаная».

Ён паказвае на вялікую варонку ад расійскага снарада, які ўпаў усяго за некалькі метраў ад ягонага акопа. Неўзабаве журналістам таксама даводзіцца бегчы ў сховішча.

Далей, у глыбокім бункеры, камандзіры каардынуюць крокі па адваяванні Бахмута.

Два месяцы таму, калі журналісты былі тут апошні раз, Украіна губляла свае пазіцыі і была пад пагрозай акружэння. Цяпер усё змянілася.

Палкоўнік Аляксандр Бакулін, камандзір 57-й брыгады, кажа, што цяпер праблемы ў расіян.

Ён падкрэслівае, што не недаацэньвае праціўніка, — рэгулярныя расійскія войскі, з якімі ён цяпер мае справу, не падобныя да наймітаў ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, якім удалося захапіць горад у пачатку гэтага года.

Вагнераўцы, з ягоных слоў, «былі нязручным ворагам… Яны забівалі дзеля забойства».

«Калі мы прыкладзём намаганні, Бахмут можна акружыць», — кажа палкоўнік Бакулін. І дадае, што, насуперак агульнапрынятай ваеннай тэорыі, страты яго падраздзялення падчас наступу меншыя, чым падчас абароны горада.

Рух наперад, хоць ён і павольны, павышае баявы дух, таму «лягчэй пераносіць страты», як тлумачыць Бакулін.

Упершыню на Усходнім фронце колькасць украінскіх войскаў адпавядае колькасці расіян — каля 160 тысяч. Але ўкраінская артылерыя па-ранейшаму саступае ў колькасці расійскай.

Украінскія вайскоўцы актыўна ўжываюць 155-міліметровую гаўбіцу М777, якую Злучаныя Штаты перадалі УСУ

Украінскія вайскоўцы актыўна ўжываюць 155-міліметровую гаўбіцу М777, якую Злучаныя Штаты перадалі УСУ

Украіна ўжо атрымала касетныя бомбы, аб пастаўках якіх раней паведамляў прэзідэнт ЗША.

Ці паўплывае гэта на дынаміку баёў?

Палкоўнік Бакулін кажа, што касетныя бомбы неабходныя, каб «нанесці максімальную шкоду варожай пяхоце». «Чым больш пяхоты загіне тут, тым больш пытанняў будзе ў іх сваякоў да расійскага ўрада».

Але дадае: «Усе нашы праблемы на полі бою касетныя снарады не вырашаць».

Ён таксама прызнае, што гэта спрэчная зброя: «Калі б расіяне яе не ўжывалі, магчыма, сумленне і нам бы не дазволіла».

Генерал Сырскі пацвярджае, што амерыканскія касетныя боепрыпасы прыбылі ва Украіну і будуць гатовыя да выкарыстання цягам некалькіх дзён.

Журналісты таксама бачылі пастаўленыя ЗША гаўбіцы M777 на пазіцыях вакол Бахмута.

Па словах Сырскага, вяртанне горада будзе мець не толькі сімвалічнае значэнне. Бахмут таксама мае стратэгічнае значэнне як вароты ў іншыя ключавыя гарады рэгіёна.

«Нашы людзі чакаюць перамог. Ім патрэбныя хоць невялікія, але перамогі», — рэзюмуе генерал.

Клас
31
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
4